Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лазане ды Афінах пратэстаў ад Юрыя Сівакова не атрымлівалі


Юры Сьвірко, Менск У сталай штаб-кватэры Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) у Швайцарыі заявілі, што ніякіх пратэстаў ад афіцыйнага Менску або міністра спорту Юрыя Сівакова дагэтуль не атрымалі. Тое самае сказала прэсавая сакратарка МАК, якая знаходзіцца цяпер у Афінах.

У швайцарскай Лазане, дзе месьціцца штаб-кватэра МАК, заявілі, што ніякіх пратэстаў з боку Беларусі з нагоды справы спадара Сівакова сакратарыят МАК не атрымаў.

У Афінах, дзе цяпер знаходзіцца бальшыня супрацоўнікаў сакратарыяту, я зьвязаўся з прэсавай сакратаркай МАК Эмануэль Маро. На пытаньне, якую пазыцыю займае МАК у справе абвяшчэньня кіраўніка беларускай алімпійскай дэлегацыі пэрсонай нон грата ў Грэцыі ды ўсім Эўразьвязе, спадарыня Маро адказала:

(Маро: ) “Мы ня маем інфармацыі пра тое, што адбылося ў краіне. Мы спрабавалі знайсьці, але Міжнародны алімпійскі камітэт ня мае больш падрабязнай інфармацыі на гэтым этапе”.

Эмануэль Маро выказала думку, што пратэсты беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту і спадара Сівакова былі агучаныя толькі ў Менску, дзеля ўнутранага спажываньня, і ўвогуле не былі накіраваныя ў МАК. Аднак яна не выключае, што пратэсты пайшлі звычайнай поштай, якой МАК дакладна не атрымае да пачатку Алімпіяды.

Спадарыня Маро таксама заявіла мне, што я першы журналіст, які зьвярнуўся ў МАК з пытаньнем пра сытуацыю з кіраўніком беларускай дэлегацыі. Іншыя прадстаўнікі мас-мэдыя гэтым яшчэ не цікавіліся.

Але ці можа МАК паўплываць на рашэньне Эўразьвязу не пускаць беларускага міністра спорту ў Грэцыю? Вось што адказала на гэта прэсавая сакратарка Міжнароднага алімпійскага камітэту:

(Маро: ) “Мы ня маем такіх паўнамоцтваў. Калі чалавека затрымалі ў гэтай краіне, МАК ня можа нічога зрабіць з гэтым. Гэта цалкам па-за межамі нашай кампэтэнцыі”.

А ці ёсьць Юры Сівакоў адзінай пэрсонай нон грата сярод усіх сябраў алімпійскіх дэлегацыяў у Грэцыі? Ці былі яшчэ такія ж выпадкі, калі кагосьці не пусьцілі ў Афіны, спытаўся я ў Эмануэль Маро.

(Маро: ) “Я ня ведаю пра тое, ці былі яшчэ выпадкі такога кшталту”.
XS
SM
MD
LG