Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС Грэцыі: рашэньне ў справе Сівакова — канчатковае


Юры Сьвірко, Менск Дыпляматы Эўрапейскага Зьвязу кажуць, што ніякіх новых заяваў наконт забароны на ўезд у Грэцыю для міністра спорту Беларусі ня будзе. Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль не атрымаў ніякіх пратэстаў з боку афіцыйнага Менску, але запытаў дадатковую інфармацыю ў справе Сівакова. Аўтар справаздачы “Зьніклыя асобы ў Беларусі” Хрыстас Пургурыдэс заявіў Радыё Свабода, што Юры Сівакоў ёсьць пэрсонай нон грата ў Грэцыі, і калі ён раптам вырашыць усё ж паехаць на Алімпіяду, дык яго сілай дэпартуюць назад у Беларусь.

Прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу вырашылі не рэагаваць на пратэсты Юрыя Сівакова, якому не дазволілі ехаць на Алімпіяду ў Атэны. Амбасада Італіі ў Беларусі, якая прадстаўляе ў Менску старшынёўства Эўразьвязу — Нідэрлянды, заявіла, што ня можа нічога дадаць да ранейшай заявы, зробленай пры канцы мінулага тыдня, калі прыезд спадара Сівакова ў Грэцыю быў названы “абсалютна недапушчальным”. Часовая кіраўніца італійскай амбасады ў Менску Тыцыяна Марыні толькі праз мас-мэдыя даведалася аб пратэстах Юрыя Сівакова ды Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Тое самае мне заявілі ў Атэнах прадстаўнікі Міжнароднага алімпійскага камітэту — МАК. Яго дырэктар па сувязях з грамадзкасьцю Жызэль Дэйвіс паведаміла:

(Дэйвіс: ) “Што я магу вам сказаць на гэтай стадыі — гэта тое, што МАК запытаў больш інфармацыі ў гэтай справе, каб мы маглі вывучыць яе. Відавочна, калі гэта адбудзецца, я змагу даць вам больш інфармацыі”.

На пытаньне, ці адбудзецца адмысловае паседжаньне МАК у справе Сівакова, спадарыня Дэйвіс адказала, што МАК у поўным складзе знаходзіцца ў Атэнах і ладзіць паседжаньні пастаянна, але беларускае пытаньне будзе разглядацца толькі пасьля атрыманьня дадатковай інфармацыі.

А прадстаўнік МЗС Грэцыі Стафілас Іліясэс сказаў, што ані Атэны, ані Гаага ня будуць рэагаваць на пратэсты Юрыя Сівакова ды Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі:

(Іліясэс: ) “Няма разьвіцьця ў гэтай справе. Я не буду рабіць вам ніякіх камэнтароў. Я магу толькі сказаць, што ня маю інфармацыі пра заяву спадара Сівакова сёньня. І я ня ведаю нічога аб рэакцыі на гэтую заяву”.

Аднак у офісе намесьніка міністра замежных справаў Грэцыі спадара Скандалакіса мне сказалі неафіцыйна, што, магчыма, афіцыйны Менск хоча прыцягнуць большую ўвагу да справаў зьніклых і дакладу пра гэта Хрыстаса Пургурыдэса, таму робіць пратэсты, якімі відавочна зацікавяцца і непалітычныя спартовыя журналісты на Алімпіядзе. МЗС Грэцыі падкрэсьлівае, што мяняць сваё рашэньне не пускаць спадара Сівакова ня будзе.

А вось што заявіў Радыё Свабода сам спадар Пургурыдэс:

(Пургурыдэс: ) “Відавочна, гэта рашэньне ёсьць такім, як я й чакаў ад Эўрапейскага Зьвязу. Я задаволены, што Эўразьвяз яго прыняў. І я разглядаю гэтае рашэньне як першы крок да доўгага працэсу ажыцьцяўленьня ціску на прэзыдэнта Лукашэнку і рэжым у Беларусі аддаць у рукі правасудзьдзя тых, хто быў уцягнуты ў зьнікненьні”.

Якім жа можа быць другі крок і наступныя ў гэтым працэсе? На гэтае пытаньне Хрыстас Пургурыдэс адказаў гэтак:

(Пургурыдэс: ) “Шмат якія крокі, я ўпэўнены, яшчэ будуць. Міжнародная супольнасьць ня можа прыняць такога тыпу паводзінаў ад рэжыму ў любой краіне. Я чакаю, што Эўрапейскі Зьвяз будзе ўсё больш жорсткім і жорсткім з кожным тыднем, і, калі ўрэшце рэжым не адрэагуе на патрабаваньні міжнароднай супольнасьці правесьці поўнае і адпаведнае расьсьледаваньне ды адпаведныя суды над тымі, хто быў далучаны да зьнікненьня, ён пойдзе далей — на ўвядзеньне санкцыяў супраць Беларусі”.

Хрыстас Пургурыдэс гэтак пракамэнтаваў паведамленьне пра тое, што 10 жніўня Аляксандар Лукашэнка прыме Юрыя Сівакова і вырашыць, ці трэба яму ехаць у Атэны:

(Пургурыдэс: ) “Безумоўна, ён ня едзе ў Грэцыю. Усё гэта робіцца дзеля ўнутраных мэтаў. Ён ведае, што ён пэрсона нон грата ў Грэцыі. Калі ён паедзе ў Грэцыю, улады проста не дазволяць яму прызямліцца ў Грэцыі. Яго сілай пашлюць назад у Беларусь”.

Я папрасіў спадара Пургурыдэса пракамэнтаваць заяву Юрыя Сівакова пра тое, што Эўразьвяз парушае ягоныя правы чалавека і прынцыпы алімпійскага руху. Вось што заявіў Хрыстас Пургурыдэс:

(Пургурыдэс: ) “Апошні чалавек, які можа казаць аб правах чалавека, — гэта спадар Сівакоў у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG