Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сівакоў зьбіраецца ехаць у Грэцыю нягледзячы на пратэсты МАК і Эўразьвязу


“Беларускі міністар спорту Юры Сівакоў вырашыў ісьці на канфрантацыю з арганізатарамі Алімпійскіх гульняў у Грэцыі, а таксама з Эўразьвязам”, перадае аўтарытэтны нямецкі інфармацыйны канал NTV. Нягледзячы на абвешчаную забарону на ўезд у Грэцыю з 13 па 29 жніўня, Сівакоў зьбіраецца прыехаць у Афіны. Беларускі міністар назваў заяву Эўразьвязу й Міжнароднага Алімпійскага Камітэту “дробнымі палітычнымі гульнямі”. Як перадае нямецкая тэлекампанія са спасылкай на прэсавага сакратара Сівакова, кіраўніку беларускай спартовай дэлегацыі непатрэбная віза ў Грэцыю. Згодна з адпаведнымі рашэньнямі МАК для таго, каб кіраўнік ці ўдзельнік зборнай трапіў на Гульні, яму дастаткова акрэдытацыі. Гэтае права і зьбіраецца скарыстаць міністар Сівакоў.

Тым часам, перадае NTV, беларуская амбасада ў Бэрліне распаўсюдзіла па каналах нямецкіх СМІ пратэст, дзе называе палітызацыю Алімпійскіх гульняў контрапрадуктыўнай і бачыць у сытуацыі зь Сіваковым чарговы наступ Захаду супраць незалежнай Беларусі.
XS
SM
MD
LG