Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якой установе навучацца дзецям?


Казімір Яноўскі, Гомель “Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці навучаліся ў недзяржаўнай вышэйшай навучальнай установе”? Гэтае пытаньне тыдня задаваў жыхарам Гомеля наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Не, не хацеў бы, бо гэта дорага каштуе”.

(Спадарыня: ) “Можна навучацца. Ну што нашы могуць даць такое сучаснае?!”

(Спадар: ) “Павінен быць выбар. Гэта справа выбару”.

(Спадар: ) “Абавязкова! Напрыклад, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Але ж яго, на жаль, закрылі”.

(Спадарыня: ) “Калі адукацыя якасная, то розьніцы няма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці навучаліся ў недзяржаўнай вышэйшай навучальнай установе”?

(Спадарыня: ) “У недзяржаўнай? Не, не хацела б. Мне падаецца, што ў дзяржаўнай установе больш парадку. Дзяржава трымае ўсё пад кантролем. Недзяржаўная ўстанова – гэта нешта такое рызыкоўнае і штучнае, як мне падаецца”.

(Спадарыня: ) “На цяперашні момант – не. Адукацыя павінна быць дзяржаўнай”.

(Спадарыня: ) “Мая дачка паступіла ў дзяржаўны ўнівэрсытэт. Болей давяраю дзяржаўным навучальным установам”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што права выбару трэба даць дзецям. Няхай самі выбіраюць месца навучаньня”.

(Спадар: ) “Хацеў бы, каб вучыліся, калі навучаньне бясплатнае”.

(Спадар: ) “Я недзяржаўным навучальным установам мала веру”.

(Спадар: ) “Хацеў бы, каб яны атрымалі адукацыю. А дзе яны атрымаюць – у дзяржаўным ці недзяржаўным, розьніцы няма”.

(Спадарыня: ) “Нічога сказаць не магу. Я не знаёмая з сыстэмаю адукацыі”.

(Спадар: ) “З вялікім задавальненьнем хацеў бы, каб дзеці вучыліся ў недзяржаўным унівэрсытэце ці іншай такой установе. Там мазгі дзецям не палошчуць усялякай ідэалёгіяй, прыдуманай Лукашэнкам”.

(Спадарыня: ) “Калі дыплём недзяржаўнай установы будзе каціравацца ва ўсіх краінах сьвету, то, канешне, гэта будзе вельмі добра. Гэта будучыня нашых дзяцей. У іх будзе болей свабоды, яны змогуць зрабіць свой выбар”.
XS
SM
MD
LG