Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўторных выбараў у Смаргонскі райсавет ня будзе


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Смаргонскую выбарчую акругу №61 дакумэнты аб рэгістрацыі падалі дзьве ініцыятыўныя групы. З выбарамі ў Палату прадстаўнікоў меркавалася спалучыць паўторныя выбары ў мясцовы райсавет – “дзеля эканоміі”. А цяпер вырашылі яшчэ больш “зэканоміць” і пакінуць раённы савет у няпоўным складзе – без васьмі дэпутатаў.

Першай падала дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўная група сябры партыі БНФ “Адраджэньне” Алеся Дзергачова. Прэтэндэнтам ад улады будзе цяперашняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Голубева. Яна прыяжджала ў Смаргонь і нават правяла прыём насельніцтва, хаця ейныя выбаршчыкі знаходзяцца ў іншай вобласьці. Стала вядома, што вылучацца ў смаргонскай акрузе вырашыла і Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка зь Менску.

А што адбываецца з паўторнымі выбарамі ў мясцовы савет, якія маглі быць спалучаныя з парлямэнцкімі? Прэзыдыюм раённага савету пастанавіў, што больш выбараў ня будзе, бо трэба ашчаджаць грошы. А самі члены прэзыдыюму будуць, як сказана, “прадстаўляць выбаршчыкаў”, якія ня маюць сваіх дэпутатаў. Карацей, будзе па дзьве акругі на аднаго дэпутата. Вось што кажа Алесь Дзергачоў са Смаргоні:

(Дзергачоў: ) “Фактычна гэтым рашэньнем яны ўзаконілі прызначэньне дэпутатаў. Яны фактычна надзялілі іх паўнамоцтвамі дэпутатаў у тых акругах, дзе яны не абіраліся”.

У Цэнтральную выбарчую камісію, дарэчы, зьвяртаўся менавіта Алесь Дзергачоў. Ён напісаў, што жыве ў акрузе, у якой не абраны дэпутат райсавету. Давайце яшчэ раз паслухаем яго:

(Дзергачоў: ) “А сама Ярмошына мне пісала ў пісьме: лічым найбольш аптымальным правядзеньне паўторных выбараў у Смаргонскі раённы савет дэпутатаў адначасова з парлямэнцкімі выбарамі. Указаная рэкамэндацыя накіравана ў Смаргонскую раённую выбарчую камісію”.

Алесь Дзергачоў патэлефанаваў учора старшыні раённай выбарчай камісіі Уладзіміру Касакоўскаму, але той адказаў, што нічога ня можа сказаць наконт гэтай рэкамэндацыі Цэнтрвыбаркаму, яму трэба да серады падумаць. Спадар Дзергачоў мяркуе, што ўлады папросту не разьлічваюць на посьпех. У шасьці з васьмі акругаў на мясцовых выбарах яны зарэгістравалі толькі па адным кандыдаце, але выбаршчыкі ўсіх іх актыўна выкрэсьлівалі. У выніку, з 40 дэпутатаў у райсавеце толькі 32.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG