Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта Беларусі камэрцыйныя ўнівэрсытэты?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” - агляд лістоў нашых слухачоў.

Ці захаваюцца ў Беларусі недзяржаўныя навучальныя ўстановы? Які лёс чакае студэнтаў нядаўна зачыненага ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту? Чаму пратэсты студэнцтва супраць закрыцьця іхнай alma mater былі такімі нешматлюднымі й нерашучымі? Гэтыя тэмы, якія амаль штодня гучалі на мінулым тыдні ў нашым эфіры, многія нашыя слухачы працягваюць абмяркоўваюць у сваіх лістах на Свабоду. Вось што піша Сьвятлана Волах зь Менску:

“Не разумею, чаму вы столькі шуму ўзьнялі вакол Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Гэта ж не Беларускі ліцэй — у тым унівэрсытэце нічым беларускім і ня пахла, гэта быў тыповы расейскі ўнівэрсытэт з праваслаўным духам. І нічога страшнага не адбудзецца пасьля таго, як яго зачынілі. У дзяржаўных ВНУ студэнты атрымаюць ня менш ведаў і будуць арыентаваныя найперш на Беларусь, а не на Расею і не на замежжа.

Увогуле, ці патрэбны Беларусі камэрцыйныя ВНУ — вялікае пытаньне. Відавочна ж, якія мэты найперш ставяць гаспадары гэтых так званых унівэрсытэтаў ды акадэміяў — атрымаць паболей прыбытку, абабраць бацькоў гэтых няшчасных студэнтаў. А куды потым уладкуецца выпускнік гэтага так званага “эўрапейскага” унівэрсытэту, іх ня надта цікавіць”.

Сапраўды, спадарыня Волах, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ня надта шмат увагі надавалі нацыянальнай культуры, гісторыі й мове. Але ж зьнішчае ўлада яго ды іншыя недзяржаўныя навучальныя ўстановы зусім ня з гэтай прычыны. Яна глядзіць на гэтыя ВНУ як на асяродкі іншадумства, як на цэнтры выхаваньня нелаяльнай, непадкантрольнай ёй моладзі, што ня хоча канспэктаваць догмы афіцыйнай ідэалёгіі і задае непрыемныя пытаньні. Ці стане больш якаснай сыстэма адукацыі ў Беларусі пасьля таго, як зьнікнуць недзяржаўныя ўнівэрсітэты? Не, ня стане, нават калі і дапусьціць, што камэрцыйныя ВНУ шмат у чым саступалі дзяржаўным. Там, дзе зьнікае альтэрнатыва і канкурэнцыя, зьнікае і стымул да разьвіцьця і ўдасканаленьня.

Яшчэ адзін аспэкт гэтай праблемы закрануў у сваім электронным лісьце на Свабоду студэнт зь Менску Сяргей Пахоменка. Ён піша:

“Цяпер ужо ўсе ўбачылі: гэтая ўлада ненавідзіць усё, што ёй не падпарадкуецца. Недзяржаўная адукацыя асуджаная на зьнішчэньне — гэта відавочна. Калі б такое адбылося ў іншай краіне, на вуліцы выйшлі бы дзясяткі тысячаў студэнтаў і выкладчыкаў. А ў Беларусі ўсё ціха. Кожны думае: “Дзякуй Богу, што мяне пакуль не чапаюць”. Марныя спадзяваньні: наступнымі будуць якраз такія хітруны. Пераседзець у акопах нікому ня ўдасца. Студэнты ў Беларусі, на жаль, неарганізаваныя і запалоханыя. Тыя, хто ўсё разумеюць і ня хочуць падладжвацца, уцякаюць за мяжу. А калі хочаш зрабіць кар’еру ў Беларусі – запісвайся ў БРСМ, хвалі Лукашэнку”.

Вы, Сяргей, напэўна, у значна большай ступені, чым іншыя, ведаеце і прычыны такіх настрояў у стэдэнцкім асяродзьдзі. Беларускі студэнт пастаўлены ў такія ўмовы, калі любая праява неляяльнасьці да ўлады можа каштаваць студэнцкага білета. А пляма так званай “палітычнай недабранадзейнасьці” потым можа перашкодзіць і ў працаўладкаваньні, і ў кар’ерным росьце. У гэтым сэнсе цяжка, немагчыма параўноўваць беларускага студэнта і студэнта, напрыклад, польскага ці нямецкага.

Ліст ад Алеся Станкевіча з Горадні. Слухач лічыць, што, нават калі Аляксандар Лукашэнка наважыцца правесьці рэфэрэндум аб падаўжэньні свайго прэзыдэнцтва, большасьць беларусаў яго не падтрымае. Алесь Станкевіч піша:

“Давайце ўважліва пачытаем Выбарчы Кодэкс. Артыкул 112 не дазваляе выносіць на рэфэрэндум пытаньні, зьвязаныя з выбарамі альбо звальненьнем прэзыдэнта Беларусі. А паводле артыкула 121, каб зьмяніць Канстытуцыю, трэба, каб “за” на рэфэрэндуме прагаласавала большасьць грамадзянаў, унесеных у сьпісы выбарцаў. Гэта значыць, калі ў Беларусі каля 7 мільёнаў выбарцаў, дык трэба, у выпадку, калі на ўчасткі прыўдуць 5 мільёнаў, каб “за” прагаласавалі тры з паловай мільёна, ці 70 адсоткаў. А калі супраць будуць паўтара мільёна — дык прапанова ўжо не праходзіць. Вось чаго і баіцца Лукашэнка — вялікі гарант Канстытуцыі. Бо наўрад ці ён набярэ ня тое што 70, а нават і 30–40 адсоткаў “за”.

Вы, напэўна, і сам, спадар Станкевіч, разумееце, што пытаньне ня толькі ў тым, як рэальна прагаласуюць людзі, але і ў тым, хто і як гэтыя галасы будзе лічыць. Досьвед апошняга дзесяцігодзьдзя сьведчыць, што ўлада вельмі актыўна выкарыстоўвае ўласныя адміністратыўныя магчымасьці падчас выбарчых кампаніяў, не дапускаючы ў выбарчыя камісіі незалежных асобаў, абмяжоўваючы незалежнае назіраньне, дыскрымінуючы апазыцыю і яе кандыдатаў. З усім гэтым, хутчэй за ўсё, давядзецца сутыкнуцца падчас магчымага рэфэрэндуму тым людзям, якія зацікаўленыя ў тым, каб галасаваньне было сумленным і празрыстым.

Журналіст зь Менску Аляксандар Фядута адклікнуўся на ліст Васіля Галынкі з Салігорску, што прагучаў у нашым эфіры 1 жніўня. Спадар Галынка лічыць, што ўсе намаганьні апазыцыі бескарысныя і марныя. “Апазыцыя ў Беларусі такая, якой ёй дазваляе быць прэзыдэнт, — пісаў слухач. — А захоча ён — і ня будзе ў нас увогуле ніякай апазыцыі, як пры камуністах. Думаеце, народ з гэтай нагоды пачне абурацца? Нічога падобнага. Інтэлігенцікі будуць мармытаць нешта на сваіх кухнях — вось і ўвесь супраціў”. Аляксандар Фядута з гэтай нагоды піша:

“Прачытаў на сайце “Свабоды” ліст Васіля Галынкі. Вымушаны яму запярэчыць. Я, як вядома, быў і застаюся адным з самых жорсткіх і пасьлядоўных крытыкаў нашай апазыцыі. Але казаць пра тое, што сама па сабе апазыцыйнасьць бессэнсоўная — гэта ў прынцыпе няправільна. Так, для так званых “простых людзей” і Сахараў з Салжаніцыным былі ўсяго толькі балбатунамі-інтэлігентамі. Гэтыя, так бы мовіць, “простыя людзі” ня тое што “Архіпэляг ГУЛАГ” — “Івана Дзянісавіча” не адолелі. Але Сахараў і Салжаніцын сваёй чалавечай мужнасьцю, а “Свабода” сваёй пасьлядоўнай праўдай разбуралі не імпэрыю знутры — кайданы на кожным з нас.

Юбілей Чэхава, шкада, мінуў непрыкметна. А ён жа заклікаў кожнага па кроплі выціскаць зь сябе раба. Саўгасны лад, спраектаваны на ўсю краіну, гэта дзяржава, якая абапіраецца на рабства. Дысыдэнцтва інтэлігенцыі — гэта супрацьстаяньне свабоды рабству. А яно дарэмным не бывае. Як пісаў паэт, “Из искры возгорится пламя”. Трэба толькі адасабляць апазыцыю як маральны выбар ад асобных палітыкаў, якія скампрамэтавалі сябе. І тады ўсё ў нас атрымаецца. З павагай Ваш інтэрнэт-чытач Аляксандар Фядута, Менск”.

Мне падаецца, Аляксандар, што папрокі Васіля Галынкі на адрас інтэлігенцыі — гэта ня столькі адмаўленьне карысьці апазыцыйнасьці як зьявы, колькі жэст бездапаможнасьці, праява стомленасьці ад шматлікіх няўдач, паразаў і памылак апазыцыі, якіх столькі было за апошняе дзесяцігодзьдзе. Іскраў нібыта і многа, а полымя не разгараецца.

На заканчэньне — ліст ад Алега Лабунца зь Нясьвіскага раёну. Слухач піша:

“Уяўляю, зь якім настроем едуць на атэнскую Алімпіяду беларускія спартоўцы. Ім жа давялі план, як шахцёрам ці сталяварам. І паспрабуй гэтага пляну ня выканаць. Якая можа быць разьняволенасьць, якое натхненьне, калі ўвесь час над табой вісіць гэты сьвінцовы цяжар абавязку, ускладзенага самым галоўным заўзятарам. Я люблю спорт і зь вялікай цікавасьцю сачу за міжнароднымі спаборніцтвамі. Але ж нельга ставіць перад спартоўцамі невыканальныя задачы. Беларусь маленькая краіна, яе насельніцтва — менш як 10 мільёнаў чалавек. Большасьць такіх краінаў на Алімпіядах увогуле застаюцца без мэдалёў. І ніхто гэтага не драматызуе. Спорт — гэта непрадказальнасьць, фартуна. За гэта ён усім і падабаецца. А пляны прэзыдэнт павінен ставіць не спартоўцам, а сваім міністрам, ураду — каб апярэджвалі іншыя краіны не ў кіданьні коп’яў і молатаў, а ў пэнсіях для старых ды ў якасьці мэдыцыны і адукацыі”.

Аляксандар Лукашэнка і не хавае, спадар Лабунец, што ставіць перад алімпійцамі ня столькі спартовыя, колькі палітычныя задачы. Па сутнасьці, улада дамагаецца ад алімпійцаў, каб тыя сваімі перамогамі, рэкордамі ды мэдалямі кампэнсавалі на міжнароднай арэне правалы палітыкаў. Прыём ня новы: у свой час гэтак жа дэманстраваць перавагі сацыялізму і так званага “савецкага ладу жыцьця” павінны былі спартоўцы Савецкага Саюзу і ГДР.

Безумоўна, спорт зьвязаны з палітыкай, хоць бы таму, што любая гучная спартовая перамога істотна ўплывае на грамадзкія настроі, на імідж краіны ў сьвеце. Але калі ўлада сама сябе ізалявала ад цывілізаванага сьвету, ніякія алімпійскія мэдалі ня здольныя зрабіць тое, што павінны рабіць палітыкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG