Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў. Вяртаньне


Сяргей Дубавец, Вільня У сёньняшняй перадачы мы пераглядаем новы дакумэнтальны фільм, які называецца “Васіль Быкаў. Вяртаньне” і слухаем расповед рэжысэра гэтага фільма Віктара Корзуна.

Рана ці позна хаосу і расчараваньню прыходзіць канец. Тое, што ў беларусаў няма свайго кінэматографу, даўно стала распаўсюджаным уяўленьнем, прадметам горычы і кпінаў. Хоць гэта і ня так – прынамсі, не зусім так. Але такога кіно, грамадзка-палітычнага, якое б годна адлюстроўвала час, у якім мы жывем, якое хацелася б пераглядаць і паказваць іншым, якое магло б прадстаўляць сваю краіну ў сьвеце – такога кіно ў поўнай меры не было.

Дакумэнталістыка апошніх дзесяці гадоў распавядала альбо пра рэчы прыватныя, альбо высьмейвала рэчаіснасьць, або малявала яе мусова чорнымі фарбамі. Згадваецца, як у некаторых фільмах аўтары пачыналі расповед пра Беларусь сцэнамі рубкі сьвіной тушы на камароўскім рынку ці шабасам сатаністаў, якія ўкрыжоўваюць сабаку. Пры гэтым цалкам можна было зразумець стваральнікаў такіх фільмаў – сапраўды ж дастала. Але такі настрой, такія ілюстрацыі рэжысэрскай роспачы ніяк не спрыялі ані роздуму, ані хоць якому прасьвятленьню наперадзе. У вачох замежных гледачоў паўставалі не апэрэтачны Лукашэнка ці тыя сатаністы, а адносіны аўтараў да сваёй уласнай краіны.

Словам, даўно хацелася пабачыць кіно сьветлае і разумнае, у якім не было б гэтага рэжысэрскага “дастала”. І такое кіно зьявілася. Дзякуючы аўтару Віктару Корзуну, дзякуючы магічнаму зьбегу абставінаў, а найперш – дзякуючы Васілю Быкаву. Галоўным жа героем фільма стаў наш народ.

(Быкаў: ) “Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным. Ад нараджэньня закладваецца ў чалавека інстынкт свабоды. I як бы нi складвалася далейшае iснаваньне гэтай асобы, заўсёды ў iм застаецца ў той цi iншай меры iнстынктыўнае iмкненьне да свабоды. Апроч iнстынктыўнага iмкненьня да свабоды ў чалавека яшчэ ёсьць i сацыяльнае наканаваньне свабоды. Менавiта ў стане свабоды чалавек можа з найбольшым эфэктам рэалiзаваць сябе, як боскае стварэньне, па-першае, i, па-другое, як грамадзкае стварэньне”.

Народ таксама можна паказваць па-рознаму. Можна выбіраць у вулічным натоўпе сінюшныя твары бамжоў ці якіх недарэкаў, і калі пры гэтым за кадрам гаварыць пра Беларусь, ва ўяўленьні гледача гэта і будзе Беларусь – сінюшная, калецкая, страшная. Але гэтым разам мы бачым цалкам адваротную карціну. Магчыма, не памылюся, калі скажу, што ў гэтым фільме сабраныя найлепшыя твары Беларусі, прычым у момант прасьвятленьня, смутку і надзеі.

На гарадзкой прэм’еры фільма “Васіль Быкаў. Вяртаньне”, якая адбылася месяц таму ў Вільні, у Фондзе адкрытай Літвы, сабралася адмысловая публіка – знакамітыя інтэлектуалы, прыналежныя да беларускай, літоўскай, расейскай, польскай, гэбрайскай культур. Знаны літоўскі культуроляг Пранас Моркус казаў пра сваё ўражаньне ад карэктнасьці фільма. Аўтар абраў надзвычай рызыкоўны прыём: на працягу чвэрці гадзіны мы бачым на экране пахавальную працэсію – тое, што звычайна не эстэтызуецца, не ператвараецца ў мастацтва. І каб паказаць пахаваньне як мастацтва патрэбнае надзвычай далікатнае абыходжаньне з матэрыялам. Рэжысэру гэта ўдалося, бо ён не спыняе ўвагі на знаках сьмерці. Камэра плыве паўз людзкое мора, што расьцягнулася бясконцай чаргой да Быкава. На экране – тысячы твараў, на якіх у гэтую хвіліну адбілася самае лепшае, што толькі ёсьць у чалавечай душы. Момант ісьціны. Глядзеньне на гэтыя твары папросту заварожвае. Гэтаксама заварожвае голас Быкава за кадрам.

(Быкаў: ) “Самы выразны паказчык яўнай свабоды або несвабоды грамадзтва – гэта эканамiчны паказчык. Нацыi або грамадзтвы свабодныя жывуць добраўпарадкавана, багата. А нацыi несвабодныя заўсёды жывуць бедна. Распаўсюджанае такое меркаваньне, што ў стане закабаленьня, заняволеньня чалавек можа даць больш. Мы гэта бачым на прыкладзе нашай найноўшай гісторыі – з нацысцкага рэжыму або камуністычнага, калі з чалавека выціскалі ўсё, што толькі можна, і гэтага было недастаткова. І толькі ў самы апошні час стала зразумела, што тыранія або закабаленьне – гэта ня самы прадуктыўны мэтад жыцьця, што ёсьць прыклады Захаду, калі ў стане свабоды чалавек і грамадзтва могуць даць куды болей для цяперашняга свайго існаваньня, а таксама для будучыні”.

(Дубавец: ) “У сёньняшнюю перадачу я запрасіў рэжысэра фільма Віктара Корзуна, каб пагаварыць пра ягоны твор, пра беларускае кіно і пра Васіля Быкава. Наколькі я ведаю, інтэрвію зь пісьменьнікам было запісанае задоўга да гэтага?”

(Корзун: ) “Інтэрвію было запісанае перад самым ад’ездам Быкава за мяжу – тады яшчэ ў Фінляндыю. І гэтае інтэрвію меркавалася ператварыць у фільм пра свабоду. У прынцыпе, ён і быў зроблены. Але публічна ён нідзе не дэманстраваўся, бо, як я зараз разумею, было шмат суаўтараў, і калі я ўлічыў усе пажаданьні, атрымалася, што ён як бы і ня склаўся. Больш за тое, у мяне адчуваньне, што гэтае інтэрвію само сябе закансэрвавала на вельмі доўгі час. А выйшла гэта праз тэхнічны брак пры запісу гуку. І на той момант нейкія перашкоды, нейкія гукі лішнія не падлягалі вычыстцы. Тэхнічна гэта можна было зрабіць толькі на кампутары, а на той момант ні такія кампутары ні такія праграмы даступныя не былі. І вось, як ні парадаксальна, інтэрвію сябе проста закансэрвавала, бо шукала адпаведны відэашэраг”.

(Дубавец: ) “Інакш кажучы, праца над фільмам заняла не адзін год. Распавядзі, калі ласка, перадгісторыю, і заадно – пра свой уласны досьвед у дакумэнтальным кіно”.

(Корзун: ) “Праца над фільмам заняла тры месяцы, а да гэтага 30 гадоў была падрыхтоўка: вучоба, досьвед. Па вялікім рахунку можна сказаць, што гэта ўвогуле як бы дэбют. Бо да гэтага, падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў на рэжысуры, рабіліся, канечне, вучэбныя працы, дыплёмныя працы, штосьці рабілася на тэлевізіі тагачаснай – у 1994-м, 1993-м. Былі наўпроставыя этэры, музычныя кліпы... Але нейкага такога самастойнага твору, які я палічыў бы, што варта паказаць, бадай што і не было”.

(Дубавец: ) “Стылёва фільм не падобны да таго кіно, што дагэтуль здымалася ў Беларусі. У прыватнасьці, грамадзка-палітычнае дакумэнтальнае кіно ў нас вельмі традыцыйнае паводле формы. Твой фільм вылучаецца. Ён адначасова цалкам рэалістычны і гіпнатычны, як нейкі шаманскі танец ці славутае балеро, вылучае шмат пазытыўнай энэргіі. Чаго болей у ім – арыентацыі на нейкія чужаземныя ўзоры ці тваёй уласнай вынаходлівасьці?”

(Корзун: ) “Фільм як бы рабіўся сам. Як гэта ні парадаксальна і ні містычна гучыць, гэта працяг нейкага апякунства над Быкавым. Калі паглядзець на жыцьцё Быкава, усе тыя выразы: цудам выжыў, цудам не пасадзілі, цудам не расстралялі, цудам пры ўсіх перашкодах выходзілі кнігі: у савецкі час пры ўсіх забаронах і ўцісках выходзілі, у Беларусі, калі дзяржаўныя выданьні нават раскідвалі гатовыя наборы ў друкарнях, раптам узьнікалі праекты “народнай кнігі”, і кнігі ўсё роўна выходзілі. І мне думаецца, што фільм стаўся нібы працягам лёсу Быкава.

Чаму назва такая – “Васіль Быкаў. Вяртаньне”? Фармальнае вяртаньне Быкава на радзіму сталася вяртаньнем усёй Беларусі да ягонай творчасьці. І нездарма вось гэтая стыхія, якая падчас пахаваньня існавала на вуліцах Менску паказала, што ўлады з гэтым не маглі справіцца, і нават пабаяліся туды блізка падыходзіць. Калі адчулі надчалавечую прыроду гэтага ўсяго”.

(Быкаў: ) “Для таго, каб дамагчыся свабоды, трэба перш за ўсё дамагчыся дзяржаўнасьцi, а для таго, каб дамагчыся дзяржаўнасьцi, трэба ўсьвядоміць сябе нацыяй, асобнай нацыяй. А гэта немагчыма без устойлівай, выхаванай нацыянальнай самасьвядомасьці. Усё вельмі цесна зьвязана. Таталiтарныя сiлы гэта выдатна разумеюць і пачынаюць з ключавога моманту – яны адмаўляюць нацыi ў яе асобнасьцi. Беларусам кажуць: вы – частка расейскай нацыi. З гэтага ўсё пачынаецца. Ствараюцца перадумовы iснаваньня гэтай часткi, менавiта як часткi iншай нацыi, а ня цэлага... Бо ўсьведамленьне сябе асобнай цэлай нацыяй разбурае iмпэрскую iдэю. У аснове гэтага працэсу ляжыць мова. Iмпэрцы выдатна ведаюць, што нацыя бяз мовы – гэта ня нацыя. I гэта ўжо палова iхнае перамогi. Асаблiва калi дадаць да гэтага яшчэ эканамiчную нестабiльнасьць, татальны крызыс, поўнае сiлавое закабаленьне, ідэалягічнае, то шанцаў у беларусаў застаецца вельмi няшмат.

Такога роду спробаў нацыянальнага адраджэньня ўжо было некалькі ў нашай гісторыі, і яны ўсе канчаліся яшчэ большым заняволеньнем, яшчэ большай катастрофай. Так было ў 18-м, 19-м, 20-м стагодзьдзях. І калі гаварыць пра будучыню, мы павінны ведаць, што ў бліжэйшы час чакаць чаго-небудзь кардынальнага ў гэтым сэнсе немагчыма. Запатрабуецца яшчэ і можа быць не адна такая спроба, і нейкая зь іх прывядзе да нашай мэты”.

(Дубавец: ) “Падчас віленскае прэм’еры, калі пачалося абмеркаваньне фільма, вучоная-славістка Віленскага ўнівэрсытэту Алена Каніцкая казала пра тое, што рэжысэр падкрэсьлена не гвалтуе матэрыял, ня лепіць зь яго сваіх схемаў і дазваляе матэрыялу нібы самому складацца ў агульную карціну. А этнамузыколяг Марыя Крупавец заўважыла, што фільм ператварае Быкава зь пісьменьніка і чалавека ў пэўную мэтафізычную велічыню...”

(Корзун: ) “Дык вось зноў жа ёсьць такая ўсім вядомая формула, што трэба ўзяць і выкінуць усё лішняе. І тут якраз яна падыходзіла. Бо ідэя ўзьнікла ў Вільні. Так выйшла, што мы зь сябрамі ў дзень пахаваньня не прысутнічалі ў Менску. І калі мне распавядалі, што было многа людзей, што на чатыры гадзіны затрымалі працэдуру разьвітаньня, і ўсё роўна ня ўсе змаглі зайсьці разьвітацца і ўсе пайшлі на могілкі... Мне сам аповед уявіўся нейкай карцінкай. А пасьля я пачаў шукаць гэтую карцінку. І ў самы апошні момант знайшоў матэрыял аднаго апэратара, які літаральна супадаў з тым, што плянавалася”.

(Дубавец: ) “Гледзячы фільм, які цябе ўражвае, заўсёды адчуваеш патрэбу падзяліцца зь іншымі і ў гэтым выпадку – моцнае шкадаваньне, што яго не пабачаць у кожным беларускім доме. Хоць з аднаго боку ў фільме няма нічога наўмысна апазыцыйнага ды нават палітызаванага, а зь іншага боку Быкаў кажа рэчы, абсалютна ці проста цікавыя важныя для кожнага беларуса. Давай уявім сабе, што табе для паказу фільма на БТ прапанавалі б прыбраць некаторыя месцы. Ці гэта магчыма?”

(Корзун: ) “Тут жа ясна, што БТ ніколі не пакажа праўду. Бо праўда, зафіксаваная дакумэнтальна, яна нашмат мацней за горы фальсыфікайнага матэрыялу. І таму сёньняшняе БТ, якое ў прынцыпе не прымае Быкава, яно не пакажа ніякі фільм пра Быкава. Зноў жа настойваю на тым, што фільм у мяне не пытаўся, дзе яго будзе магчымасьць паказаць і дзе ня будзе. Такой і думкі не было. Давялося б выразаць усяго Быкава і ўсю карцінку. У кадры вялізная працэсія зь бела-чырвона-белымі сьцягамі, а за кадрам Быкаў кажа пра свабоду, пра незалежнасьць тое, што ні ў якім разе ня пусьціць афіцыйнае чынавенства...”

(Быкаў: ) “Я цьвёрда ведаю, што Беларусь ня можа пайсьці насуперак усеагульным, сусьветным, эўрапейскiм працэсам. Яна рана ці позна пойдзе за імі, і вельмі шкада, што гэта будзе позна, як заўсёды. Улады думаюць, што можна павярнуць некуды назад, што там ззаду нешта знойдзем, тое, што сьвет чакае наперадзе. Гэта немагчыма. І ўсё гэта “чрэвата” толькі ломкай, ломкай маральнай, псыхалагічнай, эканамічнай і змарнаваным часам. А ўрэшце мы пойдзем туды, куды ідуць усе на сваім гістарычным шляху, толькі страцiўшы пяць, дзесяць, а можа i сто гадоў. Такi лёс. Лёс, канечне, жахлiвы. Ну, што зробіш. Хто тут больш вiнаваты? Я думаю, што ўсё ж вiнаватая нацыя, тут яе мэтафiзычная вiна”.

(Дубавец: ) “На тваю думку, ці ўдалося табе сказаць пра Быкава нешта новае або нешта дадаць да ягонага вобразу?”

(Корзун: ) “Кіно сказала пра Быкава... Яно вярнула вось гэтым словам – народны пісьменьнік – іхную сутнасьць”.

(Дубавец: ) “А ці зьмяніўся твой асабісты погляд на Быкава?”

(Корзун: ) “Можна сказаць, што гэты погляд зьявіўся. Бо зноў жа фармальнасьць вось гэтага савецкага “народнага пісьменьніка”, асабліва праз звычайную савецкую школьную праграму, яна адхіляла чытачоў ад творчасьці гэтых пісьменьнікаў. А тут я вымушаны быў перачытаць амаль усяго Быкава, ягоную публіцыстыку, шмат крытыкі, і зразумеў, што тут ужо сказана ўсё, што толькі можна – ад белага да чорнага – і тут лепш за ўсё проста паказаць тое, што ёсьць і даць паслухаць тое, што ёсьць”.

(Быкаў: ) “Я, праўда, не аптымiст, але я такi пэсымiст, якi прагне, каб ягоны пэсымiзм быў абвергнуты жыцьцём цi гiсторыяй, цi нават апанэнтам”.

(Дубавец: ) “Віленская прэм’ера паказала, што фільм вельмі добра сустракаюць замежныя гледачы. Ці плянуецца паказваць яго ў іншых краінах?”

(Корзун: ) “Фільм жыве сваім жыцьцём. Ён раптам зьяўляецца дзесьці ў фінскім пэн-клюбе, недзе ў Варшаве. Мы для гэтага пакуль ня робім ніякіх актыўных дзеяньняў”.

(Дубавец: ) “Дапускаю, што пасьля нашай сёньняшняй перадачы шмат хто з слухачоў захоча паглядзець гэты фільм. Бо хоць радыё і называюць “кіно для сьляпых”, але ніяк ня ў гэтым выпадку. Дзе можна паглядзець або набыць фільм у Беларусі?”

(Корзун: ) “Пакуль у Менску можна набыць касэту ў традыцыйных месцах продажу беларускай культурнай прадукцыі. Створаны сайт, дзе можна знайсьці кантактныя адрасы: http://viartannie.at.tut.by”.

(Быкаў: ) “Нецярплівасьць апалагетаў беларускасьці, “апосталаў”, зьяўляецца момантам адмоўным. За вялікім імпэтам і вялікай нецярплівасьцю ідзе ня меншае расчараваньне, ня меншая катастрофа, каторая перажываецца нацыяй вельмі балюча. Таму нецярплівасьць – ня самы лепшы беларуская якасьць характару.

Трэба запасьціся цярпеньнем. Трэба запасьціся цярпеньнем. І за кожнай няўдалай спробай бачыць наступную, і зьбіраць для яе сілы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG