Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алімпійцы Беларусі гатовыя змагацца ў Атэнах незалежна ад таго, ці паедзе на Алімпіяду міністар Сівакоў


Уладзімер Глод, Менск Наколькі сытуацыя вакол забароны на ўезд у Грэцыю кіраўніка беларускай алімпійскай дэлегацыі — міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова можа паўплываць на настрой алімпійцаў?

Знайсьці ўдзельнікаў атэнскай Алімпіяды ў Беларусі цяпер вельмі складана — пераважная бальшыня зь іх рыхтуецца за межамі краіны, у Грэцыі, Аўстрыі, Польшчы, Славеніі, Расеі, Чэхіі ды іншых дзяржавах. Паводле аднаго са спартовых кіраўнікоў Беларусі, інфармацыю пра тое, што міністар Сівакоў з гледзішча Эўразьвязу ёсьць непажаданай асобай на Алімпійскіх гульнях, алімпійцам за межы Беларусі перадаваць не сьпяшаюцца — маўляў, ня трэба іх хваляваць.

А вось тыя, хто рыхтуюцца да атэнскіх стартаў у Менску, пра скандал ведаюць. На думку дзюдаіста Анатоля Ларукова, было бы лепш, каб спадар Сівакоў быў разам з камандай у Атэнах:

(Ларукоў: ) “Хацелася б, канечне, каб кіраўнік нашай дэлегацыі прысутнічаў у Атэнах. Сытуацыя цяжкаватая, паколькі закручаная ўся гэта чыста палітычная інтрыга. З аднаго боку, можа нейкая дадатковая злосьць дадасца і нам, і нашай барацьбе. Галоўнае — мы ж рыхтаваліся да Алімпіяды. І замест нас ён у любым выпадку ня выйдзе на дыван змагацца. Іншая справа, што можа нейкіх духоўных сіл нам дадаў, падбадзёрыць нас мог бы ў гэтым выпадку”.

Нацыянальную каманду па мастацкай гімнастыцы ў Атэнах будзе ўзначальваць Вікторыя Кушнір. Яна гаворыць, што ніякіх карэктываў у падрыхтоўку спартовак падзеі вакол міністра Сівакова ня ўнесьлі:

(Кушнір: ) “Ну, канечне, інцыдэнт гэты ня вельмі прыемны. Таму што гэта ўсё ж наш міністар, наш кіраўнік, і мы маем настрой ехаць зь ім як з шэфам. Зразумела, сытуацыя не пакідае нас раўнадушнымі. Тым ня менш, у нас ёсьць свае задачы перад краінай, і, я думаю, мы будзем вырашаць іх у любым выпадку, хто б з намі ні паехаў”.

Скандал вакол Сівакова дае падставу згадаць алімпійскія падзеі 1980 і 1984 гадоў. Спачатку ў Маскву на знак пратэсту супраць савецкай ваеннай агрэсіі ў Афганістане адмовіліся прыехаць алімпійцы ЗША і некаторых іншых краінаў. А праз чатыры гады Алімпіяду ў Лос-Анджэлесе ігнаравалі спартоўцы тагачаснага сацыялістычнага лягеру, за выключэньнем румынаў. Паводле трохразовага алімпійскага чэмпіёна маскоўскай Алімпіяды Ўладзімера Парфяновіча, байкот і немагчымасьць паехаць на Алімпійскія гульні ў Амэрыку стала і для яго асабіста, і для многіх іншых патэнцыйных алімпійцаў велізарнай трагедыяй:

(Парфяновіч: ) “Гэты выкінутыя чатыры гады жыцьця. Тое, да чаго ты ішоў усё жыцьцё, перакрэсьліла адмова ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях. Вельмі тады быў дрэнны настрой, бо мы хацелі змагацца за перамогу. Але нашае камуністычнае кіраўніцтва вырашыла байкатаваць Алімпіяду ў Лос-Анджэлесе яшчэ за чатыры гады да яе пачатку. А мы пра гэта ня ведалі. Мы працавалі, і ня ведалі. Я думаю, што тады быў пакалечаны лёс многіх спартоўцаў. Тое, што яны ня сталі алімпійскімі чэмпіёнамі — гэта вельмі дрэнна. Бо такая магчымасьць, такое выпрабаваньне для многіх спартоўцаў даецца толькі раз у жыцьці”.

Я спытаў Уладзімера Парфяновіча, ці магчыма, што беларускае кіраўніцтва наважыцца на байкот гульняў у Атэнах. Славуты спартовец лічыць гэта малаверагодным:

(Парфяновіч: ) “Не, ня пойдзе на гэта. Калі ж так здарыцца, я буду першым, хто будзе прасіць беларускіх спартоўцаў абавязкова ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях пад алімпійскім сьцягам”.
XS
SM
MD
LG