Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне па-беларуску: вернасьць, рэўнасьць, здрада ў сямейным жыцьці


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае пісьменьнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Фундамэнтальным атрыбутам старога як сьвет пачуцьця, каханьня, ёсьць жарсьць. Але каханьне пасьля таго, як яно ператворыцца ў шлюб закаханай пары, набывае іншыя аспэкты. Вернасьць, нявернасьць, рэўнасьць, здрада — экстрэмумы новага працягу жарсьці. Вернасьць і здрада — аснова другога сюжэту літаратуры, калі паверыць Борхесу. “Рэўнасьць — пачвара зь зялёнымі вачыма”, — казаў Шэксьпір, але на гэтай пачвары трымаюцца фабулы вялікіх Шэксьпіравых камэдыяў і трагедыяў. А ці вернасьць і здрада таксама маюць свае беларускія мадэлі?”

(Пятро Васючэнка: ) “Мяркую, што паколькі ёсьць міталягемы й ідэалягемы жарсьці, павінны існаваць і міталягемы іншых экстрэмумаў — вернасьці, рэўнасьці, здрады”.

(Ракіцкі: ) “Калі разважаць пра гэты ланцуг — вернасьць, рэўнасьць, здрада, з чаго ж пачынаць?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што варта пачаць з горшага, як рабіў гэта вялікі Дантэ. Інакш кажучы, са здрады і рэўнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Калі разважаць па-беларуску, у народзе ці істотнай заганай лічылася нявернасьць у каханьні?”

(Васючэнка: ) “Зноў жа, у беларускай сям’і пераважала прагматыка: наколькі здрада шкодзіла фізычнаму і духоўнаму здароўю сям’і? Паказальна, што ў беларускім фальклёры бальшыня сюжэтаў, зьвязаных са здрадаю, распавядае пра няверных жонак. Чаму так? Мо, таму, што яны ёсьць носьбітамі першароднага граху Эвы? Мяркую, што ня толькі. Хутчэй таму, што жанчыны зьяўляюцца асноваю сям’і, і калі здраджвае яна, то гэта шкодзіць сям’і больш”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі больш жорсткімі ў параўнаньні зь іншымі народамі былі ў беларусаў сродкі помсты за здраду? Шэраг народаў мае вельмі брутальныя спосабы расправы са здрадніцамі”.

(Васючэнка: ) “Спосабы ўтаймаваньня здрадніцаў у беларусаў даволі гуманістычныя. Адзін з такіх старадаўніх спосабаў — папруга, альбо дзяга. Узгадайма п’есу Ўладзіслава Галубка “Пісаравы імяніны”. Там муж, які прытаіўся дома і падсьцярог жончыну здраду, адлупцаваў і жонку, і ейнага каханка папругаю, прымаўляючы: “Жонцы — раз, дзяку — два, уха-ўха-ўхаха!”

(Ракіцкі: ) “Але ж затым наступалі замірэньні…”

(Васючэнка: ) “Паколькі шлюб быў царкоўным, паколькі сям’я была патрыярхальнай (галоўная мараль: сям’я — перадусім), дводзілася, сьцяўшы зубы мірыцца”.

(Ракіцкі: ) “Вы падкрэсьлілі царкоўны аспэкт шлюбу. Значыць, яны мірыліся, а пакараньня чакалі на тым сьвеце?”

(Васючэнка: ) “Сапраўды, у народным уяўленьні існавала меркаваньне, што распусьнікі будуць пакараныя на тым сьвеце, і пакутаваць будуць тыя месцы, якімі грашылі пры жыцьці здраднікі й здрадніцы. Гэта добра адлюстраваў Францішак Багушэвіч у вершаваным апавяданьні “Быў у чысцы”. Там, прыкладам, грэшнік падвешаны за геніталіі”.

(Ракіцкі: ) “Гэта літаратура. Але рэлігійны ідэал не заўсёды знаходзіць пацьверджаньне ў рэальным жыцьці. І пра што нам з гэтага гледзішча гаворыць гістарычны досьвед?”

(Васючэнка: ) “Гістарычны досьвед таксама падае прыклады сямейнай здрады альбо нявернасьці. Паказальная тут гісторыя Рагнеды і Ўладзімера, які завёў сабе сотні каханак і гэтым уквяліў Рагнеду. Хведар Еўлашэўскі ў сваіх хроніках таскама распавядае пра маладзіцу, якая аддавалася цмоку, ператворанаму ў чалавека”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, вы зноў у міталёгію, літаратуру. Але ў дадзены момант мне цікава, як дзяржава ўсталёўвала адказнасьць за сямейную нявернасьць?”

(Васючэнка: ) “Дыярыюш Хведара Еўлашэўскага — гэта сапраўды перадусім мастацкі дакумэнт. Ён сьведчыць пра тое, што сямейныя здрады здараліся на кожным кроку. А дзеля гэтага ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага гэтай праблеме быў прысьвечаны цэлы артыкул: артыкул 30 14-га разьдзелу, у якім сямейная здрада называецца сакавітым словам “чужалоства”. Статут адназначна асуджаў чужалоства як зьяву, варожую сям’і, якая гневіць Бога, і прадугледжваў пакараньне за яго. Але рэальна пакараць здрадніцу быдо цяжка. Караліся, дарэчы, здрадлівая жонка і ейны каханак. Пра здраду мужа і пакараньне за яго ў Статуце нічога не было сказана. Трэба было абавязкова засьпець жонку і ейнага каханка на месцы злачынства, засьпець пажадана са сьведкамі. Але на гэта далёка ня кожны муж мог пайсьці. Пакараньню папярэднічала даволі складаная бюракратычная працэдура, але завяршалася гэтае пакараньне сурова — сьмерцю. Але такіх пакараньняў было няшмат, і мы разумеем, чаму”.

(Ракіцкі: ) “І яшчэ невядома, ці дачакаецца здраднік пакараньня з боку дзяржавы. Значыць. Самі людзі, народ выпрацоўвалі ўласныя сродкі помсты. Якой жа была помста за здраду па-беларуску?”

(Васючэнка: ) “Сапраўды, людзі выпрацавалі фізычныя спосабы пакараньня за здраду. Гэтак Рагнеда, калі ёй здрадзіў Уладзімер, замахнулася на яго зброяй, сказаўшы: “Мала таго, што загубіў бацьку, братоў, дык яшчэ і мяне ня любіш!” Пагрозы, якімі беларускія мужчыны і жанчыны абменьваліся за здраду, былі досыць суровыя, але часьцей завяршаліся нічым. Толькі Лявон Бушмар — літаратурны герой Кузьмы Чорнага — забівае, прыбірае сваіх супернікаў”.

(Ракіцкі: ) “Тут мы можам прыгадаць ужо сучасны верш Славаміра Адамовіча, дзе ідзе гаворка пра жорсткае пакараньне здрадніцы:

Калі ты здрадзіш мне аднойчы, Ад гэтай здрады атрымаўшы Так много-многа асалоды; Калі ты прыйдзеш, пераспаўшы, Калі суцішыш свае воды З тым, іншым, мне зусім ня братам, З тым чорным, белым, жоўтым фатам; Калі ты прыйдзеш ці ня прыйдзеш; Калі, ўнікаючы сустрэчаў, Ты панавацьмеш у сябровак, Альбо ў сяброў, або ў прылеску, Альбо ў пясках зімнога мора, — Я не павешуся ад гора, Як, зрэшты, і не расьсьмяюся, Я не пайду і не ўтаплюся, — Я ўспомню, дзе ляжаць набоі”.

(Васючэнка: ) “Мне ўсё ж падаецца, што ў жыцьці беларусы не дапушчалі жорсткай помсты за здраду, пагрозы насілі хутчэй прэвэнтыўны характар дзеля захаваньня міру. Урэшце, такія сваркі завяршаліся замірэньнямі”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што здрада ў беларускай сям’і пэўным чынам ураўнаважвалася сямейнай вернасьцю?”

(Васючэнка: ) “У беларускай гісторыі, фальклёры, літаратуры ёсьць шмат прыкладаў кранальнай сямейнай вернасьці. Прыкладам, сям’я Дуніна-Марцінкевіча. Гісторыя ягонага каханьня была рамантычнай. Ён пайшоў насуперак волі бацькі сваёй каханай Юзэфы Бараноўскай, ажаніўшыся зь ёю бяз згоды бацькі. Сям’я вяла патрыярхальны лад жыцьця ў вёсцы Люцінка, і плёнам гэтага шчасьлівага шлюбу было нараджэньне чатырох дачок і сына. Дзеці шмат у чым захавалі характар і здольнасьці бацькі”.

(Ракіцкі: ) “Ідылія… Але мне згадаўся і іншы прыклад, зусім адваротны — сям’я Сыракомлі”.

(Васючэнка: ) “Згодзен. У рэальным жыцьці ідыліі сустракаліся радзей, чым складаныя спосабы існаваньня сямей. Прыклад Сыракомляў істотны. Працяглы час гэты шляхціч вёў ідылічны лад жыцьця ў вёсцы разам са сваёю жонкаю, якая пайшла за яго ў досыць юным узросьце. Але пад старасьць у ім закіпела жарсьць да акторкі, жонкі вядомага беларусазнаўцы, гісторыка Адама Кіркора. Жарсьць паспрыяла заўчаснай сьмерці Ўладзіслава Сыракомлі”.

(Ракіцкі: ) “А хто болей выяўляў самаахвярнасьць у сямейным жыцьці — мужчына або жанчына?”

(Васючэнка: ) “Мы можам знайсьці прыклады мужчынскай ахвярнасьці ў рамантычнай аповесьці Васіля Быкава “Альпійская баляда”. Беларус Іван Цярэшка ахвяруе сваім жыцьцём дзеля ўратаваньня італьянкі Джуліі. Але прыкладаў жаночай самаахвярнасьці значна больш. Прыгадайма лёс Францішкі Ўршулі Радзівіл, якой не заўсёды камфортна жылося замужам за адным з Радзівілаў, якая стаічна пераносіла здрады мужа і несла свой цяжкі крыж у шлюбе. Ёй было вельмі няпроста. Біёграфы нават дакладна падлічвалі колькасьць выкідышаў і родаў, што здарыліся на жыцьцёвым шляху гэтай жанчыны. Яны налічылі ад 26 да 29 такіх выпадкаў.

Гісторыя захавала і іншы, кранальны, нават сьлязьлівы, паэтычны прыклад жаночай самаахвярнасьці. Гэта гісторыя Юліяны Вітан-Дубейкаўскай, якая кахала сьмяротна хворага Івана Луцкевіча. Па-сутнасьці, ён памёр у яе на руках”.

(Ракіцкі: ) “Вы асабліва падкрэсьліваеце самаахвярнасьць у каханьні і сямейным жыцьці жанчын. Натуральна, мужчыны гэта цанілі. Але чаму беларускія пісьменьнікі так мала прысьвяцілі сваіх твораў жанчынам — і каханым, і жонкам?”

(Васючэнка: ) “Нагадаю, што Беларусь заўсёды лічылася жаночай нацыяй, і прыярытэт у пасіянарнасьці заўсёды належаў жанчынам. І колькасьць прысьвячэньняў беларускіх літаратараў жанчынам пра гэта сьведчыць. Я ведаю толькі адзін яркі прыклад, калі пісьменьнік прысьвяціў свой твор жонцы. Гэта раман Уладзімера Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, у эпіграфе да якога прысьвячэньне “В.К.”, жонцы Валянціне. Але як выкананьне абяцаньня, якога жонка чакала ажно дзесяць гадоў. Беларускія пісьменьнікі часьцей прысьвячалі свае творы сябрам, як Максім Багдановіч прысьвячаў Сяргею Палуяну, бацькам, іншым асобам”.

(Ракіцкі: ) “А як часта станавіліся сямейныя радасьці тэмай твораў беларускіх пісьменьнікаў?”

(Васючэнка: ) “Такіх твораў шмат. Ад “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча да “Новай зямлі” Якуба Коласа і аж да твораў Івана Шамякіна. Але характэрна наступнае: аўтары апісваюць ня столькі ідылію сямейнага жыцьця, колькі разлом, вельмі часта ў гэтых творах ідылія зьмяняецца трывогай і няўпэўненасьцю”.

(Ракіцкі: ) “Калі я слушна зразумеў вас, спадар Васючэнка, то сямейная вернасьць і здрада ў беларусаў знаходзяцца ў стане хісткае раўнавагі. А што рабіць, каб яна не была такой хісткай?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што вось гэтая хісткасьць ёсьць псыхалягічным фэномэнам. Трэба народную псыхалёгію настройваць на стварэньне шчасьлівай, заможнай, камфортнай сям’і. Трэба ствараць культ сям’і, перадусім у літаратурных творах, альбо экранізоўваць тыя літаратурныя творы, у якіх гэты культ ужо створаны, альбо ствараць сэрыялы, у якіх паказваецца шчасьлівае жыцьцё беларускай сям’і ў замку, сядзібе альбо ў сучаснай гарадзкой кватэры”.

(Ракіцкі: ) “Гэта значыць, ствараць новы міт сям’і як фудамэнтальнай каштоўнасьці?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што гэты міт ужо створаны ва ўсясьветнай цывілізацыі. Адно ён патрабуе абнаўленьня, мадэрнізацыі ў 21 стагодзьдзі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG