Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці хацелі бы вы, каб вашыя дзеці вучыліся ў недзяржаўных ВНУ?


Галіна Абакунчык, Менск Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — пятая недзяржаўная навучальная ўстанова, якую Міністэрства адукацыі зачыніла цягам гэтага году. Некалькі месяцаў таму з розных прычынаў не прайшлі пераліцэнзаваньня Беларускі камэрцыйны інстытут эканомікі й кіраваньня, Менскі прыватны тэхнікум эканомікі, прыватныя тэхнікумы эканомікі й права ў Кобрыне і Ваўкавыску. Ці хацелі б вы, каб вашыя дзеці вучыліся ў недзяржаўных ВНУ? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

Меркаваньні мінакоў на вуліцах гораду адносна магчымасьці навучаньня дзяцей у недзяржаўных вышэйшых навучальных установах былі такія:

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, дзе даюць лепшыя веды, вось якая рэч. Хочацца ўжо калі плаціць, то каб чалавек веды нейкія атрымліваў”.

(Карэспадэнтка: ) “Ці хацелі бы вы, каб вашыя дзеці вучыліся ў недзяржаўных ВНУ?”

(Спадар: ) “А вы спыталіся, ці магчыма гэта? Усе недзяржаўныя ўстановы — платныя. Калі чалавек мае галаву, то ён і ў дзяржаўны ВНУ паступіць. А за грошы дыплём і ў пераходзе зможа набыць”.

(Спадар: ) “А я скажу, што мая дачка ўжо адвучылася ў камэрцыйным ВНУ і задаволеная. Бакаляўра яна атрымала”.

(Спадарыня: ) “Пэўна, усё роўна, галоўнае, каб адукацыя была добрая”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, можа старая звычка ў нас, але лепш, каб вучыліся ў дзяржаўных”.

(Карэспадэнтка: ) “Ці хацелі бы вы, каб вашыя дзеці вучыліся ў недзяржаўных ВНУ?”

(Спадарыня: ) “Ня вельмі, бо ты атрымліваеш дыплём, а потым цябе ня хочуць браць на працу”.

(Спадар: ) “Стаўленьне дзяржавы да гэтых установаў ня вельмі зразумелае. А так — канечне, можна было б і выкладчыкаў добрых знайсьці, усё было бы добра. Патрэбная і гэтая форма адукацыі”.

(Спадарыня: ) “У недзяржаўных ВНУ? Пэўна, хацела бы, каб дазвалялі фінансы. Калі фінансы не дазволяць, то паспрабуем вучыцца ў дзяржаўных. У недзяржаўных ВНУ фінансавы фактар мае станоўчую ролю ў тым сэнсе, што калі чалавек ідзе на гэта сьвядома, то і адносіны да атрыманьня адукацыі там зусім іншыя”.

(Спадарыня: ) “Няма такой магчымасьці, каб мае ўнукі — бо дзеці вырасьлі — навучаліся ў недзяржаўных ВНУ. Бо няма грошай, вось і ўсё”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, дзе будзе лепшая адукацыя, але я ня супраць. Галоўнае, каб дзіця было адукаванае”.

Варта адзначыць, што ніводзін з апытаных сёньня мінакоў ня выказаў катэгарычнай незадаволенасьці з нагоды існаваньня ў краіне недзяржаўных ВНУ.
XS
SM
MD
LG