Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве экскурсіі па Камуне


Ягор Маёрчык, Камуна (Любаньскі раён Меншчыны) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Шаноўнае спадарства!

Прапаную вашай увазе экскурсію па вёсцы Камуна. Гэтае штучна ўтворанае паселішча знаходзіцца на поўдні Любаньскага раёну Меншчыны. Яшчэ стагодзьдзе таму тут былі непраходныя балоты. А цяпер – стаіць вёска на 270 двароў.

Нашая экскурсія пачынаецца з наведаньня адзінага ў Беларусі Музэю мэліярацыі. З экспазыцыяй знаёміць дырэктар тутэйшае сярэдняе школы імя Янкі Купалы Анатоль Вялічка.

(Вялічка: ) “Гэтая заля прысьвечана гісторыі стварэньня Камуны. “Вясной зьявілася іх сем сьвет новы будаваць” /Янка Купала, паэма “Над ракой Арэсаю”/ на чале з Мануілам Натанавічам Модзіным. Ён калі служыў у войску, зарганізаваў хлапцоў. Яны вырашылі пасьля дэмабілізацыі прыйсьці на асушэньне Мар’інскіх балот. Яны й дагэтуль тут карыстаюцца павагаю, бо нават Купала пра іх напісаў. Гэта гімн творчай працы, гімн мясцовасьці – паэма “Над ракою Арэсаю”. Камуна ўзьнікла на месцы колішніх хутароў. Тут было дзесьці 17 хутароў. А ў 29-м годзе калі прыехалі сюды камунары, яны збудавалі гэтую вёску”.

(Карэспандэнт: ) “Я гляджу, у вас вельмі багатая калекцыя фатаздымкаў менавіта тых часоў, калі пачыналася мэліярацыя. Гэта цэлая фотахраналёгія...”

(Вялічка: ) “Некаторыя фатаздымкі захаваліся ў нашых старажылаў. І шмат давялося паезьдзіць па нашых архівах. Рэчы – прыкладам, землямерную стужку – аддалі мэліяратары. Вось драўляны цыркуль. Вось яшчэ рыдлёўка захавалася”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль гэтыя экспанаты?”

(Вялічка: ) “Людзі мясцовыя пазносілі”.

А цяпер мы знаходзімся непадалёк ад музэю, на адной з вуліц Камуны. У некалькіх мэтрах ад нас стаіць схуднелы дзядок. Строй ягоны выдае таксама на экспанат з таго, прамінулага, часу: латка на латцы трымаецца. Насамрэч Аляксандар Васіленка – чалавек у вёсцы вядомы, бо да пэнсіі ён працаваў паштальёнам.

Для нас жа спадар уяўляе цікавасьць, бо зьяўляецца аднагодкам Камуны. Ён дзеліцца ўспамінамі зь дзяцінства. Такія сьведчаньні не зафіксаваны нават у музэі.

(Васіленка: ) “На самым пачатку своеасаблівая камуна была, камунізм. Агульны стол быў. Вось ідуць на працу, робяць, прыходзяць, сьнедаюць, абедаюць, вячэраюць. Лазьня была. Нават сподняе было агульнае. Лічы, што быў тут камунізм. У сталоўцы ніхто не плаціў. А пасьля, праз год, сталі сюды прыяжджаць эканамісты. Яны прыйшлі да высновы, што пасьля агульнага стала у нас дэбіт з крэдытам ня сходзіцца. Ужо кажуць “Таварышы, давайце мы будзем паасобку харчавацца”.

Зноў запрашаю вас у Музэй мэліярацыі. Дамо магчымасьць Анатолю Вялічку доўжыць аповед.

(Вялічка: ) “Калі Камуна пачала трошкі дужэць, набіраць моцы, то паўстала пытаньне, як сюды падвозіць грузы. Праз “Чырвоны Крыж” зь Нямеччыны яны выпісалі сабе чыгуначку, вузкакалейку. Яна працавала на адлегласьці 14 кілямэтраў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ўсё захавалася?”

(Вялічка: ) “Фатаздымак застаўся й насып застаўся. Мы там яшчэ такі камень паклалі, дзе напісалі, што ў 32-м годзе тут была чыгунка”.

Як вы зразумелі з адказу Анатоля Вялічкі, чыгункі ў Камуне сёньня няма. Адзіным зьвязам са зьнешнім сьветам зьяўляюцца рэйсавыя аўтобусы, якія праходзяць праз паселішча.

Зараз мы пройдзем колькі соцень мэтраў і апынёмся ля хаты Ніны Аксёнчык. Гэтая бабулька ўжо шмат гадоў жыве адна. Летась у яе здарылася вялікае гора – адняліся ногі. Яна перасоўваецца з падмогаю самаробных кіёчкаў.

(Карэспандэнт: ) “Да Любаня 25 кілямэтраў. Як людзі туды езьдзяць?”

(Аксёнчык: ) “У каго ногі ходзяць, – пойдуць на аўтобус, сядуць і паедуць. Дый прыедуць назад. А такой, як я, трэба наймаць машыну ды плаціць 20 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Той жа калгас мог бы вам даць машыну?”

(Аксёнчык: ) “О-о-ой! Цяпер гэты старшыня нават ня хоча слухаць і паглядаць на цябе. А я, маё дзіцятка, прарабіла 44 гады ў калгасе. Дык вось і крыўдна! Крыўдна! Я там усю сваю сілу паклала. І ніякай нам літасьці. Пайшлі такія самыя бабкі, як я, да старшыні папрасіць, каб соткі бліжэй даў. Ён жа нам дзесьці такую зямлю выбраў, што там ніколі нічога не расло. Бабкі сталі яму пра гэта казаць. А ён гаворыць: “Будзеце мне надакучаць, – я колікі пазабіваю, і будзеце рыдлёўкамі капаць. І зачыніце – кажа – дзьверы з таго боку!”

(Карэспандэнт: ) “А як яго завуць?”

(Аксёнчык: ) “А гром яго ведае! Ён нейкі руды. Ён сядзіць у канторы, заду свайго не выносіць адтуль, а ня гэтых людзей ён глядзіць! О-го, то старшыня! Яго трэба мятлою адсюль гнаць!”

У Музэі мэліярацыі Анатоль Вялічка падае чарговы этап з гісторыі вёскі.

(Вялічка: ) “Камуна набірала моц. Калі за першы год яны адваявалі ў батолаў 40 гектараў, то праз 10 гадоў – 1600. За свае дасягненьні ў 37, 38, 39-м гадох Камуна была адной зь першых у рэспубліцы ўзнагароджана ордэнам Леніна. У 67-м годзе былі скончаны асноўныя працы па будаўніцтве асушальнай сыстэмы ракі Арэсы. Плошча асушэньня – 916 кілямэтраў”.

(Карэспандэнт: ) “Падыходзім да чарговага стэнду...”

(Вялічка: ) “Гэта дрэнажныя трубы з розных матэрыялаў. Але я вас вярну крышку назад. У 45-м годзе, калі мы не маглі выпускаць керамічныя, альбо гліняныя трубы, то мы... На 50-ці гектарах у калгасе ляжыць яшчэ дрэнаж зь бярозы”.

(Карэспандэнт: ) “Ён д гэтуль дзейнічае?”

(Вялічка: ) “Дзейнічае!”

А цяпер мы зойдзем да прадстаўніка мясцовай улады. І зробім гэта зь дзьвюма мэтамі. Па-першае, галоўныя ў сельсаветах вельмі крыўдуюць, калі нехта прыяжджае на падуладную ім тэрыторыю й не паведамляе пра свой візыт. А па-другое, старшыня Рыгор Лаворчык – у мінулым аграном. І пра стан мэліяраваных зямель ён ведае болей за астатніх.

(Лаворчык: ) “Усё паціху само затапляецца. Сёньня нельга праехаць трактарам, бо стаіць вада, сыстэмы не працуюць, бабры плацін на каналах набудавалі. Глядзяць усё ня так, як раней. Даглядаць-та даглядаюць, але той жа дрэнаж выходзіць са строю. І каналы – асабліва ўнутры гаспадаркі – ня маюць такога дагляду, як раней. Працы такія вядуцца, але іх недастаткова”.

У Музэі мэліярацыі мы ўваходзім у апошнюю залю. Яна прысьвечана разьвіцьцю Камуны пасьля Другой усясьветнай вайны.

(Вялічка: ) “50-80 гады. Гаспадарка дасягнула найвышэйшых паказьнікаў. Мела свой канапляны завод, свой цагляны завод. Калгас стаў мільянэрам. Гаспадарка ў тыя часы набыла сваю славу”.

За савецкімі часамі тутэйшы калгас насіў імя Беларускай вайсковай акругі. Да сёньня дажыў назоў, хоць самой акругі ўжо няма, дый зьмянілася гаспадарка. Цяпер гэта СПК.

Прыпыняемся ля цэнтральнага офісу – тут яго называюць кантораю. Праваруч – рэшткі нейкіх пабудоў. Здагадкі, што на гэтым месцы адбыўся нейкі выбух, памылковыя. Некалішняе сховішча развалілася само, без анічыёй дапамогі.

Але вунь там, за некалькіх мэтраў, знаходзіцца яшчэ адзін склад. Ягоныя сьцены таксама пахіліліся. Канчаткова разбурыцца ім замінаюць хіба бярвёны, што падпіраюць саслабелую будыніну.

З чорнай дзіркі ўваходу чутны галасы. Рызыкнем і зойдзем усярэдзіну.

(Першая спадарыня: ) “Кепска жывём. Цяжка жыць. Якія ў нас заробкі? 40 тысяч заробак. Ці можна пражыць на гэтыя грошы?”

(Карэспандэнт: ) “А як людзі жывуць?”

(Першая спадарыня: ) “А так і жывуць, у галечы!”

(Другая спадарыня: ) “Мы працуем на газ. Балён набудзем, а за электрычнасьць ужо няма чым заплаціць. Гэта ўжо ня кажучы пра тое, што трэба хлеб”.

(Карэспандэнт: ) “Але вы трымаеце нейкую сваю гаспадарку?”

(Першая спадарыня: ) “Яна –та ёсьць, але й там усе есьці хочуць. Іх трэба накарміць і самому паесьці. Калгасьнікі – гэта самая найніжэйшая па аплаце катэгорыя. Самыя сапраўдныя нявольнікі. Вось вам нашыя расцэнкі. Норма – трэба разгрузіць 10 тон камбікорму, каб атрымаць 890 рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Разгрузіць рукамі?”

(Тры спадарыні хорам: ) “Уручную!”

(Карэспандэнт: ) “А зрабіць гэта за дзень магчыма?”

(Першая спадарыня: ) “Магчыма. Але што ты за гэта атрымаеш?”

(Трэйцяя спадарыня: ) “Булку хлеба”.

(Карэспандэнт: ) “Добра. Дзякуй вам вялікі за размову! Я пайду ўжо”.

(Трэйцяя спадарыня: ) “Вось мы з вамі пагаварылі... І што цяпер? Нам заробку дададуць?” /Усе сьмяюцца./

А тым часам нашая экскурсія ў Музэі мэліярацыі завяршаецца. Апошні стэнд распавядае пра савецкія часы. Да экскурсавода – Анатоля Вялічкі – я маю два пытаньні:

(Карэспандэнт: ) “Я гляджу, што апошні стэнд датаваны 80-мі гадамі. Калі вы праводзіце экскурсіі ў адзіным музэі мэліярацыі ў Беларусі, ці падаеце нейкія адпаведныя фрагмэнты экспазыцыі: пра наступствы мэліярацыі, пра зьмены ў прыродзе?”

(Вялічка: ) “Пэўныя высновы робяцца – на прыкладзе тых жа дасягненьняў. Мэліярацыя патрэбна была, у межах разумных. Каб яна прыносіла прыбытак”.

І напрыканцы нашага падарожжа па Камуне – яшчэ адзін візыт да тутэйшых насельнікаў.

Каб уразумець, якія наступствы прынесла мэліярацыя Любаньскаму краю, прапаную завітаць да Кацярыны Міхалені. Сярод сваіх аднавяскоўцаў яна нічым асаблівым не вылучаецца. Звычайны лёс. Жыве ў вясковай хаце. Трымае гаспадарку. Карацей кажучы, усё, як ува усіх.

Вось мы й ля ейнай сядзібы. Бабулька стаіць з іншага боку плоту й трымае ў руках серп. Акурат Купалава жнейка, толькі пастарэлая.

(Карэспандэнт: ) “Жаць нешта зьбіраецеся?”

(Міхаленя: ) “Жала. Бо цяпер загадваюць касіць, каб ля двара было чыста”.

(Карэспандэнт: ) “Як гарод? Як ураджаі?”

(Міхаленя: ) “А калі сухмень, што ён нам дасьць. Калі няма дажджу, трэба паліваць з калодзезя. Жоўтая ў нас вада”.

(Карэспандэнт: ) “Ад чаго ж яна жоўтая?”

(Міхаленя: ) “А хто яе ведае. Але нічога – п’ямо, ямо, варым на ёй”.

(Карэспандэнт: ) “А што людзі ядуць? Што ў вас на стале бывае?”

(Міхаленя: ) “Бульба, макароны, боршч”.

(Карэспандэнт: ) “А боршч як робіце?”

(Міхаленя: ) “Шчаўё, цыбуля, часнок, ліст. Альбо засмажыш, альбо костку ўкінеш”.

(Карэспандэнт: ) “Смачна атрымліваецца?”

(Міхаленя: ) “Добра зварыш – добра паясі!”

(Карэспандэнт: ) “Такая праблема, як п’янства, маецца?”

(Міхаленя: ) “Чаму няма? Дзе цяпер п’яных няма? Цяпер чалавек памрэ, яму й на могілкі прынясуць. Наліваюць яму там. А калі не нальеш – ён табе прысьніцца: “Чаму ты мне ня даў?” У нас тут людзі памерлі, дык адным налілі, а іншых абмінулі. А ён прысьніўся й гаворыць: “Хіба я не такая душа: тым далі, а мне не?” І як пасьля гэтага не наліць?”

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі!”

(Міхаленя: ) “Дай Бог вам здароўя! Каб сто год жылі й гора ня малі!”

(Карэспандэнт: ) “І вам таксама!”

(Міхаленя: ) “І мне таксама! З Богам!”

Жыхары Камуны бачаць у выніках мэліярацыі толькі станоўчы бок. Асушэньне балот дало жыцьцё іхнай вёсцы, а значыць – і ім. Яны й слухаць ня хочуць пра глябальныя зьмены клімату, пра парушэньні прыроднага балянсу, пра вясновыя маразы й летнія сухмені па ўсё Беларусі.

Што да адзінага ў краіне Музэю мэліярацыі, яму не пашкодзіла б абнаўленьне экспазыцыі. Каб новая вэрсія паказвала ня толькі перавагі, але й нэгатыўныя пасьледкі асушэньня балот. Ну, а пакуль такога няма, сучаснае жыцьцё Камуны можна пабачыць і ўразумець толькі на вуліцах самога паселішча.
XS
SM
MD
LG