Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідацыя ЭГУ, Алімпіяда, парлямэнцкія выбары і іншыя турботы маладых


Франак Вячорка, Менск Перадача з сэрыі “Маладыя галасы”: – Алімпіяда. Прагнозы маладой заўзятаркі; – Ліквідацыя Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту. Погляд знутры; – Вынікі кампаніі паступленьня ў ВНУ. Сьведчаньне абітурыента і меркаваньні беларускага выпускніка італьянскага коледжу; – Моладзевая субкультура. Акрабатыка на роварах прыйшла ў Беларусь; – Летнія заробкі. Моладзь выбірае экзатычныя месцы працы, каб здабыць грошы і вылучыцца сярод астатніх. – Парлямэнцкія выбары. Палітычныя тэхналёгіі вачамі маладых.

Гаворкі пра Алімпіяду

13 жніўня стартуе галоўнае спартовае мерапрыемства плянэты. Гэтым разам за летнімі Алімпійскімі гульнямі ў Афінах, паводле папярэдніх падлікаў, будуць сачыць блізу трох мільярдаў чалавек улучна зь беларускімі заўзятарамі. Аматары ўжо падкручваюць антэнкі тэлепрымачоў, каб у поўнай ступені атрымаць асалоду ад перамогаў суайчыньнікаў.

Заўважна, што спортам збольшага цікавяцца асобы мужчынскага полу. Яны ж і дамінуюць у кіраўніцтве Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Пра старшыню гэтай структуры – Аляксандра Лукашэнку – і казаць няма чаго. Вось і атрымоўваецца, што беларускія жанчыны акупавалі другія пазыцыі. Мы вырашылі выправіць такі гэндэрны дысбалянс: з дыктафонам выйшлі на вуліцы Менску і запыталіся пра Алімпіяду менавіта ў дзяўчыны. Завуць нашую суразмоўцу Вольга.

(Карэспандэнт: ) “У жніўні будзе Алімпіяда. Вашыя прагнозы і надзеі?”

(Вольга: ) “У летніх відах спорту мы традыцыйна значна больш моцныя, чым у зімовых. У нас тут заўжды больш мэдалёў. З тых відаў спорту, дзе ў нас ёсьць надзеі, можна назваць лёгкую атлетыку, цяжкую атлетыку, гімнастыку і веславаньне. Больш за ўсё спадзяваньняў на Кацярыну Карстан. Яна займаецца веславаньнем. Асабіста я буду сачыць за настольным тэнісам. У нас ёсьць вельмі моцныя тэнісісты. І я ім сама займалася трошкі”.

(Карэспандэнт: ) “Прагнозы наконт колькасьці мэдалёў?”

(Вольга: ) “Калі ўзгадваць мінулую Алімпіяду, тады было 15 мэдалёў. Мяркую, што цяпер будзе ня меней”.

(Карэспандэнт: ) “Але дзяржаўны прагноз – 25 мэдалёў”.

(Вольга: ) “Дзяржаве, напэўна, лепей відаць. Як было ў адной песьні: “жираф большой, ему видней”.

(Карэспандэнт: ) “А хто аб’ектыўней можа ацаніць вынікі Алімпіяды: дзяржава ці ты?”

(Вольга: ) “Мяркую, што, безумоўна, я, бо я – рэаліст, а спадар прэзыдэнт – аптыміст. Калі ён ужо сказаў, слова не верабей, і яго назад ня возьмеш. Верабей вылятае ад спадара прэзыдэнта, а адказваць за гэта павінны спартоўцы. І цяпер трэба зрабіць усе па максымуму, каб усе было добра. Інакш будзе ганьба прэзыдэнту”.

(Карэспандэнт: ) “Тое, што спорт – дзяржаўная палітыка, пацьвярджае той факт, што старшынём Нацыянальнага алімпійскага камітэту зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка. У нашай краіне шмат якія спартовыя аб’яднаньні і асацыяцыі ачольваюць чыноўнікі вышэйшага рангу”.

(Вольга: ) “Гэта такое нездаровае жаданьне павысіць свой аўтарытэт на кошт чыіхсьці посьпехаў, на чыіхсьці дасягненьнях”.

(Карэспандэнт: ) “У нас як грыбы растуць лядовыя палацы і футбольныя манэжы. Але чамусьці нашыя каманды яшчэ не разу ня выйгралі чэмпіянат спорту ні па футболу, ні па хакею”.

(Вольга: ) “У іх такое адчуваньне, што яны пабудуюць памяшканьне. І з гэтага памяшканьня адразу ўсё зьявіцца. Але усё, што будуецца, мала эфэктыўнае. Гэта нерацыянальнае выкарыстаньне сродкаў. Грошы трэба выдаткоўваць на трэнэраў”.

Гаворкі пра ЭГУ

Пакуль чыноўнікі ад спорту дрыжаць і перажываюць за кожную ўзнагароду на Алімпіядзе, іхныя калегі зь Міністэрства адукацыі сканчаюць вайну з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам.

Яшчэ ня сьціх леташні скандал вакол Беларускага ліцэю, як па той жа схеме ўлады ліквідавалі ЭГУ. Пра прычыны закрыцьця гаворана-перагаворана. І дадаць няма чаго.

Цяпер выкладчыкі засталіся бяз працы, а студэнты – без адукацыі. Моладзь настроена рашуча. Пакуль дактары і прафэсары вядуць перамовы з фундатарамі ЭГУ, студэнты зладзілі некалькі акцыяў пратэсту. На першай зь іх не было рэктара, ані якога іншага кіраўніцтва. Не зважаючы ні на што, навучэнцы абяцаюць трымацца да апошняга.

Размаўляць са студэнтамі ЭГУ з кожным днём становіцца цяжэй. На іхных тварах – пазнакі бяссоных начэй, а ў рухах – прыкметы расхістанай псыхікі. Падаю развагі студэнткі факультэту культуралёгіі Алісы Сыраквашы.

(Аліса Сыракваша: ) “Я не магу сказаць дакладна, каму гэта было трэба. Я лічу, што ў гэтым вінаватая ня нейкая асоба. Я лічу, што гэта працэс, які ідзе ў нашай краіне, гэта працэс зачысткі сьвядомасьці. Гэта можа спатрэбіцца, каб стварыць тую безаблічнасьць, якая патрэбная любой уладзе. Кожнай уладзе патрэбны натоўп. З намі такія намеры не супадаюць кардынальна. У нас няма таго самага натоўпу. Кожны перасьледуе свае асабістыя мэты, свае ідэі. І мы не натоўп – гэта галоўнае. Мне падаецца, што бяда з ЭГУ дазволіліа нам зразумець для сябе, што ўнутры нас ёсьць ідэі ЭГУ як унівэрсытэту, дзе чалавеку даецца воля для сама рэалізацыі, для рэалізацыі сваіх ідэяў і праектаў тут, у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці бачыш ты нейкую тэндэнцыю у паступовым закрыцьці і зьнішчэньні? Ад пачатку ў Беларускім гуманітарным ліцэі, пасьля зьмяніліся некаторыя дырэктары ў менскіх школах, а цяпер яшчэ і ваш унівэрсытэт”.

(Аліса Сыракваша: ) “Відавочна, што гэта не супадзеньне. Тры выпадкі – гэта ўжо тэндэнцыя. А чым гэта можа скончыцца? Мне аднойчы прысьніўся жах: увесь парк, які побач з маім домам залілі асфальтам. Чым гэта можа скончыцца для Беларусі? Тут магчыма такая мэтафара, як асфальт. Страх ёсьць коранем посьпеху гэтых тэндэнцыяў. Мы ўсе баімся, мы ўсе азіраемся. Але я лічу, што мне самой трэба перастаць баяцца. Перастаць баяцца сваёй унутранай свабоды”.

Гаворкі пра паступленьне

Тым часам пакуль Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт змагаецца за сваё існаваньне, у дзяржаўных ВНУ фінішавала кампанія паступленьня. Для апісаньня хады рэформы адукацыі найбольш аптымальна пасуе народнае выслоўе пра тое, што абяцанага тры гады чакаюць. Пераўтварэньні пачаліся з новым тэрмінам прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 годзе. І вось сёлета ўпершыню абітурыенты ВНУ замест вусных іспытаў пісалі тэсты.

Мы вырашылі пацікавіцца ўражаньнямі тых, хто быў у ліку першых. Вячаслаў Шпілеўскі штурмаваў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Не паступіў, бо, паводле ўласнага прызнаньня, слаба рыхтаваўся.

(Карэспандэнт: ) “Перад паступленьнем вельмі шмат папракалі кампутарныя праграмы, што яны недакладныя і выдаюць няправільныя вынікі, няправільна кантралююць веды. На табе ці на тваіх сябрах зь ліку абітурыентаў гэта нейкім чынам адгукнулася?”

(Вячаслаў Шпілеўскі: ) “Я магу прывесьці прыклад, які здарыўся са мною. У тэсьце па прадмеце “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава.” ў адказе трэба было напісаць слова “кан’юнктура” А паколькі гэтую працу правярае кампутар, нават артаграфічная недакладнасьць улічваецца за памылку. Прадмет не прадугледжвае веданьне мовы, а нейкіх іншых рэчаў. Гэта ўжо мінус для цябе. І ў гэтым ёсьць трошкі неаб’ектыўная ацэнка”.

(Карэспандэнт: ) “Што лягчэй здаваць – тэсты ці клясычныя іспыты, якія былі да новых правілаў?”

(Вячаслаў Шпілеўскі: ) “У пісьмовым іспыце ты менш хвалюесься за свой адказ. Можаш спакойна пісаць і паказваць свае веды. Але зь іншага боку, калі цябе прымаюць паводле тэстаў, цябе не магу ацаніць як чалавека”.

Калі рэформа толькі распачыналася, тагачасны міністар адукацыі, цяперашні рэктар БДУ Васіль Стражаў неаднаразова падкрэсьліваў: стратэгічная мэта – узяць усё самае лепшае з савецкай сыстэмы.

Але 12-цігадовае навучаньне ў школе і ўступныя тэсты – гэта перайманьне сусьветнага досьведу. Пра ўступныя выпрабаваньні ў эўрапейскія ўнівэрсытэты я распытваю Ягора – студэнта адной з ВНУ Менску. Некалькі год ён адукоўваўся ў італійскай філіі United World College. Ягор мае мажлівасьць да параўнаньня абодвух досьведаў: эўрапейскага і беларускага.

(Ягор: ) “Усе сістэмы тэставаньня падобныя. Іншая справа ў тым, колькі ўвагі надаецца тэставаньню ў нас і за мяжою. У нас тэставаньне вырашае ўсе. І гэта, я лічу, няправільна. Я мяркую, што яно не павінна быць дамінуючым падчас паступленьня. Калі паступаеш за мяжою, там больш увагі надаецца асобе, якая паступае. Заўсёды ўмоваю паступленьня зьяўляецца сумоўе. Вось у працэсе сумоўя выкладчыкі маюць магчымасьць убачыць ня толькі студэнта, які здаў тэст, а ўбачыць асобу, якая прайшла тэст”.

Гаворкі пра ровары

Зноў вяртаемся да спартовай тэмы. У Беларусі набірае моц адносна новае захапленьне: ровары зь фізкультурнага прыстасаваньня й сродку перасоўваньня пераўтвараюцца ў сымбаль моладзевай субкультуры. Гэта асабліва заўважна на вуліцах і пляцах буйных гарадоў. Прыступкі, лаўкі, парапэты і нават фантаны становяцца суцэльнай паласой перашкодаў. Дойдзеш да фінішу – і калегі-раварысты прызнаюць у табе майстра.

Уладзіслаў Саўка – тыповы гарадзкі раварыст. На нашую просьбу ён прасьвятляе тэму “акрабатыка на двух колах”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі гадоў масавай роварнай культуры Беларусі?”

(Уладзіслаў Саўка: ) “Гэтая культура пачалася зусім нядаўна і цяпер пашыраецца. Акрабатычны напрамак у нас ня вельмі добра разьвіваецца, бо добры ровар каштуе блізу тысячы даляраў. І хто хацеў бы гэтым заняцца, купіць яго вельмі складана. У Беларусі толькі дзесятак чалавек, якія маюць такія ровары”.

(Карэспандэнт: ) “Але чым тады карыстаюцца маладыя людзі, вырабляючы рознага кшталту трукі на вуліцах гарадоў?”

(Уладзіслаў Саўка: ) “Карыстаюцца горнымі роварамі. А некаторыя перарабляюць звычайныя ровары. Але для выкананьня сур’ёзных трукаў гэтага недастаткова”.

(Карэспандэнт: ) “У лётчыкаў ёсьць фігуры найвышэйшага пілятажу. Якія трукі могуць лічыцца эталёнамі майстэрства?”

(Уладзіслаў Саўка: ) “Прыкладам, калі на ровары перакуляюцца вакол сябе, зноў апускаюцца і ня падаюць. Некалькі разоў паварочваюцца вакол сябе. Калі ўзьлятаюць на горку, у паветры выходзіць нейкі час, яны перакуляюцца і пры гэтым трэба ня ўпасьці. Такога майстэрства дасягнуць вельмі складана. Гэтаму трэба вучыцца”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе гэтаму можна навучыцца?”

(Уладзіслаў Саўка: ) “Збольшага ўсе самавукі, бо ў нас гэтая культура не разьвітая”.

(Карэспандэнт: ) “Калі займаесься такім спортам, нельга пазьбегчы траўмаў. Якія віды пашкоджаньняў часьцей за ўсё атрымліваюць заслужаныя раварысты?”

(Уладзіслаў Саўка: ) “Часьцей за ўсё пераломы. Чым вышэйшы ровень раварыста, тым большыя ў яго траўмы”.

(Карэспандэнт: ) “Заводы, якія выпускаюць ровары ёсьць ня толькі за мяжой, але і ў Беларусі – напрыклад, некалі знакаміты Менскі мотавэлязавод. Каб спрычыніцца да роварнай культуры, ці ўсё толькі трэба везьці за мяжы? А можа, і Менскі завод выпускае сучасныя ровары?”

(Уладзіслаў Саўка: ) “Менскі вэлязавод пачаў нядаўна апроч простых ровараў выпускаць горныя, зьявіліся беларускія ровары з амартызатарамі. Але ўсё гэта зьбіраецца на нашым заводзе зь кітайскіх і тайваньскіх запчастак. Яны не адрозьніваюцца сваёй высокай якасьцю. Нашае насельніцтва ня мае высокіх заробкаў і больш набывае беларускія ровары”.

Гаворкі пра летнія заробкі

Хтосьці ганяе на роварах па вуліцах гарадоў. Іншыя скіроўваюцца бліжэй да якой вады: мора, возера ці ракі. Аднак няўрымсьлівыя працалюбы кіруюцца прынцыпам: лепшы адпачынак – гэта зьмена дзейнасьці. Такія людзі, здаюць вясновую сэсію і пачынаюць шукаць, дзе зарабіць на вакацыях. Падрабязнасьцяў даведаемся ад мянчучкі Алены.

(Алена: ) “Адна мая знаёмая спрабавала ўладкавацца на Кальварыйскія могілкі прыбіраць тэрыторыю. Яна чакала тры гадзіны, пакуль нехта з адміністрацыі прыйдзе. Але, да жалю, выявілася, што сёлета не было набору непаўнагадовых. Аднак летась яны бралі падлеткаў працаваць на тэрыторыі могілак. Тады, праўда, яны задавалі шмат пытаньняў псыхалягічнага кшталту: “Ці не належыце вы да нейкай сэкты?”

(Карэспандэнт: ) “А гэта прэстыжна – працаваць на могілках?”

(Алена: ) “Гэта арыгінальна. Гэта нейкі спосаб выдзеліць сябе. Пасьля лета расказваць сябрам. “Ты дзе працаваў?” “Я на могілках”.

(Карэспандэнт: ) “Як зарабляла ты?”

(Алена: ) “Я папрасіла сваю маці, яна праз знаёмых укладкавала мяне на даволі прэстыжную фірму, якая гандлюе шпалерамі. Пасада мая называлася мэнэджэр-кансультант. Я павінна была хадзіць па залі, прапаноўваць людзям тавар і адказваць на пытаньні, а таксама дапамагаць з дызайнам і камбінаваць колеры”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, што на пасаду кансультанта ў эўрапейскіх крамах звычайна бяруць людзей сталага веку, да якога ў пакупнікоў зьяўляецца давер. А якімі крытэрамі карыстаюцца беларускія крамы пры выбары чалавека на гэтую пасаду?”

(Алена: ) “Гэта дзяўчыны гадоў 25-ці, па якіх адразу бачна, што яны маюць нейкі густ”.

(Карэспандэнт: ) “Ці карыстаюцца беларускія працадаўцы крытэрам мовы? Чалавек, які ведае шмат моваў, можа камунікаваць з большай колькасьцю людзей”.

(Алена: ) “Мае працадаўцы не пыталіся ў мяне, колькі моваў я ведаю. Але пад час працы аднаго разу мне ўдалося ўжыць ангельскую мову”.

(Карэспандэнт: ) “Часам месяца працы ты назапасіла вялікі досьвед. У будучыні, як ты зьбіраесься яго выкарыстоўваць?”

(Алена: ) “Гэта дапамагае і па жыцьці. Прыкладам, калі выбіраеш адзеньне. Пасьля месяцу працы, я не магу спакойна глядзець на шпалеры і на няправільнае іх спалучэньне. Наступным разам можна заняцца працай, зьвязанай з дызайнам, кшталту прыдумляць малюнкі для маек прыгожыя і арыгінальныя”.

(Карэспандэнт: ) “Цябе вучылі працы зь людзьмі. Адкрый нам адзін з сакрэтаў камунікаваньня”.

(Алена: ) “Галоўным прынцыпам была ненавязьлівасьць. Бачыш чалавека – падыйсьці да яго і стаць побач. Стаяць і ўсьміхацца. Чалавек абавязкова да цябе зьвернецца. Галоўнае не пачынаць адразу рэклямаваць дарагія шпалеры, а казаць пра ўсе недахопы. Запытацца пра асаблівасьці кватэры. Калі ты бачыш, што гэта ня будзе пасаваць, адкрыта пра гэта сказаць. Галоўнае быць шчырымі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці былі нейкія цікавыя і экзатычныя запыты? Можа былі апантаныя нацыяналісты, якія шукалі бел-чырвона-белыя шпалеры, альбо шпалеры з “Пагоняю”?”

(Алена: ) “Да жалю, такіх запытаў не было. Ёсьць людзі якія падыходзяць і пытаюцца: “Ці ёсьць у вас беларускія шпалеры?” Я ня думаю, што гэта зьвязанае з патрыятызмам. Гэта зьвязанае з коштам”.

Гаворкі пра выбары

Далёка ня ўсе маладыя людзі страчваюць лета ў пошуку заробку, некаторыя гатовыя працаваць і валянцёрам за ідэі ці за “дзякуй”. Прыкладам, удзел у кампаніі выбараў Палаты прадстаўнікоў. Кожны кандыдат на дэпутата мае свой штаб і каманду аднадумцаў. Гэтыя людзі якраз і займаюцца тым, што апошнім часам модна называць словазлучэньнем “выбарныя тэхналёгіі”. Праца – ня зь лёгкіх, са сваімі адметнасьцямі й сакрэтамі. Занятак гэты да такой ступені спэцыфічны і, можна сказаць, далікатны, што ня кожны з валянцёраў пагодзіцца на гутарку пры мікрафоне. Але нам пашанцавала. Кацярына Маркоўская – не навічок. За ейнымі дзявочымі плячыма некалькі тузінаў выбарчых кампаніяў.

(Кацярына Маркоўская: ) “Кожны малады чалавек можа запісацца ў ініцыятыўную групу. Ён можа разносіць улёткі, ён можа хадзіць па кватэрах і зьбіраць подпісы. Што да мяне, я ўдзельнічаю ў выбарчай кампаніі аднаго майго сябра. І я спрычынілася да ўсіх відаў працы”.

(Карэспандэнт: ) “Улёткі складзеныя й падрыхтаваныя. Што мы робім далей?”

(Кацярына Маркоўская: ) “Мы бярэм улёткі і ідзем да пад’езду. Тут пачынаецца самае цікавае. На дзьвярах вісіць дамафон, а нам трэба трапіць усярэдзіну. Мы набіраем нумар першай кватэры пад’езду і кажам завучаны тэкст, які прадстаўляе нас. Пасьля ідзе невялічкая паўза, пакуль чалавек асэнсоўвае інфармацыю. Зазвычай дзьверы усё ж такі адчыняюць. Але часта здараецца такое, што людзі абураюцца: “Вы агітуеце супраць Лукашэнкі?! Нам такое ня трэба!” З маёй практыкі, не было больш за пяць разоў: зь пятай спробы мы заўсёды траплялі ў пад’езд”.

(Карэспандэнт: ) “Можа былі нейкія скандалы з абзвонкай кватэраў?”

(Кацярына Маркоўская: ) “Аднойчы абсалютна выпадкова, ня ведаючы пра тое, што ён там жыве мы патрапілі на начальніка гарадзкога аддзелу адукацыі спадара Воранава. Ён ад пачатку вельмі ўважліва выслухаў нас, пытаючыся, інфармацыю якога кшталту мы будзем разносіць. Калі ён зразумеў, што гэта інфармацыя палітычнага зьместу, ён заманіў нас у пад’езд і сказаў: “Зараз зайдзіце ў маю кватэру! Я выклікаў МУС і зараз за вамі прыедуць”. На шчасьце нам удалося папросту зьбегчы”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі прыязна да вас ставяцца людзі?”

(Кацярына Маркоўская: ) “Тут сытуацыі могуць скласьці абсалютна розныя. У адной кватэры вас могуць чакаць з усьмешкай і яны з радасьцю вас патрымаюць і пажадаюць посьпехаў па выбарах. У той час, як і суседзяў можа быць вялікае гора. Мы патрапілі ў кватэру дзе азначаліся саракавіны па мужу нейкай жанчыны. Ад пачатку яна сказала, што нічога падпісваць ня буду, паглядзіце якое ў мяне гора. Але яна была вельмі радая, што зьявіліся нейкія людзі, якім яна можа выказаць сваё гора, і ў рэшце рэшт яна падпісалася”.

(Карэспандэнт: ) “У кожнай справе ёсьць свае прафэсійныя сакрэты. Падзяліся, калі ласка з намі, сваімі”.

(Кацярына Маркоўская: ) “Вельмі добрае ствараецца ўражаньне, калі хлопец зь дзяўчынай ходзяць параю. Гэта адразу выклікае давер. Другое: трэба вельмі добрае ўмець перамяняць свой настрой. Часам людзі на верхніх паверхах пачынаюць скардзіцца: “Нам ужо нічога не дапаможа. Столь як працякала, так і працякае. І ніякі кандыдат нас ужо не выратуе”. Вы павінны умець іх запэўніць: “Не, прагаласуйце за нас, падпішыцеся, і мы пастараемся што-небудзь зрабіць”. Вельмі часта людзі, якія праводзяць свой дзень седзячы на зэдліку й гуляючы ў карты альбо ў даміно, кажуць: “Пастаўце нам бутэльку гарэлкі і мы падпішамся”. Мы стараемся іх пераканаць, што ў нас ня так шмат грошай, каб задавальняць патрэбы кожнага, але мы імкнемся палепшыць і іхнае жыцьцё. Вельмі часта людзі ведаюць нас у твар. І калі мы падыходзім да зэдлікаў і пад’езда, то чуем: “Прывітаньне. Калі галасаваць?”

Гэты выпуск “Маладых галасоў” мы прысьвяцілі жыцьцю моладзі ў буйных гарадах. А часам наступнай праграмы скіруемся ў далёкую палескую вёску. І з тамтэйшым маладым насельніцтвам пагаворым пра беларускамоўныя дыскатэкі, пра падлеткавае п’янства, пра вясковую газэту і, натуральна, пра восеньскія выбары.

Да хуткае сустрэчы!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG