Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З 2005 году ў агульнаадукацыйных школах Беларусі будзе выкладацца курс асноваў дзяржаўнай ідэалёгіі


Ул. інф. Курс асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы, які з гэтага году выкладаецца ў ВНУ, з 2005 года зьявіцца і ў агульнаадукацыйных школах. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў, якога 9 жніўня прыняў з дакладам прэзыдэнт.

Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка асабліва падкрэсьліў неабходнасьць удасканальваньня ідэалягічнай працы ў навучальных установах усіх узроўняў.

Міністар паведаміў, што рэфармаваньне агульнаадукацыйнай школы ажыцьцяўляецца "з добрай дынамікай". Узровень падрыхтоўкі вучняў у краіне, паводле яго словаў, дастаткова высокі: пасьпяховасьць у асноўных дысцыплінах – руская, беларуская мова і матэматыка – у сярэднім складае 7-8 балаў. Прадстаўнікі Беларусі заваявалі 17 мэдалёў на міжнародных алімпіядах па матэматыцы, фізыцы, хіміі.

Да гэтага навучальнага году, паведаміў А.Радзькоў, падрыхтаваныя новыя падручнікі і навучальна-мэтадычныя дапаможнікі, якія своечасова паступяць у школы. У прыватнасьці, у адпаведнасьці з даручэньнем прэзыдэнта падрыхтаваны падручнік аб перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, які паступіць у кожную школу і будзе уручаны вэтэранам.

Асаблівая увага падчас даклада была нададзена падрыхтоўцы будынкаў навучальных установаў да новага навучальнага году, зазначае прэс-служба. Паводле інфармацыі А.Радзькова, усе школы, асабліва тыя, якія былі пабудаваныя накшталт Краснапольскай, дзе ў студзені гэтага году адбылася трагедыя (абвалілася столь), прайшлі экспэртызу і адрамантаваныя.

Міністар таксама паведаміў аб працы па рэструктурызацыі ВНУ. Паводле яго словаў, унівэрсытэтам перададзеныя пэдагагічныя каледжы, што дазволіць падвысіць якасьць падрыхтоўкі пэдагагічных кадраў на вышэйшы ўзровень. У часе абмеркаваньня пытаньняў кадравага патэнцыялу А.Радзькоў заявіў, што цяпер сыстэма адукацыі забясьпечаная настаўнікамі і выкладчыкамі ў дастатковай ступені.
XS
SM
MD
LG