Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з буйнейшых польскіх інвэстараў у Беларусі аштрафаваны


Алег Супрунюк, Берасьце Буйны польскі інвэстар – прадпрыемства “Інка-фуд” – неўзабаве можа пазбавіцца прыблізна 6 мільёнаў амэрыканскіх даляраў. Польскую фірму, якая ёсьць рэзыдэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, пакаралі нібыта за парушэньне беларускіх мытных правілаў.

Праблемы замежнага прадпрыемства “Інка-фуд”, якое заснаванае польскімі бізнэсоўцамі, пачаліся пасьля таго як на беларуска-польскай мяжы была затрыманая сыравіна для вытворчасьці каўбасных прадуктаў. Супрацоўнікі берасьцейскай мытні “Заходні Буг” палічылі, што фірма “Інка-фуд” ня выканала ўсе неабходныя фармальнасьці дзеля ўвозу гэтай сыравіны на беларускую тэрыторыю.

Справа была перададзеная ў суд, які прыняў рашэньне сканфіскаваць затрыманы груз, які ацэнены ў 2 мільёны амэрыканскіх даляраў. Акрамя таго, паводле судовай пастановы, да польскай фірмы прымененыя іншыя санкцыі за парушэньне беларускага заканадаўства. Агулам “Інка-фуд” можа пазбавіцца прыблізна 6 мільёнаў даляраў.

Трэба заўважыць, што прадпрыемства “Інка-фуд” ёсьць рэзыдэнтам Берасьцейскай свабоднай эканамічнай зоны, у межах якой літаральна за год пабудавала мясаапрацоўчы завод паводле эўрапейскага узору. За тры гады свайго існаваньня польская фірма інвэставала амаль 5 мільёнаў даляраў і стварыла больш за паўтысячы працоўных месцаў.

У адсутнасьці кіраўніцтва прадпрыемства шараговыя супрацоўнікі “Інка-фуд” сёньня адмовіліся камэнтаваць пастанову суду пра канфіскацыю сыравіны і прымененыя грашовыя санкцыі. Але яны ня выключаюць, што надзвычай жорсткае судовае рашэньне можа прывесьці да закрыцьця фірмы. Гэта будзе на карысьць дзяржаўным мясаапрацоўчым прадпрыемствам Берасьцейшыны, якія пазбавяцца гэтак сур’ёзнага канкурэнта.

Варта нагадаць, што беларусы, якія езьдзяць у Польшчу, ужо зараз істотна абмяжоўваць сябе ў набыцьці ў гэтай краіне танных і смачнейшых харчоў. Ад 1 ліпеня, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, грамадзяне Беларусі могуць увозіць з Польшчы без спагнаньня мытных пошлінаў ня больш за 5 кіляграмаў прадуктаў харчаваньня.

Паводле паведамленьняў польскіх мэдыяў, сытуацыю вакол прадпрыемства “Інка-фуд” зараз вывучаюць у Міністэрстве замежных справаў гэтай краіны, бо згаданая фірма ёсьць адным з буйнейшых польскіх інвэстараў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG