Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка віцебскага гарсавету Вольга Карач абураная правакацыяй напярэдадні парлямэнцкіх выбараў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Два тыдні таму невядомыя асобы ад ейнага імя выказваліся ў падтрымку трэцяга тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі. А цяпер нехта спрабуе пераканаць ейных выбарцаў, што Вольга Карач — зусім ня тая асоба, за каго яна сябе выдае.

За мінулыя выходныя на дзьвярах шэрагу жылых дамоў па вуліцы Церашковай ды праспэкце імя Фрунзэ зьявіліся аб’явы дзіўнага зьместу. “Дзіўнымі” іх называе дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач, чыё імя згадваецца ў гэтых тэкстах:

(Карач: ) “Ня ведаю нават, на каго гэта разьлічана, бо мае выбарцы — гэта ж разумныя людзі… Вось хачу працытаваць. “Вольга Карач — гэта не 25-гадовая дзяўчына, а 50-гадовы мужчына. Гэта ён вінаваты ў тым, што ў нас затрымліваюць заробкі настаўнікам ды лекарам… Ён хоча заняць месца нашага ўлюбёнага прэзыдэнта, і ў гэтым яму трэба перашкодзіць”. Дзіўна, але гэтыя ўлёткі зьявіліся ў Віцебску разам са справаздачай дзейнага дэпутата парлямэнту Глеба Іванова”.

Калі два тыдні таму ў Віцебску зьявіліся ўлёткі пра тое, што нібыта дэпутатка Карач заклікае землякоў падтрымаць магчымае вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, спадарыня Вольга тлумачыла хіба тым, што камусьці з прадстаўнікоў уладаў недаспадобы ейная дэпутацкая актыўнасьць. Асабліва з тае пары, як з дапамогаю дэпутацкіх запытаў ёй давялося выкрыць выпадкі завышэньня коштаў на камунальныя паслугі. Таму спадарыня Карач меркавала, што гэта рабілася, каб прынізіць ейны аўтарытэт спаміж выбарцаў, бо досыць значная іх колькасьць Лукашэнку не падтрымлівае, а таксама не паважае й тых, хто стаіць на ягоным баку.

Што да апошніх тэкстаў правакацыйнага зьместу, то іхнае зьяўленьне Вольга Карач зьвязвае выключна з набліжэньнем выбарчае кампаніі. Менавіта таму яна не сьпяшаецца абвясьціць свайго канчатковага рашэньня пра тое, ці будзе яна балятавацца ў дэпутаты парлямэнту.

(Карач: ) “Я не выключаю, што за апошнія колькі дзён могуць зьявіцца і іншыя ўлёткі бруднага зьместу. Яны, вядома ж, уплываюць на мой канчатковы выбар. Я думаю, што гэта чарговая правакацыя ўладаў, якія, у тым выпадку, калі я наважуся балятавацца ў парлямэнт, хацелі бы скампрамэтаваць мяне ў вачох маіх выбарцаў”.

Але ў любым выпадку, незалежна ад прынятага ёю рашэньня, спадарыня Карач пэўная, што людзі ў Віцебску не настолькі неразумныя ці даверлівыя да ўсяго, што іх змушаюць чытаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG