Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Янка Запруднік: “Калі прэзыдэнт зрабіў злачынства – ён мусіць адказваць, як шараговы грамадзянін”


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня спаўняецца трыццаць гадоў, як Прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан падаў у адстаўку – пасьля ўотэргейтскага скандалу. Ніксан быў першым прэзыдэнтам у гісторыі ЗША, які добраахвотна пакінуў сваю пасаду.

Аднойчы ў будынку Сэнату ЗША, мне давялося наведаць памяшканьне з некалькімі шэрагамі крэслаў і невялікім подыюмам – нічым не прыкметнае і, здавалася б, не адрознае ад дзесяткаў падобных пакояў у гэтым будынку. Але яно прыцягвала турыстаў ня менш, чым заля пасяджэньняў Кангрэсу ЗША: менавіта тут на працягу некалькіх месяцаў праводзіла свае паседжаньні адмысловая сэнацкая камісія ў справе расьсьледаваньня скандалу, якому было наканавана паставіць кропку ў палітычнай кар’еры 37-ага прэзыдэнта ЗША.

Гісторыя гэтая пачалася ў некалькіх мілях ад будынку Кангрэсу – у нумары гатэлю Ўотэргэйт. Вясной 1972 году некалькі чалавек прабраліся ў нумары, якія арэндаваў Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі. Яны спрабавалі паставіць апаратуру для падслухоўваньня і сфатаграфаваць некаторыя дакумэнты. Кіравалі імі былыя супрацоўнікі адміністрацыі Ніксана, а таксама шэф штабу ў справе перавыбраньня Ніксана на пасаду прэзыдэнта.

Спачатку Рычард Ніксан заявіў, што Белы дом ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Увосень 1972 году ён быў пераабраны на пасаду прэзыдэнта. Тым часам, журналісты “Вашынгтон Пост” Боб Вудвард і Карл Бэрштэйн сэрыяй публікацыяў прыцягнулі ўвагу грамадзкасьці да Ўотэргэйту. Была створаная сэнацкая камісія пад кіраўніцтвам сэнатара ад штату Паўднёвая Караліна апытвала ўсё большую колькасьць сьведак.

Пасяджэньне адмысловай камісіі трансьлявалася па нацыянальным тэлебачаньні. Сьведкі пацьвердзілі, што Рычард Ніксан ведаў аб спробах схаваць інфармацыю пра Ўотэргейт. Больш таго, калі пад час слуханьняў камісія запатрабавала ад прэзыдэнта некаторыя матэрыялы, ён адмовіўся іх прадставіць, і прапанаваў міністру юстыцыі звольніць пракурора Кокса, які вёў сьледзтва. Але ў адстаўку, у знак пратэсту, падаў сам міністар юстыцыі. Пазьней Ніксан перадаў стэнаграмы запісаў сваіх размоваў – аднак, як высьветлілася, у параўнаньні з арыгіналамі, яны былі адрэдагаваныя.

Між іншым, нават на фоне ўотэргейтскага скандалу апанэнты Рычарда Ніксана прызнавалі за ім пэўныя посьпехі як за прэзыдэнтам, у тым ліку – і ў міжнароднай палітыцы, асабліва што датычна імкненьняў скончыць вайну ў Віетнаме. Ніксан шмат падарожнічаў, і быў першым амэрыканскім прэзыдэнтам, які наведаў Беларусь – у 1973 годзе, у межах свайго візыту ў СССР.

Пра падзеі 30-ці гадовай даўніны ўзгадвае доктар Янка Запруднік з Нью-Джэрсі, які ў тыя гады працаваў у нью-Ёрскім бюро радыё “Свабода”:

(Запруднік: ) “Мы шкадавалі, што ў прыкрую сытуацыю трапіў прэзыдэнт, які падтрымліваў ідэю змаганьня з камунізмам, вызваленьня Беларусі, беларускую незалежнасьць. Беларусы ў ЗША пераважна былі рэспубліканцамі. Чаму? Таму што Рэспубліканская партыя востра ставілася ў змаганьні з камунізмам. Ну што ж, сытуацыя была вельмі прыкрая, цяжкая, але, тым ня менш, амэрыканская дэмакратыя працуе. Нават калі злачынства зрабіў прэзыдэнт краіны, – прынцыпы дэмакратычныя ставяць яго ў шэраг іншых грамадзянаў, і ён мусіць адказваць як грамадзянін. Сыстэма гэтым прыкладам даказала сваю жыцьцяздольнасьць і сваю дэмакратычную натуру. – прыгадваў Янка Запруднік.

У кастрычніку 1973 году быў вымушаны пайсьці ў адстаўку віцэ-прэзыдэнт ЗША Агню – яго абвінавацілі ў хабарніцтве. Віцэ-прэзыдэнтам Ніксан прызначыў кангрэсмэна ад штату Мічыган, рэспубліканца Джорджа Форда.

У ліпені 1974 года Вярхоўны Суд прыняў рашэньне, якім абавязаў прэзыдэнта Ніксана прадставіць сьледзтву ў справе Ўотэргейта ўсе неабходныя матэрыялы. Зь іх высьветлілася, што яшчэ ў чэрвені 72-га году Ніксан даў загад ФБР спыніць расьсьледаваньне пранікненьня штаб – ватэру дэмакратаў, і на працягу двух гадоў хлусіў наконт таго, што нібыта ня ведаў абставіны Ўотэргейту.

Паводле рашэньня юрыдычнага камітэту Кангрэсу, на пасяджэньне Кангрэсу было вынесена пытаньне аб імпічмэнце Ніксану. Яго абвінавацілі ў перашкодзе судовай працэдуры, злоўжываньні пасадай прэзыдэнта і ігнараваньнем рэглямэнту Кангрэса.

Аднак 8 жніўня Ніксан сам падаў у адстаўку, заявіўшы:

(Ніксан: ) “Я ніколі ня быў лайдаком. Пакінуць сваю пасаду заўчасна – супярэчыць маім звычкам. Але, як прэзыдэнт, я павінен паставіць наперад інтарэсы Амэрыкі”.

Гэтая заява трансьлявалася па тэлебачаньні. Праз месяц новы прэзыдэнт, Форд, падпісаў так званае прабачэньне Ніксана – паводле Канстытуцыі. Прэзыдэнт ЗША валодае правам вызваліць ад крымінальнай адказнасьці каго заўгодна на тэрыторыі ЗША. Такім чынам, Ніксан пазьбегнуў крымінальнага перасьледу і суду, пражыў яшчэ дваццаць гадоў, але пляма ўотэргейтскага скандалу засталася на ім назаўсёды.
XS
SM
MD
LG