Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помсьлівасьць – характэрная рыса беларуса?


Сьвятлана Курс, Менск Помсьлівасьць як зваротны бок зайздрасьці лічаць характэрнай рысай беларускага характару. На гэтай якасьці, маўляў, і пабудаваная адвечная беларуская партызанка. Ці сапраўды беларусы помсьлівыя? Якія віды помсты прыйшлі да нас спрадвеку, а якія ўзьніклі разам з жывымі цяпер пакаленьнямі? Гэтымі пытаньнямі задавалася нашая карэспандэнтка.

Народныя мсьціўцы

У Аляксандраўскім сквэры, што ў Менску, стаіць прыбіральня, падобная на палац. Гэта помнік вядомаму беларускаму мсьціўцу. Паводле легенды, архітэктар Генэпа выканаў прыбіральню у выглядзе палаца графа Чапскага, бо той, маўляў, не заплаціў Генэпу за працу. Адбылося гэта ў 1912 г. Але помста віла свае гнёзды ў душах беларусаў яшчэ ў часы Вялікага Княства. Вольга Бабкова, архіварыюс і гісторык штодзённасьці, апавядае, як помсьціліся ў шаснаццатым стагодзьдзі. Вось помста за адрынутае каханьне.

(Бабкова: ) “На вясельлі ў мястэчку Глебавіцкім адзін з гасьцёў з пакручастым імём Цэзар Грандызолій выбіў вакно, дзе пан Бенеш з малжонкай сваёй быў. Ён іх дражджамі зь сікаўкі паліваў, сам “нага распрануўшыся” да таго ж. Тэстамэнт Міхала Казіміра Палупеты, скарбавага пісара, магілёўскага падстаросты (не абы хто!): прашу пахаваць мяне глыбока ў зямлі, каб здрайцы дамовыя тыранства над трупам маім не ўчынілі”.

Помста з дапамогай чорнай магіі была тады й ёсьць цяпер. Гаворыць спадарыня Бабкова.

(Бабкова: ) “Татарская сям’я пасварылася з тутэйшай сям’ёй з-за пабудовы дома. І абвінавачвалі ў тым, што ў бярвёнах дома быў знойдзены нейкі знак. Нават да суда з гэтым хадзілі. На бяседзе нейкаму войту штосьці такое паклала. Там ляжаў чоснык, суворыя ніці і нейкая зёлка. Зьлякаўшыся, пабег з гэтым у суд. А ў судзе яму сказалі: трэба было на гарачым учынку прыходзіць”.

Гаворыць сучасны вядзьмак, чалавек з навуковай ступеньню й багатай практыкай.

(Вядзьмак: ) “Зусім нядаўна я разьбіраўся з адным хлопцам, сям’я якога сем год ня мае дзяцей. Ён калісьці кахаў дзяўчыну, але ажаніўся зь іншай. Тая пакінутая дзяўчына прыйшла да яго на вясельле і ўручыла букет, у якім была зямля з магілы. А самы жахлівы праклён – каб твой муж у гарэлцы смак спазнаў. Калі чалавек парушаў жыцьцё самагубствам, яго ня мелі права хаваць. І гэта традыцыя знайшла адлюстраваньне ў праклёне: “Каб цябе зямля не прыняла”.

У вёсцы спосабы помсты не зьмяняюцца стагодзьдзямі. Гэта падпалы, ананімкі й чорная магія. Вось 46-гадовая жанчына. Паставілі яе старшынькай калгасу. Пачала ганяць лайдакоў і злодзеяў. Адзін пагразіўся, што падпаліць сена. І падпаліў.

(Надзея: ) “Калгас вярнуў усё сена. Перада мною таксама быў выпадак, Дрозд Лена ў нас такая ёсьць. Мужык кіўнуўся ў гарэлку, усё піў, піў і піў. Яна яго лаяла, дык ён пайшоў і падпаліў стог свой, што сам касіў, сам зь ёю гроб”.

Надзея распавядае, як некалькі год таму мэханізатар параніў з дубальтоўкі старшыню калгаса й ягоную жонку. Тых ледзь адратавалі.

(Надзея: ) “Ён п’яны быў. Вакол канторы вусенічным трактарам кругі наразаў. Па вуліцы, дзе малыя дзеці ходзяць. Яны яго спрабавалі спыніць. Ён не паслухаўся. Яны яго выцяглі з трактара і добра паштурхалі. Ён адляжаўся і ўзяў ружжо. Першыя патрапілі Вася з Тамарай. Ну, але ж яго забралі адразу ў турму. За 15 год, што ён адседзеў, ён адмовіўся ад пляну. Я сама зь ім гаварыла. Ён сказаў: “Я сваё атрымаў, яны сваё атрымалі, што было, тое быльлём парасло”.

Свайго апатэозу беларуская помсьлівасьць сягнула падчас Другой Сусьветнай вайны. Тады ў нашай краіне ішла сапраўдная вайна дзьвюх акупацыяў. І людзі хаваліся ў лясох, помсьцілі акупантам, суседзям і сабе…

Пасьля вайны ў савецкай афіцыйнай літаратуры й гістарыяграфіі паўсталі ўстойлівыя выразы “рэспубліка-партызанка” ды “народныя мсьціўцы”. Пра іх разважае філёзаф Валянцін Акудовіч. Ён, дарэчы, ня лічыць беларусаў помсьлівымі.

(Акудовіч: ) “Кожныя 10 год сюды прыходзілі то расейцы, то швэды, то палякі, то французы. Беларусы звыкліся з чужынным прыгнётам, як зь ціскам атмасфэры. Гэта было ненатуральна – мець сваё. Было натуральна мець над сабой таго ці іншага. Савецкая ўлада не была для беларусаў тым, чаго яны так ужо моцна й чакалі. І надта яны ўжо й хацелі за яе помсьціць. Сваёй нацыі ня мелі, сваёй дзяржавы, уласнай ідэалягемы. Дык за што помсьціць, за каго? Таму вось гэтыя “народныя мсьціўцы”, па-мойму, гэта сымулякр, ідэалягічны прадукт, які актыўна ўбіваўся у мазгі. Але штосьці, можа, і закрануў. Адсутнасьць нацыі, дзяржавы… кампэнсаторныя мэханізмы гэтай адсутнасьці маглі спрацоўваць. Ім спадабалася, што яны хоць мсьціўцы.

Помсьціцца той, каму было што губляць – гонар, маёмасьць або ілюзіі, беларусам як нацыі губляць не было чаго”.

Гаворка можа весьціся толькі пра паасобныя, прыватныя выпадкі помсты, а не пра помсьлівасьць як мэнтальную рысу, лічыць спадар Акудовіч. Мэнтальная рыса беларусаў – магчыма, зайздрасьць, але ніяк ня помсьлівасьць.

(Карэспандэнтка: ) “Я патэлефанавала старшыньцы калгасу, якой спалілі стог, бо яна замінала людзям красьці. Жанчына сказала, што беларусам уласьцівая “крывотлівасьць”, як яна сказала… Вашая думка на гэты конт?”

(Акудовіч: ) “Вось крывотлівасьць – можа быць. Зусім верагодна, што гэта рыса ажно мэнтальная. Я проста ня блытаў бы крывотлівасьць з прагай помсты”.

Помсьлівай можа быць і дзяржава. У крымінальным законе ВКЛ некаторыя віды помсты захоўваліся аж да канца XVI ст. – за пэўныя злачынствы супраць асобы. Аднак ужо з гэтага часу помста абмяжоўваецца рамкамі судовага выраку, у сувязі з чым народнымі мсьціўцамі пачынаюць выступаць органы ўлады. Найперш гэта датычыць сьмяротнага пакараньня.

Гаворыць праваабаронца Алег Гулак.

(Гулак: ) “Помста ёсьць перажытак звычаёвага права. І цяпер, калі дзяржава адымае ў забойцаў жыцьцё, яна кіруецца тым жа старым прынцыпам – “зуб за зуб”, “вока за вока”.

Віды помсты мадыфікуюцца разам з грамадзтвам. Народныя мсьціўцы карыстаюцца кампутарам і тэлевізіяй. 25-гадовы мянчук прапануе свой від помсты.

(Зьміцер: ) “Чужы мэйл падпісаць на рассылку. І пачне валіцца спам табе на скрыню”.

(Сяргей: ) “На Першым музычным канале ёсьць people-chat. Прыкінь, якое западло можна кінуць свайму ж хлопцу: падаць абвестку “шукаю сябра для інтымных уцех”.

(Зьміцер: ) “На сумнеўных сайтах ёсьць практыка, калі нехта робіць шкоду іншаму і разьмяшчае фота, мэйл і тэлефон у эратычных абвестках. І гэтаму чалавеку пачынаюць дакучаць аматары эротыкі”.

Вось чым тлумачыць помсьлівасьць землякоў старшынька калгасу Надзея.

(Надзея: ) “Пастаянная бядота наша вінавата. Ну ня можа, напрыклад, наш сельскі чалавек зарабіць сабе на жыцьцё. Узьнікае зайздрасьць і крывотлівасьць на глебе недахопу”.

Думка спэцыяліста, этнасоцыяпсыхоляга Паўла Ўрбановіча.

(Урбановіч: ) “Жаданьне помсты ўзьнікае, калі нейкае наша вераваньне – напрыклад, мне павінны даваць вялікі заробак – парушаецца. Чалавек імкнецца яго аднавіць і давесьці ўсім, што ягонае вераваньне – слушнае”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць помсьнік упэўнены, што зьдзяйсьняе акт справядлівасьці?”

(Урбановіч:) “Ну, для яго – так”.

Паводле выказваньня Марка Твэна: шчасьлівы чалавек помсьлівым не бывае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG