Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтудэнтаў і выкладчыкаў ЭГУ чакаюць новыя выпрабаваньні


Галіна Абакунчык, Менск Камітэт дзяржкантролю патрабуе ад Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту вызваліць арандаваны будынак не пазьней як у аўторак, 10 жніўня. З прычыны сьціслых тэрмінаў, адведзеных на высяленьне, унівэрсытэт ня здолеў эвакуавацца да 5 жніўня і частка абсталяваньня яшчэ застаецца ў былым навучальным корпусе.

Адначасна выкладчыцкі калектыў асьцерагаецца новых праблемаў у справе ўзгадненьня навучальных праграмаў зь дзяржаўнымі ВНУ, куды пераводзіцца бальшыня студэнтаў. Частка навучэнцаў заяўляе, што не жадае атрымоўваць вышэйшую адукацыю дзяржаўнага ўзору.

Супрацоўнікі ўнівэрсытэту гэтымі днямі сьпехам дэмантуюць абсталяваньне і вывозяць падручнікі, каб выканаць патрабаваньне прадстаўнікоў Дзяржкантролю, якія сочаць за хадою высяленьня ЭГУ. Значна горшая сытуацыя ў справе ўніфікацыі мэтадаў і праграмаў навучаньня — паведаміла ў інтэрвію Свабодзе прарэктар Тацяна Галко.

(Галко: ) “Цяпер мы аддаем, у прыватнасьці, у БДУ, навучальныя й рабочыя пляны, па якіх навучаліся нашыя дзеці. Першы й другі курс у нас займаўся па бакаляўраўскіх праграмах, якіх там у прынцыпе не існуе. І цяпер, канечне, распачнуцца праблемы. Я спачуваю гэтым ВНУ, куды пайшлі нашыя студэнты, бо ім давядзецца вельмі складана, у многіх апусьцяцца рукі. Але яшчэ больш спачуваю нашым дзецям, зь якімі цяпер будуць экспэрымэнтаваць у справе ўпісваньня ў новую сыстэму. Усе праблемы наперадзе”.

У зьвязку з гэтым некаторыя студэнты ЭГУ адмаўляюцца ад вышэйшай адукацыі дзяржаўнага ўзору і намерваюцца пакінуць далейшае навучаньне. Гаворыць лідэрка студэнцкага самакіраваньня ЭГУ Маша Несьцерава:

(Несьцерава: ) “Я і некалькі студэнтаў адмовіліся пісаць заявы на перавод у БДУ. Я застануся працаваць, і вышэйшай адукацыі, а таксама дыплёму дзяржаўнага ўзору я не атрымаю. Але палітыка, накіраваная на ізаляцыю адукацыі Беларусі ад усяго зьнешняга сьвету, ня робіць для мяне гэты дыплём надта каштоўным. Я спадзяюся атрымаць дыплём Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту”.

Паводле Машы Несьцеравай, студэнты ЭГУ гатовыя прыняць удзел у акцыях пратэсту, якія маюць правесьці навучэнцы Беларускага ліцэю, а таксама рыхтуюцца арганізаваць адмысловы супраціў. Гаворыць яшчэ адна актывіста студэнцкага самакіраваньня ЭГУ Аліса Сыракваша:

(Сыракваша: ) “Мы вырашылі ладзіць пэрформансы, якія былі бы незвычайныя для гэтай краіны. Бо калі ёсьць форма супраціву, да якой прызвычаіліся ўлады, яе лёгка прыдушыць. Калі гэтая форма незвычайная, то яна больш уплывае на сьвядомасьць астатніх людзей і больш іх цікавіць, чым звычайная форма пратэсту”.

Паводле Алісы Сыраквашы, акцыі-пэрформансы будуць распачатыя напачатку новага навучальнага году, калі студэнты вернуцца зь летніх вакацыяў. Дзеля гэтага актывісты студэнцкага згуртаваньня ЭГУ цяпер распрацоўваюць адмысловы сайт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG