Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей калгасу


Сяргей Дубавец, Вільня Сёньняшняя тэма – 75-я ўгодкі з дня, калі БССР стала “зонай суцэльнай калектывізацыі”. Такой зонай Беларусь застаецца і сёньня, выбіраючы сабе адпаведнае начальства. Чаму?

Сёлета ў жніўні, а менавіта 28-га дня, мы адзначым юбілей ці ня самай вызначальнай зьявы беларускай гісторыі і сучаснасьці. Гаворка ідзе пра калгас. Пра 75-я ўгодкі “дня калектывізацыі”, калі толькі за адзін гэты дзень у БССР было створана паўтары сотні так званых калектыўных гаспадарак.

Кажу “так званых”, бо насамрэч гэта быў рашучы і безаглядны пералом хрыбта беларускае нацыі – за адзін дзень і на ўсё наступнае жыцьцё. На ўсё наступнае – прынамсі, і наша з вамі жыцьцё таксама – калгас стаў таўром беларуса, ён ахапіў сабою ня толькі вёску, але і горад, ня толькі палеткі, але й унівэрсытэцкія катэдры, заняў сабою ня толькі рукі, але й розум і душы ўсіх без выключэньня.

Сутнасьць калектывізацыі заключалася зусім ня ў тым, каб сабраць сход, прагаласаваць і паставіць подпісы. Сутнасьць была ў іншым – у гіганцкай паводле маштабаў, імгненнай паводле тэрмінаў і беспрэцэдэнтнай у гісторыі сэлекцыі народу. Усе да аднаго зь ліку тых, хто мог сказаць “не”, хто працаваў на сваю ўласную сям’ю і хацеў нешта мець, нешта прымножыць, словам, хто жыў сваім розумам, усе гэтыя былі арыштаваныя, расстраляныя або высланыя ў Сыбір ці на Поўнач.

На некалькі пакаленьняў калгас радыкальна зьмяніў аблічча беларускае нацыі. І калі прыйшоў час, і ўсе нашыя суседзі рашуча выйшлі з калгасу, мы выбралі сабе такога прэзыдэнта, які б затрымаў гісторыю, каб яшчэ хоць крыху можна было падыхаць паветрам бестурботнага і безмаетнага калгаснага жыцьця.

Зраблю тут караценькую гістарычную даведку. Першыя калгасы ў БССР былі створаныя яшчэ ў 1919 годзе. Гэта ад пачатку былі не эканамічна, а палітычна матываваныя ўтварэньні – камуны, якія часьцяком зараз жа і распадаліся. І тады, у часы адноснага савецкага развальненьня, кіраўнікі Беларусі ўзялі курс на хутарызацыю. Пасьля іх усіх, на чале з аўтарам ідэі Зьмітром Прышчэпавым, расстраляюць, фэрмэрства будзе абылганае на ўсе наступныя часы, а расьсяленьне на хутары назавуць практыкай шкоднай, якая прывяла ледзьве не да галадамору сялянства.

Аднак насамрэч усё выглядала роўна наадварот. На тое ёсьць лічбы, статыстыка. Хутарызацыю згарнулі ў 1927-м. На гэты момант 65 працэнтаў хутаран складалі сераднякі, тады як у калгасах амаль 70 працэнтаў была галыцьба. Пры гэтым валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі больш чым на 12 працэнтаў перавышала славуты 1913 год. Беларусь упэўнена ішла фэрмэрскім шляхам разьвіцьця сельскае гаспадаркі. Здавалася б, навошта гэткі парадак мяняць?

Але ў савецкія часы эканамічную мэтазгоднасьць ніколі ня ставілі на першае месца. Калі дзесьці ўтваралася дзірка, яе латалі коштам такіх чыньнікаў, як чалавечы рэсурс, крывёю і потам, ня кажучы ўжо пра такія эфэмэрныя рэчы, як правы чалавека. Словам, партыі захацелася індустрыялізацыі, а сродкі на гэта было вырашана ўзяць у вёскі. Сялянам-хутаранцам давалі фіксаваныя заніжаныя кошты на прадукцыю. Тыя, натуральна, супраціўляліся. Як на сёньняшні лад, патрабавалася тонкая схема кампрамісаў. Але прысланы з Масквы на два гады першы сакратар ЦК КПБ зь дзіўным прозьвішчам Гей, атрымаў у Крамлі санкцыю з фэрмэрамі не міндальнічаць і абвясьціў Беларусь зонай суцэльнай калектывізацыі.

Было гэта ў 1929 годзе. Галоўнымі фігурантамі калектывізацыі сталі не сяляне і нават не партыйныя начальнікі, а чэкісты. Праз чатыры гады яны давялі колькасьць калгасаў да 70 працэнтаў. Вось калі ў СССР, асабліва ва Ўкраіне, пачаўся галадамор, які захапіў і наша Палесьсе.

На гэтым я спыню кароткі гістарычны экскурс і прапаную Вам паслухаць сюжэт пра настальгію аб калгасным жыцьці – адкуль яна ў нашых сучасьнікаў? Прычыны гэтай настальгіі шукаў у вёсцы Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) “Гэтым летам мы зь сям’ёю вырашылі жыць на вёсцы. У старой сялянскай хаце жончыных продкаў. Невялікая вёска Канюцічы знаходзіцца блізу Слуцкай шашы, усяго ў пяці кілямэтрах ад Менскай кальцавой дарогі. Такая блізкасьць да сталіцы няўхільна зьмяняе спрадвечны лад жыцьця і сам выгляд. За апошнія гады зьнесеная ледзь не траціна старых хат. А на іх месцы паўстаюць цагляныя трохпавярховыя вілы. У мясцовым калгасе працуюць людзі, горача закаханыя ў сельскую гаспадарку. Бо інакш растлумачыць працу за грашы я не магу. Большасьць жа жыхароў паводле працы – даўно гараджане.

Аднойчы я вырашыў зрабіць сабе кабінэт. З колішняй, загрувашчанай усялякім хлудам кладоўкі. І вось сярод абломкаў старой мэблі ды пашматаных часам кілімаў я выцягнуў на сьвет Божы цэлы скарб. Своеасаблівае культурнае прывітаньне ад папярэднікаў. Не, гэта не былі падшыўкі “Вожыка” за 48-мы год, гэта не былі школьныя беларускамоўныя сшыткі 50-х. Гэта не былі “Ганаровыя граматы” ад сельсавету. Пасланьнем ад продкаў была старая радыёла з адной-адзінай кружэлкай. Называлася кружэлка “Задорные частушки”.

Я радваўся знаходцы, нібы рыбак, які выцягнуў з мора бутэльку з цыдулкай на незнаёмай мове. На маё захапленьне, праз колькі хвілін награваньня даўно астылых радыёлямпаў, мёртвае вока радыёлы ажыло зялёным колерам. І дыск скрануўся зь месца. Спачатку цяжка, а пасьля ўсё хутчэй набіраючы свае 78 абаротаў.

“С каждым днем живем счастливей В нашем солнечном краю. Лейтесь песни над Россией Славьте Родину свою”.

Паступова радасьць знаходкі зьмянялася зьдзіўленьнем. Нехта ж некалі слухаў такое з задавальненьнем. Па некалькі разоў. У рэдкія часы адхланьня пасьля сялянскае працы? На вясельлі? На новы год? Не з тугі ж па Расеі, якую гаспадары радыёлы, я ведаю дакладна, ніколі ў вочы ня бачылі.

“Лейтесь песни – наша сила Поднимайтесь до небес. Делегаты всего мира К нам прибыли на конгресс”.

У тыя далёкія часы, каб набыць гэты дыск, трэба было паехаць у горад. У аддзеле культтавараў выбраць менавіта яго. Заплаціць. Каб пасьля ўключаць і… што? Адыходзіць душой?.. Зрэшты, ці ня тут хаваецца сэнс гэтага дзіўнага пасланьня з самай сярэдзіны ХХ стагодзьдзя? Каб мы хаця б на сэкунду ўявілі сабе тую “радасьць”. Імя якой “калгас”.

“Нет, не даром потрудился Весь народ наш, богатырь. Удивило, покорило Чудо русское весь мир”.

Жывучы гэтым летам у вёсцы, бачачы штодня калгасныя палеткі ды руіны калісьці недабудаванай фэрмы, вітаючыся са старажыламі, я абсалютна нічога ня ведаю пра тое жыцьцё, якім яны жылі яшчэ зусім нядаўна. І якое спрабуюць вярнуць на кожных выбарах. Што там было добрага ў тым, невядомым мне, калгасным сьвеце? З такім пытаньнем вырашыў я прайсьці па Канюцічах. І адказы мяне ўразілі яшчэ больш за “Задорныя частушкі”.

(Стары: ) “Піўная была звычайная, забягалаўка. Называлася “Голубой Дунай”. Яна блакітным колерам пафарбаваная была. З дошак зьбітая. Прадавалі піва на разьліў, бочкавае. Віно, гарэлку. Ну, закуска якая там была… Сыркі, пячэньне, цукеркі”.

(Карэспандэнт: ) “Не пуставала?”

(Стары: ) “Не, не пуставала. Асабліва пасьля працы вечарам, як прыяжджаеш з работы. Там кампанія за кампаніяй сядзяць, у кожнага свая кампанія. Піва і гарэлка. На разьліў у доўг давалі, на “чорную кніжку” запісвалі. Грошай няма, дык запісвалі на “чорную кніжку”. А пасьля з палучкі разьлічваесься.... А моладзь зьбягала. Хто ў вучылішча, хто на завод. Не давалі ж пашпарта. Рознымі шляхамі даставалі дакумэнты. На каленках стаялі прасілі, каб пашпарт… А бяз пашпарта ж на працу ня возьмуць. Ніякіх дакумэнтаў не было ў людзей у той час. Якія дакумэнты!.. Грошай у калгасе не плацілі, толькі “трудадні”. Ставілі “палачкі”. Пасьля напрыканцы году бульбы прывязуць. Зярна трохі давалі. Грошай не было. Тры капейкі плацілі за “трудадзень”. Дзень ты працуеш, калі “трудадзень” зарабіў, значыць, тры капейкі... Людзі працавалі дарам. І ніхто ня хныкаў, нічога. Песьні хадзілі сьпявалі, весела было. Пачынаюць жаць жыта, называецца Зажынкі. Усё гэта на канях на полі, са жняяркай. Яды з сабой, гарэлка. На полі сядаюць, прайшлі кола, зажалі. Ужо сьвята. Дадому зь песьнямі. Ніхто пра грошы зусім не ўспамінаў. Цяпер ня весела ў калгасе, цяпер ідуць на работу, як на катаргу. Каб толькі плацілі грошы. А тады пра грошы ніхто не ўспамінаў. Людзі вясёлыя былі. Адносіны ў людзей былі іншыя. Цяпер як зьвяры. Цяпер бы зьелі адзін аднаго. А тады ўсе ў беднаце жылі, багатых не было, палацаў не будавалі. Была якая хацёнка, так і жылі”.

“Расцвели фиалки, астры, Я на Кубу их пошлю. Славим мы Фиделя Кастро Славим мы его страну”.

(Марыя: ) “Сьпявалі пастаянна. Ішлі на сенакос – самыя лепшыя сукенкі, і толькі зь песьнямі. Туды і назад. І жніво калі сканчаецца, абавязкова адзначалі. Вянкі плялі з жыта. З кветкамі. А потым замачвалі гэта ўсё. Тыдзень гулялі. Самагонкай”.

(Зінаіда: ) “Цяпер таго ж няма, як раней было. І сабіраліся, і кіны прывозілі. Весяліліся. І на вуліцы гулялі, і на лавачках сядзелі, і бабы сьпявалі. За жняяркамі сьпявалі. Народ жыў, можна сказаць, што весяліўся. Сам сябе весяліў. А цяпер жа не весяліць. Цяпер жа яны патухлі, гэтыя людзі. Хаця багацейшыя сталі. Але ж яны ня ведаюць, як яны жывуць на гэтым сьвеце”.

(Бартосік: ) “Цікава, на колькі б мяне хапіла, апыніся я, сёньняшні, у тым, іхным сьвеце. З рабскаю працай за тры капейкі ў дзень, зь немагчымасьцю здабыць пашпарт, каб зьбегчы “на волю”, з пастаянным страхам перад любым, самым занюханым сельсаветаўскім начальнічкам, зь бясконцай прыніжанасьцю ў горадзе, дзе на любое табою прамоўленае слова ты сустракаеш, у лепшым выпадку, пагардлівы позірк. Ці не звар’яцеў бы я, сёньняшні, хаця б на дзень пакаштаваўшы такога жыцьця?.. Але чаму ўва ўсіх маіх суразмоўцаў сьвятлеюць твары, як толькі гаворка заходзіць пра тыя часы?..”

(Голас: ) “Раней моладзь была больш да працы прывычна. Калі бацька працаваў у калгасе, дык і дзеці стараліся ісьці ў калгасе рабіць. Ішлі і слухалі. Бацькоў вельмі паважалі. Саромеліся слова сказаць папярок бацьку ці маці... Спалі на печы. І лаўкі такія бацька рабіў. Ну, нармальна і дружна жылі неяк. Адзін аднаго адзеньне даношвалі. Не было ж за што і купляць. Жылі па 10 чалавек, па 8, і па 12 жылі дзяцей. У цеснаце, гаварылі, ды не ў абідзе... Не, шакаляду не было. Кускавы цукар быў, драбочкамі. Гэта было багацьце”.

“Валя, Валя, наша птица, Пронеслася над землёй. Вся страна тобой гордится, Прославляет подвиг твой”.

(Валянціна: ) “Цяперашнія людзі гатовыя цябе ў адну сякунду задушыць і фаміліі не спытаўшы. Людзі тады былі, неяк адзін за аднаго заступаліся. А цяпер што? Ня тое. Такія танцы былі харошыя, кіны. Такія танцы, што Вы! Танцаваць адзін вальс, што значыць. Вальс, кракавяк, падыспант, польку. Асабліва добра польку танцавалі. Цяпер ужо гэтых танцаў не ўмеюць. Гэта моладзь. Толькі голыя жываты павыстаўляюць і танцуюць”.

(Кацярына: ) “Вось зараз па тэлевізары такія навіны не гавораць, як раней. Крымінал ці яшчэ нешта... А раней дзесьці хтосьці намалаціў, недзе штосьці зрабілі, усё ўверх ішло. Усё нам гаварылі па радыё. Цікава было радыё паслухаць. Вечарком сесьці, адкрыць вакно і паслухаць радыё. Гэта было цікава”.

“На просторах Волги славной Твоя юность протекла. Здесь ты, Валя-Ярославна Крылья чайки обрела”.

(Соня: ) “Весяліліся добра, таму, што ў нас воінская частка была. Там быў клуб, і туды хадзілі ўсе. І старыя, і жанчыны глядзець кіно. І біліся, Божа! Што тут было. Салдаты біліся з цывільнымі ў тым клубе. Добра было, было весела. Было, дзе гуляць. Весяліліся някепска... Калі хто возьме што-небудзь, жменьку дабра якога – судзілі. Помню, во тут во сядзела я. Ішла жанчына і плакала. Муж там зь нейкай схляснуўся жанчынай і спэцыяльна падставілі яе, каб яна ўзяла ў кішэню жыта ці пшаніцы. І судзілі. Чатыры гады далі ёй”.

(Расейка: ) “Я из России, я не белоруска. В 62-м зимой я приехала. 42 года я уже тут живу. Мы тогда не были притязательные ни к чему. Как мы жили, так и жили. Всё пережили. А сейчас одни тряпки людей замучили. Бедно жили, но не было притязаний ни к кому. А сейчас капитал всё одолел. А тогда было равноправие”.

(Карэспандэнт: ) “А добрае было што?”

(Расейка: ) “Ничего не было хорошего. Но и никто не добивался хорошего”.

Гэтая расейская кабета адным сказам здолела мне растлумачыць той сьвет. Сьвет бедны, сьвет цяжкі, але разам з тым, справядлівы. Бо не было “притязаний ни к кому”. Усе людзі, у якіх я пытаўся пра калгаснае жыцьцё, тыя калгасы не стваралі. Яны ў іх нарадзіліся. Прычым нарадзіліся ў тыя часы, калі не засталося ніводнага “незадаволенага” калгасным сьветам. І мне ўсё больш зразумелая іхняя туга па калгасе. Як зразумелая і зьбянтэжанасьць перад сёньняшнімі, сытнымі часінамі, калі “незадаволеных” стала так многа.

Старая кружэлка зараз пыліцца ў шафе. А радыёла выдала мне яшчэ адзін сюрпрыз. Я на ёй слухаю нашую радыёстанцыю. “Свабода” на гэтым паўвекавым агрэгаце бярэцца ня горш за “Радыё адзін”. І, пэўна, брацца будзе яшчэ доўга”.

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік адшукаў прычыну настальгіі па калгасе ў расейскім слове “непритязательность”. Ведаеце, што гэта такое? Слоўнік падае цэлы букет такіх знаёмых і такіх блізкіх для чыйгосьці сэрца беларускіх паняткаў: непатрабавальнасьць, непераборлівасьць, сьціпласьць. Апошняе ў нас часьцяком падаюць як нацыянальную рысу і прадмет нацыянальнага гонару, хоць сьціпласьць як прадмет гонару, згадзіцеся, гучыць супярэчліва. Калі, вядома, ня ўлічваць, што гаворка ідзе пра калгас, у якім на супярэчнасьцях збудаванае ўсё.

Савецкая калектывізацыя, якая пачалася ў Беларусі ў 1929 годзе, сапраўды зрабіла беларусаў шчасьлівымі, хоць і капітальна ўрэзала іхнюю колькасьць. Вы скажаце: як такое можа быць – ашчасьлівілі адных, расстрэльваючы ды вывозячы ў Сыбір іншых – суседзяў, аднавяскоўцаў? Няўжо мы, якія засталіся, такія ўжо вычварэнцы, каб ашчасьлівіцца іхняй трагедыяй?

Думаю, ня ўсё так проста. Па-першае, сталінская расстрэльная сэлекцыя хоць і дасягнула сваёй мэты, паўвека таму скончылася. А ўсялякія ідэалёгіі ды палітыка-выхаваўчыя працэдуры – сродак у параўнаньні з расстрэламі не настолькі моцны. І таму рана ці позна ў рабоў нараджаюцца дзеці з інстынктам свабоды. Па-другое, мы хоць і марудна, але пачынаем разумець, што гэта такое – кагласнае шчасьце.

Шчасьлівым пачувацца тым прасьцей, чым менш у цябе патрэбаў. Самая першая і цяжкая абуза чалавека – гэта свой уласны розум. Калі ён ёсьць, зьяўляецца другі клопат – свая ўласная справа. А калі ёсьць справа, дык узьнікае і свая ўласная маёмасьць. Чалавек, абцяжараны гэтымі трыма ношамі, шчасьлівым пачуваецца вельмі рэдка – тады, калі ў галаву прыходзіць удалая думка, або калі дасягае посьпеху, або калі глядзіць на ўласных дзяцей і ведае, што пакіне ім у спадчыну ня толькі пакамечаную кніжку з палачкамі працадзён. Такі чалавек шчасьлівы ўсяго некалькі разоў у жыцьці. Калі ж у чалавека нічога няма і яму нічога ня трэба, дык ён і не абцяжараны ніякім клопатам, ён шчасьлівы ўвесь час, кожную хвіліну. Памятаеце, у вершы Янкі Купалы, напісаным акурат да завяршэньня працэсу калектывізацыі ў Беларусі:

“Я – калгасьніца маладая, Жыву весела, ані дбаю”.

Гэта і ёсьць апатэоз калгаснага шчасьця. Хоць любы больш-менш спраўны гаспадар, напэўна ж, не зразумее, з чаго тут весяліцца, калі ні пра што ня дбаеш. І прыгадае іншы твор – старую, яшчэ дакалгасную беларускую прымаўку: “Хто дбае – той і мае”.
XS
SM
MD
LG