Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі маглі б безь медвыцьвярэзьніку абысьціся, дзяржава – не


Казімір Яноўскі, Гомель Днямі Гомельскі медвыцьвярэзьнік адзначыў круглую дату – паўвекавы юбілей. Утвораны ён быў паводле рашэньня Гомельскага гарсавету на пачатку жніўня 1954 году. Цяпер медвыцьвярэзьнік зьяўляецца адмысловай установай абласной управы міліцыі.

Напярэдадні юбілею адміністрацыя медвыцьвярэзьніка заяўляла, што ўдзячныя пацыенты абавязкова прынясуць кветкі. Кветкі сапраўды былі – белыя глядыёлюсы. Я сам іх бачыў на стале ў кабінэце начальніка медвыцьвярэзьніка, падпалкоўніка міліцыі Ігара Хадзюкова. Праўда, падпалкоўнік прызнаўся, што кветкі прынесла са свайго агароду адна з супрацоўніц выцьвярэзьніка. Пры гэтым начальнік паведаміў, што ў кнізе скаргаў і прапановаў усё-ткі ёсьць падзякі ўстанове. Часьцей за ўсё пішуць мацяркі і дзякуюць за тое, што ня кінулі сыноў п’янымі на вуліцы.

У лепшыя, так бы мовіць, гады ў медвыцьвярэзьніку на вуліцы Інтэрнацыянальнай бывала звыш 14 тысячаў пацыентаў. Пераначаваць тут каштуе, як у добрым гатэлі, – 28 з паловай тысячаў беларускіх рублёў. Набор паслугаў стандартны: агляд фэльчара, жалезны ложак у чатырох альбо шасьцімесцавай палаце, цяжкае паветра. А яшчэ – дзяжурны сяржант ля вакенца палаты. Асабліва неспакойных – прывязваюць да ложка.

Некаторыя пацыенты наогул лічаць, што прывозяць іх у медвыцьвярэзьнік неабгрунтавана. Гутару з гамельчуком Васілём, якога міліцэйскі патруль толькі што даставіў ва ўстанову:

(Васіль: ) “Ну, выпіў крыху, дык гэтыя во прычапіліся і цягнуць сюды. А як жа я магу супраціўляцца міліцыі? Я ішоў дадому на Сталярную вуліцу. Чаго яны сюды на Інтэрнацыянальную пацягнулі? Ня ведаю, чаго. Разумнікі, выслужыцца хочуць. А мне што рабіць?”.

(Карэспандэнт: ) “Зь якой прычыны выпілі? Што за сьвята ў вас было?”

(Васіль: ) “Так атрымалася, што на працы пайшлі зь сябрамі й выпілі па чарцы. Ну дык што? А гэтыя – яны чаго? Я ж ішоў, а яны не пусьцілі дадому. Каля дому схапілі. Мне трэба было ісьці, а яны не пусьцілі дадому”.

(Карэспандэнт: ) “Жонцы патэлефанавалі, каб забрала вас”?

(Васіль: ) “У мяне ні тэлефона, ні жонкі няма. Адзін я”.

Дарэчы, за сем месяцаў у бюджэт гораду медвыцьвярэзьнік пералічыў 105 мільёнаў рублёў. Іншыя прадпрыемствы даюць меней даходаў, чымсьці гэтая міліцэйская ўстанова.

Былі, канешне, у паўвекавой гісторыі медвыцьвярэзьніка і змрочныя часы. У 80-я гады, напачатку гарбачоўска-лігачоўскай барацьбы з п’янствам, працы ў медвыцьвярэзьніка было няшмат. Але неўзабаве людзі навучыліся гнаць самагон, піць усё, што гарыць – і ўстанова зноў запрацавала на поўную моц.

Знамянальным быў і леташні год: выцьвярэзьнік не працаваў амаль 9 месяцаў. Ягоныя функцыі ў нейкай ступені выконваў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі. Беларусь хацела ісьці за цывілізаваным сьветам.

Аднак у лістападзе гарадзкія ўлады зноў аднавілі працу медвыцьвярэзьніка. Яно і зразумела: у мэдычным шпіталі ад п’янага – адны выдаткі, а ў медвыцьвярэзьніку – прыбытак. Урад гэта таксама зразумеў і ў сьнежні 2003 году прыняў пастанову №1690. Ёю зацьверджана палажэньне пра медвыцьвярэзьнік як установу міліцыі для працьвярэжваньня п’яных асобаў.

Колькі гадоў таму я быў у Швэцыі. У невялікім гарадку Ліндасбергу мы знаёміліся зь працай тамтэйшай паліцыі. Там нямашака выцьвярэзьнікаў: калі чалавек ня можа з прычыны ап’яненьня ісьці, яго паліцыя адвозіць дамоў. Я спытаўся ў шэфа паліцыі, ці патрэбна швэду плаціць грошы за падвоз? Ён усьміхнуўся, і адказаў, што падаткаплацельшчыкі ўжо заплацілі адзін раз – яны ўтрымліваюць паліцыю на сплачаныя падаткі.

Што да будучыні беларускіх медвыцьвярэзьнікаў, то падпалкоўкік Хадзюкоў, начальнік Гомельскага медвыцьвярэзьніка, адказаў на гэтае пытаньне так:

(Хадзюкоў: ) “Наша будучыня будзе залежаць ад будучыні грамадзянаў. Будуць піць – ёсьць будучыня. Ня будуць піць, магчыма, адпадзе неабходнасьць у існаваньні такіх установаў”.
XS
SM
MD
LG