Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine” пра Сівакова: “Больш за палітычныя ігрышчы”


Ул. інф. Юры Сівакоў — герой артыкулаў такіх уплывовых нямецкіх выданьняў як “Frankfurter Allgemeine”, “Focus”, “Handelsblatt”, “Tagesspiegel”. Газэты зьмяшчаюць фота беларускага міністра спорту ды цытуюць заявы афіцыйнага Менску, што “Алімпійскія гульні выкарыстоўваюцца Эўразьвязам у якасьці арэны для палітычных гульбішчаў”. Маскоўскі карэспандэнт “Frankfurter Allgemeine” Маркус Вэнэр, які адным зь першых заходніх журналістаў паведаміў пра гэтак званы “эскадрон сьмерці” ў Беларусі, назваў свой артыкул “Больш за палітычныя ігрышчы”.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, ні Афіны, ні ЭЗ не жадаюць бачыць на Алімпійскіх гульнях міністра, які паводле вельмі абгрунтаваных падазрэньняў мог мець дачыненьне да зьнікненьня людзей. У зьвязку з падобнай заявай у Менску, дзе Аляксандар Лукашэнка (сам вялікі аматар спорту) патрабуе ад сваёй нацыянальнай зборнай 25 алімпійскіх мэдалёў, вельмі разгубіліся. Як вынікае з заявы беларускага МЗС, беларускія ўлады з абурэньнем разглядаюць спробы Эўразьвязам выкарыстаць Алімпіяду ў якасьці “палітычных ігрышчаў”. Нацыянальны Алімпійскі камітэт Беларусі, які ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка, сьцьвярджае пра раскол алімпійскага руху.

Грэцыя, аднак, не зьбіраецца мяняць рашэньня. Нават у тым выпадку, калі Юры Сівакоў прыедзе ў краіну, яго спыняць на памежным кантролі. Падставай для гэтага ёсьць справаздача адмысловай Камісіі ПАРЭ на чале з Хрыстасам Пургурыдэсам.

“Абвінавачаньні супраць Сівакова вельмі важкія, — піша “Frankfurter Allgemeine” і працягвае: — міністра небеспадстаўна падазраюць у стварэньні эскадрону сьмерці”. Паводле зноў жа небеспадстаўных падазрэньняў, гэтае фармаваньне мела дачыненьне да выкраданьня, а потым і да забойства колішняга міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, 47-гадовага генэрала, які выступаў супраць Лукашэнкі й зьбіраўся стварыць альтэрнатыўны зьвяз афіцэраў. Яшчэ праз чатыры месяцы зьніклі харызматычны апазыцыйны лідэр Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Паводле некаторых зьвестак, узначальваць эскадрон сьмерці мог палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка. У лістападзе 2000 году ён, паводле загаду тагачаснага генпракурора Алега Бажэлкі, быў арыштаваны. Вядома, што ў часе допытаў былі атрыманыя паказаньні наконт расстрэлу апазыцыйных палітыкаў. У тым ліку і сьведчаньні адносна зброі забойства — пісталета, які выкарыстоўваецца толькі ў мэтах афіцыйнага сьмяротнага пакараньня. Гэты пісталет, які быў на захоўваньні ў палкоўніка Алега Алкаева, паводле сьведчаньняў самога Алкаева, выказаных карэспандэнту “Frankfurter Allgemeine”, двойчы выдаваўся ім на патрабаваньне генэрала Сівакова. Час выдачы зброі й забойства апазыцыянэраў супадаюць.

Як піша далей “Frankfurter Allgemeine”, спасылаючыся на іншых сьведкаў, якія знаходзяцца ў ЗША, эскадрон сьмерці спачатку трэніраваўся ў сваіх забойствах на “аўтарытэтах” крымінальнага сьвету. Усяго магло быць забіта каля трыццаці чалавек. Разам зь Сіваковым у дачыненьні да забойстваў падазраваўся і сакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман.

Пры канцы свайго артыкулу нямецкі журналіст Маркус Вэнэр прыводзіць далейшую храналёгію падзеяў. У 2000 годзе загадам Лукашэнкі быў зьняты з пасады генпракурор Бажэлка і вызвалены з-пад арышту Паўлічэнка. Што да Шэймана, то Лукашэнка прызначыў яго генэральным пракурорам. А Сівакоў неўзабаве стаў міністрам спорту і турызму, — піша “Frankfurter Allgemeine”. Тым часам інтэрнэт-выданьне “Netzzeitung” паведамляе, што, паводле плянаў Эўразьвязу, для Сівакова ды іншых кіраўнікоў беларускай дзяржавы як для пэрсонаў нон грата ад пачатку верасьня будуць зачыненыя межы ўсіх 25 краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG