Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Сівакоў згадаў аб прэзумпцыі невінаватасьці


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства спорту і турызму зьмясьціла на сваім вэбсайце (www.mst.by) заяву міністра Юрыя Сівакова ў сувязі з тым, што Эўрапейскі Зьвяз і ўлады Грэцыі забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю. Камэнтуючы рашэньне Эўразьвязу, міністар Сівакоў адзначыў, што з гледзішча маральна-псыхалягічнага гэта сур’ёзная траўма, і ня толькі асабіста для яго.

Сівакоў спадзяецца, што спартоўцы і трэнэры зразумеюць усё правільна і будуць дастойна дзейнічаць у гэтай сытуацыі.

Ён зьвінаваціў амэрыканскае кіраўніцтва і Эўразьвяз, якія быццам бы “адкрыта парушаюць прынцыпы алімпійскага руху”. “Мы, славяне, на чале з Расеяй, павінны праяўляць больш актыўнасьці ў абароне ўстаноўленых міжнародных нормаў і правілаў, а не заставацца пасіўнымі пабочнымі назіральнікамі”, — піша міністар у сваёй заяве.

“З пункту гледжаньня прэзумпцыі невінаватасьці і сутнасьці праблемы, вакол якой разгарэўся ўвесь гэты сыр-бор, магу сказаць толькі адно, — працягвае міністар Юры Сівакоў, — ніхто ня мае права называць чалавека злачынцам і выносіць яму прысуд без рашэньня суду. Калі б у чыноўнікаў Эўразьвязу былі важкія доказы супраць мяне, то іх дзеяньні, адназначна, былі бы зусім іншымі”.

Пасьля зьяўленьня гэтай заявы я пацікавіўся ў прэсавага сакратара міністра Анатоля Арцем’ева намерамі Юрыя Сівакова. Паводле Арцемьева, міністар працуе ў ранейшым рэжыме:

(Арцем’еў: ) “Ён мае на ўвазе чыста ўнутраную, маральную, душэўную траўму. Гэта не фізычны стан здароўя. Ён займаецца спортам, падтрымлівае сябе ў адпаведнай фізычнай форме на высокім узроўні. Але што тычыцца гэтага нечаканага павароту падзеяў, ён наклаў на яго вялікі адбітак”.

На пытаньне, ці паедзе Юры Сівакоў у Атэны і ці застаецца ён кіраўніком беларускай алімпійскай дэлегацыі, канкрэтнага адказу ў Міністэрстве спорту і турызму не далі. Вось што патлумачыў Анатоль Арцем’еў:

(Арцем’еў: ) “Гэты адказ вам можа даць толькі Міністэрства замежных справаў альбо НАК, таму што гэтым пытаньнем яны займаюцца ў дадзены момант”.

Аднак ні ў беларускім МЗС, ні ў Нацыянальным алімпійскім камітэце на гэтае пытаньне таксама пакуль ня маюць канкрэтнага адказу.

Шэф місіі беларускай спартовай дэлегацыі ў Атэнах Анатоль Іваноў таксама пакуль ня ведае, ці прыляціць Юры Сівакоў, як плянавалася, 12 жніўня.

(Іваноў: ) “Мы гатовыя сустракаць, а прыедзе ён ці не, я ня ведаю. Квіткі замоўленыя, акрэдытацыя на яго ёсьць. А яму прымаць рашэньне”.

А калі будзе нейкая замена, то ці ня ўзьнікнуць складанасьці?

(Іваноў: ) “Замена можа быць толькі ў рамках дэлегацыі. У нас тут ёсьць намесьнік міністра, віцэ-прэзыдэнт ёсьць. Калі некага зь іх прызначаць кіраўніком дэлегацыі, ніякіх праблемаў ня будзе. Але гэта ў тым выпадку, калі Юры Сівакоў не прыедзе. Але гэта ён прымае рашэньне, а мы гатовыя яго сустракаць”.

Анатоль Іваноў таксама адзначыў, што ён, як шэф місіі ў Атэнах, не атрымліваў ніякіх дакумэнтаў наконт забароны на ўезд Сівакова на тэрыторыю Грэцыі. Таксама ён ня мае тлумачэньняў ад выканкаму Міжнароднага Алімпійскага камітэту.

Гл. таксама • Грэцыя забараніла ўезд на сваю тэрыторыю міністру спорту Юрыю Сівакову
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG