Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзяржаўных ТВ-каналах пачалася прапагандысцкая кампанія супраць апазыцыі


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія ўлады ў перадвыбарчай кампаніі выкарыстоўваюць так званы “адміністрацыйны рэсурс”. На дзяржаўных каналах тэлебачаньня пачалася прапагандысцкая кампанія, скіраваная супраць апазыцыі. Вэртыкаль рыхтуе сьпісы сваіх кандыдатаў ды супрацьдзейнічае ініцыятыўным групам ад апазыцыі.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая сёньня завяршае сэрыю сэмінараў з прадстаўнікамі акруговых камісіяў у абласных цэнтрах, фактычна пераказвае ім пажаданьні Аляксандра Лукашэнкі. У Берасьці спадарыня Ярмошына заявіла, што “падчас цяперашніх выбараў шараговы выбарац будзе галасаваць за стабільнасьць”. Спадарыня Ярмошына выказала таксама спадзеў, што выбары ў абсалютнай большасьці акругаў адбудуцца ўжо ў першым туры, і што там будзе большае прадстаўніцтва жанчын.

Пасьля публікацыі сьпісаў сябраў толькі што сфармаваных акруговых камісіяў, дзе прадстаўнікі апазыцыйных партыяў складаюць толькі 2,1%, кіраўнік перадвыбарчага штабу ПКБ Валеры Ўхналёў зрабіў наступную выснову:

(Ухналёў: ) “Практычна ўсе яны — прадстаўнікі ўлады: альбо выканкаму, альбо ад мясцовага савету, ад аддзелаў выканкаму і ад прадпрыемстваў, якія таксама застаюцца ў падпарадкаваньні выканкамаў: аддзелу адукацыі, дзяржстраху і г.д. Гэта відаць, вазьміце склад любой камісіі, ну вось, напрыклад, Вялейскай: практычна ва ўсіх камісіях — прадстаўнікі ўладаў”.

Валеры Ўхналёў мае дакладную інфармацыю пра існаваньне сьпісаў кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў ад вэртыкалі, якім улады будуць аддаваць перавагу. Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па адной зь менскіх акругаў Валянціна Сьвяцкая паведаміла пра наступны выпадак, які пацьвярджае інфармацыю спадара Ўхналёва:

(Сьвяцкая: ) “Мой былы калега па камсамольскай працы паведаміў пра такі выпадак, які адбыўся ў Баранавічах. Ягоны сябра паспрабаваў вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але калі зьвярнуўся да мясцовай вэртыкалі, яму адмовілі, сказалі: прабачце, але вы ўжо спазьніліся, таму што сьпіс зацьверджаны і перададзены вышэй”.

Валянціна Сьвяцкая пачынае кампанію збору подпісаў выбарцаў і кажа, што сябры яе ініцыятыўнай групы сутыкнуліся зь нечаканай перашкодай у менскім мікрараёне Малінаўка: на дзьвярах пад’ездаў шматкватэрных дамоў цяпер тэрмінова мяняюць кодавыя замкі, і патрапіць да выбаршчыкаў стане цяжэй. Сябры іншых ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў ужо адчуваюць на сабе ціск уладаў, — паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу АГП Сяргей Альфер. Пагрозамі прадстаўнікі ўладаў прымушаюць іх адмовіцца ад удзелу ў выбарах сябраў выбарчых групаў, што дае падставы не рэгістраваць гэтых групаў. Усё гэта перашкаджае нармальнай перадвыбарчай працы апазыцыі, хоць ня стала пакуль масавай зьявай і датычыць толькі асобных рэгіёнаў, — паведаміў спадар Альфер.

Тым часам афіцыйныя СМІ пачалі агітацыю за “стабільнасьць” і кампанію дыскрэдытацыі апазыцыі. Першы канал Беларускага тэлебачаньня ў мінулы панядзелак паказаў відэафільм пра апазыцыю пад назвай “Сейбіты хаосу”.

Пра актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі заяўляюць прапрэзыдэнцкія сілы: БРСМ, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. ФПБ для гэтага стварыла адмысловую Каардынацыйную раду. Яна заяўляе, што падтрымае праўладных кандыдатаў ва ўсіх 110 акругах і будзе імкнуцца стварыць у парлямэнце сваю фракцыю колькасьцю ня меней як 10% складу Палаты прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG