Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі трэба забараніць шмат чаго, лічаць гарадзенцы


Сяргей Астраўцоў, Горадня “Што, на вашую думку, трэба забараніць у Беларусі?” – на гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.

(Сталы спадар, іранічна: ) “Бясплатна дыхаць паветрам”.

(Малады юрыст: ) “Забараніць прэзыдэнту выступаць на беларускім тэлеканале”.

(Інтэлігент: ) “Я думаю, што трэба забараніць дзяржаве ўмешвацца ў справы людзей. Не перашкаджайце людзям жыць, і яны знойдуць спосаб як сябе пракарміць і наняць чыноўнікаў, якія будуць працаваць на людзей, а ня супраць іх”.

(Нядаўняя школьніца: ) “Мне шмат што не падабаецца, напрыклад, дзесяцібальная сыстэма. Яна сапсавала жыцьцё шмат якім вучням. Я вучылася два гады па дзесяцібальнай сыстэме, гэта было вельмі цяжка. Каб гэта было зь першай клясы, тады – канешне”.

(Бухгалтар: ) “Навокал і так суцэльныя забароны. Я нават ня ведаю, каб яшчэ нешта забараніць”.

(Студэнт-завочнік: ) “Што трэба забараніць? У першую чаргу, трэба забараніць разьмеркаваньне студэнтаў. Па-другое, патрэбна забараніць умяшальніцтва ўлады ў асабістае жыцьцё. Напрыклад сёньня я атрымаў позву ў падатковую інспэкцыю, дзе просяць інфармацыю пра сукупны даход і пра нейкія там паступленьні з-за мяжы, якіх ніколі не было. Ну і так на кожным кроку, нават мытня адсочвае: хто калі колькі разоў перасякае мяжу, што вязе пры гэтым. І той самы штампік у пашпарце, я таксама лічу, гэта – умяшальніцтва ў асабістае жыцьцё, калі дзяржава можа забараніць пакідаць межы Беларусі”.

(Дзяўчына: ) “Штампік у пашпарце, які “ва ўсе краіны сьвету”, каторы ўсё адно нікому не патрэбны, таму што бяз візы ня ўедзеш. У Польшчу, у Літву патрэбна спэцыяльная віза. Толькі грошы на вецер выкідаеш”.

(Бізнэсмэн: ) “Забараніць кіраваньне Лукашэнкі. Гэта – самае галоўнае”.

(Сталы спадар: ) “Адносіны да прыроды: каб людзі ставіліся добра – у лесе, калі яны адпачываюць. Мы сваё сьмецьце звычайна прыбіраем, закопваем у яму. А іншыя, прыедзеш, а там бутэлькі валяюцца поліэтыленавыя. На гэта страшна глядзець”.

(Рабочы: ) “Трэба, каб ацэньвалі працу рабочага чалавека адпаведным чынам, а забараняць нічога ня трэба”.

(Дзяўчына: ) “Што б трэба было забараніць? Стукацтва. Нядаўна я даведалася, што ў транспарце вісяць аб’яўкі: калі вы ведаеце тых, хто не заплаціў падаткі, можаце патэлефанаваць па ананімным тэлефоне, і вам за гэта нічога ня будзе. Гэта – першае, што прыходзіць у галаву”.

(Інтэлігент: ) “Перш за ўсё, у Беларусі трэба забараніць тое, што ўлада ўмешваецца ў жыцьцё кожнага з нас, пачынаючы ад інтымных рэчаў і сканчаючы грамадзка-палітычнымі”.

(Маладзёнка: ) “Мне не падабаецца, калі ў газэтах шмат забароненых тэмаў, пра якія ў дзяржаўных газэтах нічога ня пішуць па нейкіх дзіўных меркаваньнях. Няма свабоды слова. Яна нібыта ёсьць, але насамрэч яе няма”.

(Студэнт: ) “Трэба, я думаю, забараніць у Беларусі бальшавіцкае мысьленьне. Бальшавізм, каторы ўкараніўся ў галовах нават і некаторых маладых людзей, ён перашкаджае пэўнаму прагрэсу, па-мойму. Перашкаджае нармальна мысьліць, нармальна жыць — у гаспадарчым сэнсе, у палітычным, у прававым”.

(Пасажыр цягніка: ) “Рэкляму з тэлебачаньня прыбраць і ўсё, астатняе ўсё добра. Фільмы таксама сэксуальныя і напаўсэксуальныя прыбраць”.

(Кіроўца: ) “Ня ведаю, я малады... Трэба, каб Лукашэнка шмат не балбатаў, а рабіў бы больш справаў”.
XS
SM
MD
LG