Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брэнды беларускіх вытворцаў – расейшчына й трасянка


Іна Студзінская, Менск Ці можа, да прыкладу, іншаземец, апынуўшыся ў менскім унівэрсаме, зразумець, што ён знаходзіцца ў Беларусі? Ці ёсьць нацыянальны калярыт у назовах беларускіх тавараў? Адказы на гэтыя пытаньні – у матэрыяле нашай карэспандэнткі.

Спачатку некалькі назоваў гандлёвых пунктаў. Ёсьць на вуліцы Маякоўскага крама, раней называлася: “Унівэрсам ‘Особый’”. Шыльду перарабілі й цяпер яна чытаецца, на думку кіраўніцтва, правільна, “па-беларуску”: “Унівярсам ‘Асобы’”. Ці быў яшчэ гастраном “Дивный”. Цяпер на ім вісіць шыльда “Дзіўны”. А побач – “Селянские присмаки”. Ёсьць яшчэ крама “Толока”

Меркаваньне намесьніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова:

(Кручкоў: ) “Пачынаюцца усе гэтыя памылкі ад штучнага білінгвізму, які ёсьць у Беларусі. Пры гэтым склалася унікальная сытуацыя, калі вытворцы толкам ня ведаюць расейскай мовы, беларускую мову ў пэўнай ступені асьцерагаюцца ужываць у назвах сваіх тавараў, і выходзіць сымбіёз – у беларусаў створана свая расейская мова. І яна выліваецца ў розныя “толоки”... Вычварэньні, зьдзек ідзе й з расейскай мовы. Мала таго, гэта адбываецца ў большай ступені праз боязь карыстацца беларускай мовай”.

Cталічны унівэрсам “Цэнтральны”, каўбасны аддзел. Гатункаў каўбасаў і вяндлінаў – дзясяткі. Назвы – у асноўным самыя стандартныя, прымітыўныя. Усе цэньнікі толькі па-расейску. Каўбасы “Обыкновенная”, “Столичная”, “Традиционная”, “Докторская”. Ажно 4 віды “Праздничнай” і два “Сьвяточнай”– ад даволі таннай варанай цаною 6 тысяч да сыравяленай за 19 з паловаю, уключаючы варана-вэнджаную й сыравэнджаную. Пытаюся ў прадавачкі, чаму такія розныя каўбасы аднолькава называюцца.

(Прадавачка:) “Ня ведаю. Розныя мясакамбінаты выпускаюць, цэны розныя. Вядома, вараная каўбаса адрозьніваецца ад вэнджанай, не павінны яны аднолькава называцца...”

Ёсьць яшчэ 3 розныя віды “Бутэрброднай” каўбасы коштам 17 тысяч і 15. І як зьдзек – вараная каўбаса, вельмі непрыглядная, шэрага колеру, за 7 тысяч за кілю з такім прыгожым, годным, беларускім назовам – “Шляхетная”. Вось толькі выгляд у яе неапэтытны й зусім не шляхетны.

У малочным аддзеле – малако “Обыкновенное”, сьмятана “Традиционная” й “Столичная”. Масла “Крестьянское” й “Селянское”. Цікавых, прывабных назоваў наагул няма. Усё па-расейску. Меркаваньне пакупнікоў:

(Натальля: ) “Як было 10 ці 20 гадоў таму – нейкі сьпіс стандартных назоваў кшталту “славянскае”, “традыцыйнае” ці “беларускае” – так і засталося. Калі нават зьяўляецца нешта новае, зноў нейкія ўсплываюць шаблёны. Тая самая “Бульба арыгінальная”. Насамрэч ніякая яна не арыгінальная й нават ня смачная. Ці піва “Александрыя” – мне абсалютна незразумела, адкуль узяты гэты назоў. Ніякіх беларускіх каранёў я тут для сябе прасачыць не магу. Хочацца пажадаць вытворцам, каб яны праяўлялі больш фантазіі ў назовах. Хочацца, каб у крамах усё не было такое шэрае і з выгляду, і з назоваў”.

(Віктар: ) “У нас людзі мысьляць не нацыянальнымі катэгорыямі. Яны мысьляць савецкімі катэгорыямі. Шмат усялякай славяншчыны. Яна проста прэ з усіх гэтых каўбасаў, сыроў, пяльменяў… Хіба толькі на “Шампанскім” напісалі “Князь Вітаўт”. Але, прабачце, такі напой з бурбалкамі называць “Князем Вітаўтам”– гэта зьдзек з князя Вітаўта”.

А мы працягваем падарожжа па унівэрсаме “Цэнтральны”.

У хлебным аддзеле вельмі парадавала прадукцыя сталічнага хлебазаводу № 2 – “Нарачанскі”, “Старажоўскі”, “Траецкі”, “Юбілярны” хлеб. І назовы, і рэцэптура – цалкам па-беларуску, пісьменна, без памылак. А побач – хлеб “Золок” і “Волот” (празь дзьве літары о) – хлебазавод № 3 выпякае. Далей – “Печенье “Сонейко” фабрыкі “Спартак”. Ёсьць яшчэ “Пернікі” зь дзіўным назовам “Расточак”. Што да рэцэптуры, спрабавалі пісаць па-беларуску, але паленаваліся зазірнуць у слоўнік – “жыры, сахар” замест тлушчу й цукру. Памылак – не падлічыць.

Хто ж прыдумляе назовы беларускіх брэндаў, прадуктаў? У краіне каля 80 тысяч таварных знакаў. Але далёка ня ўсе рэгіструюць сваю прадукцыю. Што да правінцыйных прадпрыемстваў ці прыватных прадпрымальнікаў, там ніякіх экспэртызаў, у найлепшым выпадку рэгіструецца ў мясцовым выканкаме часьцяком ня надта пісьменнымі чыноўнікамі.

Элеанора Ермакова, спэцыяліст у маркетынгу Берасьцейскага малочнага канцэрну, што вырабляе знакаміты “Савушкин продукт”, прызналася: назоў гэты прыдумала менская рэклямная кампанія.

(Ермакова: ) “Cавелій – гэта старажытнае імя. Савушка – гэта працаўнік. Захоўваючы традыцыі мінулага, далучаючы новыя тэхналёгіі, мы выпускаем малочныя прадукты з брэндам “Савушкин продукт”. Гэта ня Сава Марозаў, гэта імя агульнае, старое расейскае імя…”

(Карэспандэнтка: ) “Але ж вы – беларускае прадпрыемства, вырабляеце беларускія прадукты. Я ня думаю, што традыцыі беларускія горшыя…”

(Ермакова: ) “Можа, я няправільна выказалася, што гэта імя расейскае, гэта імя стараславянскае. Але і ў Беларусі такія імёны існавалі…”

(Карэспандэнтка: ) “А не прапаноўвалі вам спэцыялісты ў маркетынгу нацыянальныя беларускія назовы ўжываць, на беларускую мову нешта перакласьці?”

(Ермакова: ) “Цяпер наша прадпрыемства выходзіць на расейскі рынак, я ня думаю, што там будзе гэта актуальна. Для нас гэта вельмі важна. Цяпер мы заваёўваем расейскія рынкі. Таму тут мы ўжо глядзім у будучыню”.

Намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў перакананы:

(Кручкоў: ) “Брэнд “Савушкин продукт” не ўспрымаецца як беларускі прадукт. І мы ім гэта тлумачылі. Абурыліся яны – як гэта не беларускі брэнд? Мы адказалі: “Тады пішыце “Саўкаў прадукт”. Але яны не прыслухаліся да нас. І я лічу, дарэмна. Бо тыя, хто цяпер прыслухоўваецца, працуюць на будучыню.

Няма ўсьведамленьня нават у эліты прадпрымальніцкай, наколькі важны гэты нацыянальны аспэкт. Паглядзіце – цукеркі “Лаймэ” латыскія, ці “Дзінтарас”. Яны ж дзеля расейскага ці беларускага рынку не назваліся “Дзімачка” ці яшчэ як”.

Дарэчы, усясьветна вядомыя брэнды “Дырол”, “Кедбэры” зьвярталіся ў ТБМ, каб ім дапамаглі перакласьці анатацыі да новай прадукцыі – жуек са смакам дурніцаў, да прыкладу. І замежнікі не спалохаліся: маўляў, калі ёсьць у беларускай мове ягады дурніцы, можа, гэта спрацуе, як сьцёб і прыкол. Як адбылося зь яйкамі “Маладзецкімі” й “Знатнымі”.

Назовы вельмі смачных цукерак фабрыкі “Камунарка” зусім ня маюць аніякага нацыянальнага калярыту! Ёсьць нават недарэчнасьці: карамэль “Лебединая песня” ці цукеркі “Радий”, да прыкладу. Ці узяць увогуле новыя брэнды. “Sweet Dance”, да прыкладу – тут увогуле лёгіку цяжка зразумець…

Намесьнік начальніка аддзелу маркетынгу “Камунаркі” Кацярына Захарошка апраўдвалася.

(Захарошка: ) “Некалькі назоваў беларускіх у нас ёсьць – “Зьнічка” й “Золак”. Многія ня ведаюць, што “золак” – гэта “дребезжащий рассвет”. І вельмі шмат на прадпрыемства паступае тэлефанаваньняў ад людзей, асабліва старэйшага веку, што мы айчынныя вытворцы, мы носьбіты ўсё ж такі беларускай мовы. Таму мы працуем ў гэтым кірунку, і хутка зьявіцца сэрыя зь беларускімі назовамі, але не магу сказаць, як хутка”.

“Камунарка” вырабляе каля трохсот гатункаў цукерак, шакаляду – ад раскручаных “Краснай шапочкі” і “Мишак” да таго ж “Sweet Dance”. Дарэчы, ва Ўкраіне знакаміты “Мішка” называецца “Ведмедик клишеногий”. А ў беларускіх вытворцаў на фанціку напісана “Конфеты “Лявониха”, “Конфеты “Зничка” (з и – як у расейскім альфабэце). І зноў жа апраўданьне вытворцаў – маўляў, працуем на расейскі рынак.

А расейшчыны сапраўды – хоць адбаўляй. Спрэс усё “славянское”, “русское”, “московское”, “суворовское”, “сибирское”, “бородинское”.

Начальнік упраўленьня экспэртызы таварных знакаў Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Беларусі Яўген Зінкевіч тлумачыць гэта так:

(Зінкевіч: ) “Калі экспэрт палічыць, што слова “рускія” асацыюецца ў нашага спажыўца ня зь нейкай рэцэптурай, таварнай характарыстыкай, а з паказаньнем на краіну, то ў гэтым разе мы можам не зарэгістраваць. Калі наш заяўнік будзе выкарыстоўваць расейскую сымболіку, Спаскую вежу ці што яшчэ, тут экспэрт мае поўнае права сказаць, што знак уводзіць спажыўца ў зман адносна вытворцы. Што да пяльменяў, то яны ж сапраўды не беларускага паходжаньня, а зьявіліся ў Расеі, у Сыбіры, таму называюцца “Русские” й “Сибирские””.

Дарэчы, ёсьць пяльмені зь вельмі ўдалым назовам “Калі ласка”. Вытворцы ўжо ўцямілі, што брэнд можа быць беларускі, а вось тое, што інфармацыю для спажыўцоў таксама пажадана пісаць па-беларуску, да іх яшчэ не дайшло.

А ў суседняй Украіне прыняты закон: уся рэкляма, назовы прадуктаў і інфармацыя для спажыўцоў мусяць быць на ўкраінскай мове. Над тым, чаму ў беларусаў скрозь мяшанка ці трасянка, разважае супрацоўніца дызайнэрскай фірмы Людміла Шастак.

(Шастак: ) “Я раней вельмі абуралася, калі бачыла шмат памылак. Пасьля я пайшла працаваць у дызайн-студыю й пабачыла, як гэта усё робіцца. Прыходзіць да цябе нейкі бедны прадпрымальнік. Ні назову ён не прыдумаў, ні канцэпцыі не распрацаваў. А дызайнэр, які павінен адказваць толькі за дызайн, за выгляд этыкеткі, павінен прыдумаць яшчэ й назоў, напісаць, што там будзе. Каб зэканоміць, гэты прадпрымальнік усё скідае на аднаго чалавека. Вось і атрымліваецца “Піва Аліварыя”. А потым на расейскай мове “Минский бровар”. Апошнім часам пачынаюць не перакладаць на расейскую мову, а пісаць як бы транскрыпцыяй. Ня ведаю, адкуль гэта ідзе. Можа, сапраўды, наша мова – гэта трасянка, наша культура – гэта адсутнасьць усялякай культуры. Не хацелася, каб гэта было так”.

Таварыства беларускай мовы актыўна працавала зь Дзяржстандартам. Дамагліся нарэшце – уся інфармацыя для спажыўца павінна падавацца на беларускай і расейскай мовах. Дзяржстандарт прыняў адпаведную пастанову. Але хутка адмяніў уласнае рашэньне, спасылаючыся на тое, што пайшлі масавыя звароты прадпрыемстваў: маўляў, ня ўмеюць яны пісаць правільна па-беларуску, няма праграмы праверкі беларускай артаграфіі.

ТБМ зрабіў такую кампутарную праграму “Літара-1”. Але зноў ня пішуць па-беларуску. Бо, на думку Сяргея Кручкова, выкарыстаньне беларускай мовы на якім-небудзь прадпрыемстве ўжо становіцца палітычнай прыкметай. А так быць не павінна.

Што да ўзаемасувязі назову з экспартам, дык з савецкага часу ў той жа Расеі склалася вельмі высокая ацэнка беларускіх тавараў. Лягічна, што ў такой сытуацыі пазнавальны беларускі назоў – гэта увогуле супэр!

Дарэчы, у беларускіх крамах зьявіўся францускі каньяк “Радзівіл”. Кажуць, адмыслова для беларусаў выпусьцілі. Французы ўжываюць беларускія назовы, а айчынныя вытворцы – саромеюцца.
XS
SM
MD
LG