Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьмяротны пасаг беларусак: прывабнасьць пасьля сьмерці


Сьвятлана Курс, Менск У кожнай беларускай бабулі ёсьць “сьмяротны куфэрак” або “клуначак”, куды яна са сьціплай пэнсіі дакупляе рэч за рэччу. Як маладая нявеста любуецца вясельным строем, гэтак і бабуля ператрэсвае “сьмяротны пасаг”. А вось мужчыны да сьмерці спэцыяльна не прыбіраюцца.

Ужо тры гады, як памёр апошні чалавек, які ведаў яе Настуляй. Цяпер усе завуць яе “баба Наста”. Свой сьмяротны куфэрак, альбо “чумайданчык”, 87-гадовая вяскоўка зьбірае ўжо 30 год. Шые, купляе, складае ў фанерны “чумайданчык”, дно якога засланае “Пионерской правдой” ад 1975 году. Пярэсты трыкатажны касьцюм у кветкі бабця набыла ў праежджых цыганоў, хустку – “шаліноўку” – прывёз сын зь Віцебску. На ніжняй спадніцы выдзяляюцца грубыя, крывыя швы – бабця кепска бачыць, да таго ж сьмяротны строй, як належыць, яна шыла леваю рукою.

(Наста:) “Ужо тры гады, як я сабрала гэты чумайданчык. Усё гатова к сьмерці: плацьце, панчохі, тапкі, камбінашка, рэйтузікі, сподня спадніца, хустка. Каб толькі мне Бог даў хутчэй сьмерць. Ужо настрадалася. І людзі не баяліся, паўміралі, дык і я не баюся, памру”.

Нябожчык мае быць добра экіпаваны – ня горш за іншых. Па-першае, каб жывыя не абгаворвалі, што радня ў трантах пахавала. Па-другое, каб на тым сьвеце чалавек добра выглядаў. Перад кім добра выглядаў?

Вось уяўленьні бабы Насты пра ўладкаваньне “таго сьвету”.

(Наста:) “Сьніла я такі сон: я іду на работу, некуды паслаў брыгадзір. Я той сьцежкаю іду, а жыта вышэйшае за мяне. А потым бачу, нехта рукою махае на мяне. Бачу: мой сьвёкар. Я яму кажу: “Чаго ты мяне чакаеш умірушчы, я яшчэ жыць хачу”. Але ён узяў мяне за руку. Павёў, я перахрысьцілася, і мне адкрыліся гэтыя дзьверы. Дарожка такая, як засланая, харошая. Хаткі невялікія. Бачу, сядзіць ля вакна Коля Хведаркаў. А ён сядзіць у чорным пінжаку, белай кашулі, на рад валасы зачасаныя. Яму было 17 гадкоў, як ён памёр. Аж бачу, стаіць жанчына, плот падпёршы. Я пытаю: “А гэта што за дзіва такое?” А ён адказвае: “А яна казала, што як я памру, то хай мною хоць плот падапруць. Вось і будзе падпіраць плот 9 год, адале пойдзе на сваё месца”. Бачу, ідуць дзьве жанчынкі ў белых сукенках, нясуць цэбар гразі. “А гэтыя казалі, што як памром, дык хоць бруд таўчы. Вось і будуць бруд насіць 9 гадоў”. А потым сьвёкар зірнуў на сонца. І сказаў: “Вой, нам пара. Я перахрысьцілася – і ўжо ў жыце стаю. Вось і канец”.

Муж бабы Насты памёр. Яму пасагу не зьбіралі. У беларускіх вёсках лічыцца, што, зьбіраючы пасаг мужчыну, наклікаеш на яго сьмерць. “Мужчыны, – кажа бабка Наста, – і так мруць як мухі”.

(Наста:) “Усе людзі зьбіраюць гэтак. Асабліва жанкі. А мужчынам не зьбіраюць. Вось мой Васіль быў здаровы, куды я яго буду зьбіраць? Ажно паехаў у лес, а адтуль прывезьлі нежывога”.

Этноляг Іван Крук кажа, што сьмяротны пасаг існаваў у беларускай народнай традыцыі спрадвеку. Цяперашняе беларускае грамадзтва застаецца глыбока абрадавым, трывала традыцыйным, хаця гэта й не зусім хрысьціянская абраднасьць. Хутчэй паганская, пагаджаюцца этнолягі.

(Крук:) “Ёсьць дзіўнае разьмежаваньне мужчынскага й жаночага пачатку ў падрыхтоўцы сьмяротнага пасагу. Жанчыны рыхтавалі пасьмяротны касьцюм, а мужчыны загадзя рабілі самі сабе труну і ўсьцягвалі на гарышча. І там яна магла стаяць і 20, і 30 гадоў. Але гэта былі збольшага тыя людзі, якія мелі дачыненьне да магіі. Труну захоўвалі на гарышчы, а вось жанчына павінна была ўбрацца ў гэтае адзеньне, схадзіць у ім у храм, як бы асьвяціць яго, пасьля гэтага прыходзілі дадому, складвалі. І яно ляжала да сьмерці”.

Усю вайну ў Любанскім раёне, дзе жыве бабка Наста, ішлі несьціханыя баі паміж савецкімі партызанамі й фашыстоўцамі. І ад тых, і ад другіх вяскоўцы хаваліся ў неабсяжных лясох і балотах Любаншчыны. Бывала так, што зьнябожаныя кабеты пакідалі сваіх дзяцей, але каб выкінулі вопратку на сьмерць – такога не было, кажа баба Наста.

(Карэспандэнтка:) “Была вайна, блякада, і штодня мерлі людзі. Тады яны зьбіралі на сьмерць?

(Наста:) “Было, было ўва ўсіх на сьмерць. З сабою насілі. Мая сьвякруха вынасіла вянчаную спадніцу й вянчаную кофтку за пазухаю. Куплёная, паўсюль брыжы ўшытыя. Памерла – надзелі ёй”.

Сёньня маладыя беларусы ня маюць сэнтымэнту да сьмяротнага куфэрка. Маладая журналістка Алена Бойка непрыхільна ставіцца да гэтай традыцыі, хаця бабуля Алены ня раз хвалілася перад малою ўнучкаю сьмяротным пасагам.

(Бойка:) “Белая кашуля, нейкая бялізна. Спадніца. Пацеркі. Яна была апанаваная неадчэпнай беларускай ідэяй пра сьмерць, што да сьмерці трэба доўга й старанна рыхтавацца”.

Дырэктар менскай крамы для нябожчыкаў Іван Бахановіч лічыць, што час сьмяротнага пасагу мінуў. Модаю для мёртвых павінны займацца адмыслоўцы. Крама спадара Бахановіча працуе круглыя суткі.

(Бахановіч:) “Нам гомельская фабрыка “Камінтэрн” шые разавыя касьцюмы. Калі ў краме касьцюм каштуе 100 тысяч рублёў, то ў нас ён каштуе 35 тысяч”.

(Карэспандэнтка:) “А якая розьніца паміж касьцюмамі для жывых і касьцюмамі для мёртвых?”

(Бахановіч:) “Ніякай розьніцы няма. Шыюць той жа самы касьцюм, толькі без падкладкі ды з імітацыяй кішэняў”.

(Карэспандэнтка:) “А кабету ў чым можаце пахаваць?”

(Бахановіч:) “А кабетак мы хаваем так: бярэм берасьцейскія трыкатажныя касьцюмы, бялізну – “Сьвітанак” і “Купалінка”, абутак – “Сівельга”, галаўныя ўборы – “Людміла”.

У краме “НіВаГаль” верхаводзяць жанчыны. Зьбіраньне сьмяротнага пасагу стала іхнай прафэсіяй.

(Прадавачка:) “Ну, “НіВаГаль” – гэта Ніна, Валя й Галя. Мы гандлюем толькі касьцюмамі. Наташа, колькі капліцкія касьцюмы каштуюць? 56 тысяч 900 рублёў”.

Некалі ў Беларусі былі традыцыі “нябожчыцкага абутку”, у якім навец пойдзе на Божыя дарожкі. Абутак, як і вопратку, кроілі паводле асаблівага ўзору, шылі леваю рукою, тонкаю ніткаю, без вузлоў. Рукавы сьмяротных кашуляў і фартухі былі упрыгожаныя арнамэнтам. Але гэта быў адмысловы арнамэнт для мёртвых, перакулены дагары. Як на афіцыйным сьцягу, пад якім ідзе некуды Беларусь.

Алена Бойка лічыць, што шлях гэты ляжыць ня ў бок радасьці. Беларусы – нацыя людзей, зачараваных смуткам, піша журналістка ў сваім артыкуле “Сьмяротны куфэрак”. Увесь Менск заклеены абвесткамі пра надмагільныя помнікі.

(Бойка:) “Рэальнае жыцьцё не напоўненае сьвятам, задавальненьнем, і таму гэта ўсё пераносіцца на будучае жыцьцё, на нейкі будучы час, да якога трэба рыхтавацца менавіта як да сьвята”.

“У беларускай жанчыны толькі адна будучыня – самотная нішчымная старасьць”, – сказала псыхоляг і палітык Надзея Цыркун. Сапраўды, больш за 80 % старых жанчын жывуць бедна й самотна, сярэдні беларускі мужчына памірае на 12 год раней, пакідаючы жонку дажываць адну. На беларускую пэнсію жыць не разгонісься. А вось сабраць сьмяротны пасаг – можна.

Аднак самі бабулі ня бачаць у зборах на той сьвет нічога трагічнага. Простая прадбачлівасьць: як пасьцелеш, так і высьпісься. 83-гадовая Алеся Булынка з Трайчанаў кажа: “Як гэта я пайду да Госпада ў каравай спадніцы?”
XS
SM
MD
LG