Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяржава карае калгасьнікаў двойчы”


Падрыхтаваў Алесь Дашчынскі, Менск Агляд сьвежых нумароў незалежных рэгіянальных газэт

“Телевестник” распавядае, што ў Воршы ўлады зачынілі дом дзіцяці, а яго ўтрыманцаў перавялі ў Віцебск. У выніку, мэдычныя работнікі засталіся без працы. Затое на будынак былога дома дзіцяці, які месьціцца ў цэнтры горада, цяпер шмат прэтэндэнтаў, сярод якіх два банкі.

Яшчэ “Телевестник” заўважае, што цягам тыдня ў Аршанскім раёне скончыла жыцьцё самагубствам пяцёра чалавек. Адзін з самазабойцаў пакінуў цыдулку, у якой патлумачыў, што не можа далей жыць, бо ня мае магчымасьці матэрыяльна забясьпечыць сям’ю. Газэта зазначае тэндэнцыю, што сярод жыхароў раёна, якія ўчынілі суіцыды, паболела маладых мужчын.

Цягам першага паўгодзьдзя ў Віцебскай вобласьці адбывалася фактычна 62 злачынствы ў суткі. Прычым нераскрытымі застаюцца амаль 40 працэнтаў, паведамляе газэта “ Витебский курьер”. Амаль кожныя другія суткі праваахоўныя органы выяўлялі факты хабарніцтва. Значная колькасьць сярод хабарнікаў кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Яшчэ ў “Витебским курьеры” месьціцца аповед пра сэнсацыйнае адкрыцьцё полацкага археоляга Дзяніса Дука: Полацк у XII стагодзьдзі займаў значна большую плошчу, чым лічылася дагэтуль. Удалося раскапаць рэшткі абарончага вала і вежы, а таксама сядзібы гараджан. Яшчэ ў гэтым сэзоне археоляг устанавіў, што мястэчка Асьвея значна старэйшая, чым меркавалася раней. У выніку раскопак знойдзены культурны слой старажытнай Асьвеі, які датуецца XI стагодзьдзем.

Газэта “Информ-прогулка” падводзіць вынікі разьвіцьця народнай гаспадаркі Лунінецкага раёна за першае паўгодзьдзе. Паводле статыстыкі, самыя нізкія заробкі былі ў сельскай гаспадарцы: яны склалі 113 тысячаў рублёў. Самыя высокія заробкі, больш за 500 тысячаў рублёў, мелі лекары і чыноўнікі банкаўскай сфэры. Увогуле, раён працягвае жыць у доўг.

Непрыемны сюрпрыз атрымалі сёлета калгасьнікі Лунінецкага раёна, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту і зьвярнуліся за налічэньнем пэнсій – аб гэтым распавядае газэта “Информ-прогулка”. Выявілася, што ў іх, паводле дзейнага закону, не хапае стажу для налічэньня пэнсій, а прычынай гэтаму сталі іх нізкія заробкі. “Дзяржава карае калгасьнікаў двойчы”, зазначае газэта. “Мала таго, што за сваю цяжкую працу яны атрымоўваюць капейкі, але і пэнсійны ўзрост па гэтай прычыне падаўжаецца”.

Паводле “Рэгіянальнай газэты”, транспартная міліцыя з Маладзечна скардзіцца, што апошнім часам павялічылася колькасьць ілжывых даносаў пра злачынствы, быццам бы зьдзейсьненыя ў прыгарадных цягніках і электрычках. Пераважна грамадзяне заяўляюць, што ў іх быццам бы скралі грошы і дакумэнты альбо нават зьбілі.
XS
SM
MD
LG