Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэрацыя “Крышталь” у Беларусі


Севярын Квяткоўскі, Менск Ці лёгка здаць пустую бутэльку? Хто здае і хто зьбірае шклатару? Чаму працаўнікі пунктаў прыёму ня хочуць размаўляць з журналістамі? Шклатара – даніна савецкай традыцыі ці спосаб выжыць?

Свае піўныя пляшкі, што назьбіраліся за тыдзень, я акуратна складаю ў пакет, выношу на двор і стаўлю ля кантэйнэра на сьмецьце. Ужо праз некалькі хвілін пакет зьнікне ў нейчых руках.



“Апэрацыя “Крышталь” – так жартам зваліся раней паходы ў пункт прыёму шклатары. Цяперашні яго рэйтынг наступны. На першым месцы ідуць вінтавыя бутэлькі 0,5 літра, у якія разьліваюць гарэлку й брэндзі. На другім месцы піўныя, а на трэцім бутэлькі 0,7 з-пад “чарніла” – таннага моцнага віна.

(Хлопчык:) “Шукаем мы амаль кожны дзень, а прымаюць ня кожны дзень. Не прымаюць піўных, кажуць, няма скрыняў наагул нідзе. Ня ведаем, куды іх падзець”.

Кажуць хлопчыкі гадоў дзесяці. Назьбіраныя грошы трацяць на марозіва ды газаваныя напоі. Зрэшты, кантынгент людзей у пунктах прыёму шклатары вельмі разнастайны. Тут і пэнсіянэры, і раённыя алькаголікі, і цалкам прыстойныя з выгляду людзі.

(Тамара Іванаўна:) “Вось ідзе прыстойны чалавек з “дыпляматам”, салідна апрануты. Перад носам бутэльку забраў і пайшоў. Нават салідныя людзі цяпер бутэлькі падбіраюць. Такое, дарэчы, стала шмат дзе сустракацца”.

Тамара Іванаўна пагадзілася выступіць у якасьці экспэрта, але папрасіла зьмяніць голас. Маўляў, ейны голас шмат хто ведае. Пра свой занятак гаворыць спакойна. Бутэлькі зьбірае пяць гадоў, з часу, як пасьля скарачэньня страціла работу. Працуе на рынку “Ждановічы”, а ў цэнтар ня ходзіць.

(Тамара Іванаўна:) “Калі пайсьці ў іншае месца – да ГУМу… Дык там жа трымаюць месца, нікога ня пусьцяць… Бамжы як нап’юцца, дык наагул на сквэр не падыдзеш”.

У кожнага занятку свая спэцыфіка... Вось, напрыклад, Тамара Іванаўна не бярэ бутэлек з-пад “Кока-Колы”, маўляў, цяжкія й танныя. А за дзень трэба зрабіць дзьве ходкі з 15-цікіляграмовымі торбамі ў руках. Наракае, што самай хадавой піўной шклатары паменшала.

(Тамара Іванаўна:) “У асноўным п’юць джын-тонікі. Шмат плястыку, бутэлек меней стала. Піва сталі меней піць”.

Тамара Іванаўна працуе шэсьць дзён на тыдзень, апрача панядзелка. Да сваёй пэнсіі з ста сарака тысяч рублёў мае дадатковых сто тысяч. Але Тамару Іванаўну можна назваць ударніцаю. Звычайныя кліенты пунктаў прыёму шклатары маюць меншыя даходы.

(Бабуля:) “Сёньня нічога: я дзесяць бутэлек здала, яна мне грошы дала. А так яна дае піва. Але ж старым піва ня трэба піць. Але ёсьць і бабулі-п’яніцы. Я рэдка здаю, я сама ня п’ю”.

(Дзед:) “За месяц, можа, тысяч на 20 назьбіраю”.

На шкляной тары можна зарабіць значна болей за сярэднюю пэнсію. Часьцяком у камэрцыйных шапіках прымаюць піўныя бутэлькі – коштам, ніжэйшым за дзяржаўны. У новых краінах Эўразьвязу – Літве й Польшчы – таксама можна здаваць піўныя пляшкі. Там няма ППШ, але абмен адбываецца проста ў краме. А розьніца ад беларускай сытуацыі яшчэ ў тым, што пляшкі ідуць на перапрацоўку: на выраб новых пляшак. На менскім бровары “Аліварыя” мне патлумачылі, што ў Беларусі новая бутэлька на сорак працэнтаў даражэйшая за ўжываную. Таму большасьць беларускіх бровараў працуе на зваротнай тары. За месяц праз “Аліварыю” праходзіць каля пяці мільёнаў піўных бутэлек. Гэта звыклыя ад савецкага часу шкляныя вырабы. Беларускія бровары пакуль што ня робяць фірмовых пляшак. Няма для бровараў і розьніцы ў колерах бутэлек. Многім больш падабаецца карычневы колер.

(Тэхноляг:) “Гэта клясычна, гэта найлепшы выпадак, можна гэтага жадаць. Мы імкнемся да гэтага, але пакуль ня можам”.

Так патлумачыла прадстаўніца “Аліварыі”.

* * * Калі зьявілася ў Беларусі шкляная тара й калі яе пачалі здаваць? Па камэнтар зьвернемся да гісторыка Алеся Белага.

(Белы:) “Першым напоем, які пачалі спажываць у шкляной тары, было імпартаванае з Заходняй Эўропы віно – “Бургундзкае”, “Рэйнскае”, напрыклад. Упершыню гэта зьявілася ў нас у XVII ст. Значна пазьней зьявілася імпартнае ангельскае піва – у канцы XVIII ст. Мясцовыя вытворцы пачалі разьліваць піва ў бутэлькі у другой палове XIX-га ст.”.

У канцы XIX – пачатку XX ст. пустая бутэлька з-пад ліманаду ці піва каштавала ад 5 да 10 капеек. Цяпер прымаюць бутэлькі коштам ад 100 да 170 рублёў. Параўнаем пакупніцкую здольнасьць нашых продкаў і сучасных звычайных беларусаў.

Наша даведка:

у 1904-1906 гг. у Менскай губэрні сярэдняя падзённая плата для чорнарабочых была такая: для дарослых мужчын – 65 капеек, для жанчын - 45 капеек. Фунт (чатырыста зь лішкам грамаў) жытняга хлеба каштаваў 3 капейкі, фунт мяса найлепшых гатункаў – 12 капеек. Пуд (16 кіляў) бульбы ў Менску каштаваў 20 капеек. І, нарэшце, 1 літар гарэлкі ў 1905 годзе каштаваў 18 капеек.

Такім чынам, ці маглі валяцца ў сквэрах Беларусі пустыя пляшкі на мяжы XIX і XX стст.? Вядома, не. За адну самую танную бутэльку можна было набыць чатыры кіляграмы бульбы. Сёньня на чатыры кіляграмы старой бульбы трэба назьбіраць 5-7 бутэлек, а на 4 кілі маладой – каля васьмідзесяці пустых бутэлек. Калі сто гадоў таму паўлітар гарэлкі быў роўны адной-дзьвюм пустым пляшкам, дык сёньня трыццаці-сарака.

* * * (Прымальніца:) “Няма праблемаў…”

Я паспрабаваў пагутарыць з дырэктаркай аднаго з пунктаў прыёму шклатары. Дыктафон у маіх руках быў успрыняты, нібы пісталет. Чаму зьяўленьне журналіста выклікала жах у вачох дырэктаркі? Пра гэта крыху пазьней.

А цяпер адзначым, што уласна ППШ – пункты прыёму шклатары – пашырыліся адносна нядаўна: ня мяжы 1960 – 70-х гадоў. Яшчэ пасьля вайны гараджане спажывалі віно й піва на разьліў. А залогавы кошт піўной пляшкі – 12 капеек – быў роўны кошту двух піражкоў. Тара папросту не валялася. З разьвіцьцём шкляной вытворчасьці ў Савецкім Саюзе, як грыбы, паўсталі ППШ. Тады праца ў ППШ лічылася добрай кар’ерай. Скрыняў пад бутэлькі бракавала, але, калі сябраваць з работнікам пункту прыёму, можна было здаваць бутэлькі за палову кошту, і тое для работнікаў ППШ рабілася залатой жылай.

*** У адрозьненьне ад савецкага часу сёньня ў Беларусі пунктаў прыёму шклатары паменшала. Гутару з прымальніцай.

(Прымальніца:) “Наша начальства ня надта хоча, каб мы размаўлялі”.

Колькі людзей здаюць бутэлькі штодня? Колькі зь іх алькаголікаў, а колькі папросту ня маюць за што набыць ежу?

(Прымальніца:) “З ранку вельмі шмат людзей стаіць – да адкрыцьця. Пэнсіянэры шмат здаюць, рабочыя шмат здаюць… Шмат здаюць”.

“Шмат здаюць” – можа, гэтыя словы могуць прыадкрыць таямніцу, чаму супрацоўнікам пунктаў прыёму шклатары начальства забараняе размаўляць з журналістамі?

(Пэнсіянэр:) “Не адзін жа я зьбіраю. Зьбіраюць усе: і мужчыны, і жанчыны, і дзеці”.

(Пэнсіянэр:) “Карацей, жабракамі жывем. Жабракі, горшыя (піп) за нейку (піп) Нямеччыну (піп)”.

А нядаўна беларуская дзяржава зрабіла падарунак грамадзянам: узьняла залогавы кошт пустой бутэлькі на 20 працэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG