Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вераць беларусы ў сваіх прывідаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Здольнасьць убачыць прывід залежыць ад улюблёнасьці ў свой край і сваю гісторыю, лічыць вядомы мастак Алесь Пушкін, асабіста знаёмы са славутым прывідам Белай Панны Гальшанскай. Між тым, вядомы беларускі патрыёт Станіслаў Шушкевіч у прывіды ня верыць, а пра тых, хто іх нібыта бачыў, пытаецца, колькі яны напярэдадні выпілі гарэлкі. Як беларусы ставяцца да прывідаў і да тых, хто бачыў прывідаў?

(скрып дзьвярэй і крокі; фонам – званы Менскага катэдральнага сабору)

У адным Менску ня менш за тры “месцы прапіскі” прывідаў. Цяпер я хаджу па сутарэньнях Белага дому на Гандлёвай вуліцы. Гэта паміж ракой Нямігай і Катэдральным праваслаўным саборам. Кажуць, тут жывуць прывіды трох забітых сёстраў. Было гэта на пачатку мінулага стагодзьдзя, дамы не падзялілі кавалера. А ёсьць яшчэ славуты дом масонаў, дзе ў нашыя дні музэй гісторыі музыкі. Там некалі пасяліўся прывід сэмінарыста, які павесіўся празь неўзаемнае каханьне. Яшчэ згадаю Лошыцкі парк, дзе ў ставе патапілася каханка менскага губэрнатара – на імя Ядзьвіга. Тое, што ўсе менскія прывіды – ахвяры каханьня – мяне крыху хвалюе. Рамантыка высокіх пачуцьцяў дапамагае не заўважаць брудных прыкметаў рэчаіснасьці, але й да іх хутка вяртаюць. Гісторык Мікола Багадзяж важдаецца з жалезнымі дзьвярыма ў Белы дом і тлумачыць.

(Багадзяж: ) “Тут, у Верхнім горадзе, дом масонаў. І пачалі гаварыць, што тая здань, што там жыла, той прывід перабраўся ў гэты дом. Маўляў, чуваць галасы, час ад часу відаць сьвечка, нешта такое гарыць. А папраўдзе ж тут тыя самыя бамжы. Яўна”.

(удар)

Моцным штуршком Мікола зачыняе дзьверы й тыцкае пальцам у кучу бутэлек і бруднага адзеньня. Як не пагадзіцца, што прывіды, пагатоў жаночага полу, ня сталі б жыць у такіх антысанітарных умовах.

“Мабыць, штось ёсьць-такі на сьвеце!” Усё ж радок з Коласавай “Новай зямлі” не дае супакоіцца абуджаным фантазіям. У думках далучаюся да герояў славутай паэмы, якія вечарамі абмяркоўвалі розныя дзівосы, і ў сваю чаргу згадваю пра незвычайныя зьявы з асабістага жыцьця. Калі набіраецца 2-3 гісторыі, само сабой узьнікае пытаньне: у якім стане трэба быць, каб табе зьявіўся прывід або хаця б нешта прымроілася?

Вось Коласаў дзядзька Міхась казаў пра гэта ляканічна: “Хто баіцца, таму ўсё можа налучыцца”. Але майго знаёмага Фёдара Котава падазраваць у баязьлівасьці не выпадае – усё ж працуе ў КГБ. Зь ім гэта здарылася на Случчыне. Аднойчы разам з братам Фёдар паляваў на качак і змушаны быў заначаваць на балоце, на маленькай высьпе. І раптам поначы пачуў...

(жахлівы гук)

(Котаў: ) “Я не пасьпеў яшчэ добра заснуць, як праз паўсон пачуў конскі тупат. Але адкуль коні, калі там дарог няма? Пабудзіў брата. І ўсё бліжэй ды бліжэй тупат. Яшчэ добра чуваць скрыпка, сьмех, шамкі. Ад нас блізка, не далей за 50 мэтраў. Праскакалі й аддаліліся. А калі мы ўжо скончылі паляваньне й выйшлі ў вёску, спыталіся ў мясцовых. Тыя кажуць, што так, ёсьць такая зьява, бо некалі даўно ў гэтых мясьцінах зьнік вясельны поезд”.

Яўген Талкачоў, прафэсар з Нацыянальнай акадэміі навук, сваім камэнтаром да гэтай гісторыі ня надта наблізіў мяне да яе разуменьня.

(Талкачоў: ) “Насамрэч элемэнт пахаваньня, зьвязаны зь вясельлем, – тыповы для чалавечых грамадзтваў на пэўным пэрыядзе разьвіцьця”.

З прафэсарам можна пагадзіцца ў тым, што падсьвядомасьць беларусаў фармавалася яшчэ ў паганскую пару, калі не было пэўных законаў. Але, каб ад праблемы неабароненасьці цела нявесты перайсьці да фізыкі цьвёрдага цела, я мусіў зьвярнуцца да вядомага фізыка й палітыка Станіслава Шушкевіча. Ён выказаў адну навуковую й адну жыцьцёвую вэрсіі.

(Шушкевіч: ) “У Калярада на Чырвоных камянях вельмі адметны гук ветру. Калі вецер дзьме з аднаго боку – адзін гук, калі з другога – другі. Але там бачыш многа такіх рэзанансавых поласьцяў, аб’ёмаў. Калі ж на балоце... ну, там... А колькі ён выпіў перад гэтым, калі яны ішлі на качкі гэтыя? Вось што трэба высьветліць”.

Але вось у Англіі сьведкі прывідаў ня чуюць на свой адрас: “ Прасьпіся !” – або: “Зьвярніся да псыхіятра!”. Там нават школьнік адкажа, чаму так: “Бо ж у нас на Альбіёне на прывідах навучыліся рабіць грошы, бо кожны замак проста абавязаны мець свайго прывіда, інакш да нас не паедуць турысты”.

А ці ёсьць прыкметы, што й Беларусь паступова дрэйфуе да Англіі ў пляне спагадлівага стаўленьня да зданяў і прывідаў?

Набіраю ў пошукавай сыстэме інтэрнэту ключавое слова й высьвятляю, што ў сеціве пасяліўся ўжо сайт беларускага гуртка паляўнічых на прывідаў. Тэлефон галоўнага паляўнічага адгукаецца адразу. Віктар, як той прывід, не называе прозьвішча, але ўва ўсім іншым – рэальны суразмоўца з рэальнага гораду Магілёва. Яго група дзейнічае па прынцыпе хуткай дапамогі. Выяжджаюць на сыгнал грамадзянаў у анамальнае месца, здымаюць сурокі або проста высьвятляюць прычыну анамаліі. Грошай за працу не бяруць. Віктар расказвае, як знайшлі ў шуфлядзе чэрап, які быў прычынай хваробы цэлай сям’і, уключна з сабакам. Каб выявіць нечысьць, карысталіся сапраўднымі прыборамі. Іх Віктар ахвотна пералічае.

(Віктар: ) “Компас, потым пачалі выкарыстоўваць вольтампэрмэтар. Гэтак замяраем тэмпэратуру, супраціўленьне й напружаньне на чалавечым целе. Бо калі заходзіш у нейкую зону са зьмененай энэргетыкай, то чалавечае цела рэагуе. Зьмяняецца напружаньне і, зразумела, тэмпэратура. Былі яшчэ храномэтры, але яны зламаліся”.

Яшчэ толькі адна праблема зьмяншае рэсурс хуткай магілёўскай дапамогі ад прывідаў – няма свайго транспарту. Апошні сыгнал пра анамалію быў два месяцы таму, патэлефанавалі зь Віцебшчыны, але аўтамабіля няма. Таму давядзецца суседзям пачакаць, памардавацца яшчэ з барабашкам.

Затое ў мяне заўсёды пад рукой аўтамабіль, і не бяды, што не стае компаса ці вольтампэрмэтра – іх у пошуках прывідаў заменіць такса Нэсі. Разам мы выпраўляемся да старажытнага Гальшанскага кляштару францішканцаў, дзе зь XVII стагодзьдзя жыве славуты прывід Белай Панны. Паводле паданьня, гэтую маладую жанчыну замуравалі, каб не абваліўся мур кляштару. Цяпер у кляштары філія мастацкага музэю, і яе дырэктарка Часлава Акулевіч – першая апавядальніца пра здань, якая зноў пачала палохаць людзей.

(Акулевіч: ) “І бачу, нечая рука памагае мне выключыць сьвятло. І неяк так павернутая бокам. Вы можаце сабе ўявіць? На маіх вачох!”

Часлава Францаўна цьвердзіць, што здань пачала зноў прыходзіць у кляштар зь пяць гадоў таму, як падчас рамонту знайшлі пад мурам чалавечыя парэшткі. На загад дырэктаркі два будаўнікі мелі пахаваць гэтыя косьці, але забыліся, а пасьля памерлі загадкавай сьмерцю.

Што муляр Іван Рыбакоў сапраўды заўчасна памёр тры гады назад, мне пацьвердзіў ягоны сын, вартаўнік Андрэй. Прычыны сьмерці ён дакладна ня ведае, але сваю думку мае.

(Андрэй: ) “Ну што людзі на вёсцы робяць, асабліва калі няма працы? Выпіваў жа ж, але хто яго ведае. Пасядзеў у кампаніі. Я тады ў Ашмянах быў, таму...”

Астатняе я праверу падчас начоўку, якую мне паабяцалі якраз у тым пакоі, дзе прывід Белай Панны найчасьцей зьяўляецца людзям. Во, здаецца мой сабака яго ўжо ўчуў.

(сабака прынюхваецца)

Не, хутчэй Нэсі ўчула мышэй. Аднак рыхтуюся да ночы. Спадзяюся, у кляштары няма нікога.

(грукат жалезных дзьвярэй, якія зачыняюцца)

Засталося толькі прычыніць гэтыя дзьверы ў галерэю ды пагасіць сьвятло.

(гук крокаў)

Не палохайцеся – гэта ня крокі прывіда. Я наўмысна пракручваю стужку сваіх крокаў, каб праверыць дыктафонны запіс. Заснуць адразу не магу, таму зноў запальваю сьвятло й доўга чытаю падшыўку часопісу “Юный художник” за 2001 год. Засынаю на артыкуле пра “Вэнэру” Тыцыяна… Цяпер шчыра магу сказаць, што ў сьне я бачыў толькі белае цела Вэнэры на ружовых падушках і што гэта быў вельмі прыемны, нават смачны сон.

Мастак Алесь Пушкін таксама начаваў у Гальшанскім кляштары й цьвердзіць, што бачыў сваю Белую Панну. “І, выглянуўшы ў калідор, я бачу, як праз цыгарэтны дым, блакітную празрыстую постаць Белай Панны. Я жагнаюся, прашу ў Госпада дараваньня й малюся “Ойча наш”, пісаў Алесь Пушкін у дзёньніку ад 6 жніўня 2000 году. А тыдзень таму мастак мне прызнаецца, што гэта хутчэй за ўсё быў самагіпноз. Маўляў, напярэдадні шмат працаваў, а ўночы ўбачыў тое, што вельмі хацеў убачыць. Толькі прычыны самагіпнозу, паводле Алеся, самыя зямныя.

(Пушкін: ) “Так прыемна, што вось і пані Часлава, мудрая дырэктрыса, гэта ўсё робіць. Вядома, вы самі зразумелі, што ў гэтым ёсьць добры крэатыў. Што мясцовы музэйчык можа стаць часткай залатога колца Беларусі. Гэтая панна… Мы любім зямлю нашую, таму нам і зьяўляецца Белая Панна. Амэрыканцу ня зьявіцца й маскалю ня зьявіцца, хоць ён там у гэтых Гальшанах сем начэй будзе маляваць і начаваць”.

Раніцай мяне будуць праводзіць у Менск дырэктарка музэю ды яе адданыя супрацоўніцы. На дарогу пачастуюць гарадзкім бісквітам і новымі аповедамі пра Белую Панну. Касірка Алена Пясецкая, якая ўчора адмоўчвалася, пакажа ў дырэктарскім кабінэце пляму на сьцяне, дзе яна бачыла твар Белай Панны у чорным адзеньні і ў вэлюме зьнічак.

(Пясецкая: ) “Ад твару агонь настолькі сыпаўся, што я не магла ачнуцца! Я ня памятаю, як крычала, як апынулася каля тых шафаў. А тут сядзела нашая жанчына. Я пераапраналася, а яна сядзела, пераапранутая была ўжо. Яна падляцела да мяне, пачалі крычаць разам. Кажа потым: “Ты такая стала ажно фіялетавая з твару!” А я нічога ня памятаю. Але з таго часу звоніць тут тэлефон, а я не прыходжу сюды. Баюся ісьці”.

І праўда, зь Менску датэлефанавацца да музэю ў Гальшанскім кляштары складана. Пачаліся вакацыі, і пані дырэктарка адну за адной праводзіць экскурсіі для школьнікаў, а яе памочніцы ў кабінэт ні нагой. Нават загады не памагаюць.

(званкі тэлефона сьціхаюць, пераходзяць у ледзь чутныя крокі, а тыя становяцца ўсё гучней)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG