Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 10 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 10 жніўня

“Звезда”, 1924 год. Рэцэнзія на пастаноўку “Травіяты” ў Менскім гарадзкім тэатры:

“Нязьменная ў опэрным рэпэртуары “Травіята” – салодзенькая мяшчанская драма, з сухотамі закаханай дзявіцы, з жорсткім бацькам і іншымі прыналежнасьцямі. І музыка тут такая ж салодкая, тыпова “італьянская”. Але лірыка ейная зразумелая нам, і вось чаму “Травіята” не сыходзіць з нашае опэрнае сцэны. Канечне, рабочая аўдыторыя нічога ня знойдзе тут для сябе карыснага ні ў музыцы, ні ў відовішчы… Дэкаратыўная частка спэктаклю слабая… Кантабіх – жыдкі тэнар, паказвае бляклае й расплывістае аблічча Альфрэда. Хор малалікі, і галоўны ягоны занятак – гэта сачыць за палачкай дырыжора”.

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“Сёлета ў Саветах (СССР) вялікі няўраджай. Прычынай гэтага былі сухамені і непарадкі ў калхозах. Мясцамі так моцна засушыла, што з сяўбы не збярэцца і насеньня. “Известия” (23.04.с.г.) пішуць, што ніколі не было такога выпадку, каб у працягу ўсяе вясны ня выпаў дождж ня толькі ў сцяповых ваколіцах Украіны, але і ў паўночных краёх. Дзеля гэтага ўраджай у гэтым годзе будзе шмат ніжэйшы, чым у прошлым. Аднак Сталін заявіў, што засуха ня можа мець ніякага ўплыву на колькасьць збожжа…”

“Добры вечар”, 1994 год:

“Штодзённа на Віцебшчыне затрымліваюць дзясяткі грамадзян, якія займаюцца набыцьцём хлеба, сьмятаны, сыроў, мяса з мэтай перапродажу прадуктаў за мяжой. Так, толькі за адзін дзень на аб’ездных дарогах блізу расейскае мяжы ў Лёзьненскім раёне было затрымана 15 “чаўнакоў” з хлебам — ад 20 да 300 буханак у кожнага. Асобныя суграмадзяне ўмудраюцца вывозіць буйныя партыі тавараў. Напрыклад, навапалачаніна К. затрымалі з 6 мяхамі кілбас на 2 млн. рублёў, а ў машыне жыхара Глыбокага П. знайшлі 275 літраў сьмятаны й 35 кг. сыроў”.
XS
SM
MD
LG