Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Neue Zuercher Zeitung”: Лукашэнка забараняе партыі й зачыняе ўнівэрсытэты


Ул. інф. У кастрычніку ў Беларусі будзе абраны новы парлямэнт. Тым часам прэзыдэнт Лукашэнка імкнецца знэўтралізаваць апазыцыю ўсімі магчымымі й немагчымымі сродкамі, – піша швэйцарская “Neue Zuercher Zeitung”.

Як падае “Neue Zuercher Zeitung”, найлепшыя стартавыя пазыцыі падчас восеньскіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі будуць мець прапрэзыдэнцкія кандыдаты. Калі апазыцыя ўсё ж здолее дамагчыся посьпеху, гэта не паўстане для кіраўніка краіны асаблівай праблемай.

На працягу мінулых тыдняў Лукашэнка сыстэматычна перасьледуе ўсё, што нават па самых аддаленых прыкметах падобна да крытыкі рэжыму. Напрыклад, сытуацыя з выбарнымі камісіямі. У іхны склад ўключаны толькі 28 апанэнтаў рэжыму. Але трэба мець на ўвазе, што ў Беларусі налічваецца 110 акруговых выбарных камісій, а ў кожную зь іх уваходзіць да 10 чалавек. Апазыцыйная міжпартыйная кааліцыя “Пяцёрка плюс” вылучыла на выбары 274 кандыдаты. Аднак сваіх прадстаўнікоў яна ня мае ні ў выбарных камісіях Менску, дзе жывуць шмат крытыкаў рэжыму, ні ў камісіях буйных беларускіх гарадоў – Магілеве, Горадні.

Як падкрэсьлівае “Neue Zuercher Zeitung”, паведамляць пра перадвыбарную сытуацыю ў Беларусі –гэта толькі складаць сьпіс грахоў Лукашэнкі. Акурат праз год пасьля закрыцьця Беларускага гуманітарнага ліцэю рашэньнем уладаў закрыты Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Напрыканцы ліпеня Міністэрства адукацыі пазбавіла ліцэнзіі гэтую навучальную ўстанову, якая пераважна фінансуецца заходнімі арганізацыямі.

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, апошнім часам нешматлікая акадэмічная эліта краіны практычна адвярнулася ад Лукашэнкі й у сваіх размовах усё часьцей цытуе “Сабачае сэрца” Булгакава.

Выданьне піша пра перасьлед незалежнай газэты “Народная Воля”, закрыцьцё прадстаўніцтва Расейскай тэлерадыёкампаніі ў Менску, ліквідацыю Партыі працы й неафіцыйны загад на забарону гучаньня ў дзяржаўным эфіры тых папулярных рок-гуртоў, якія ўзялі ўдзел у антыўрадавай акцыі 21 ліпеня. Як рэзюмуе ўплывовая швэйцарская газэта, “беларускі кіраўнік канфліктуе з усімі праявамі падзеньня ягонай папулярнасьці, і ў гэтай канфрантацыі яму, праўдападобна, не шкада, як кажуць, страляць з гармат па вераб’ёх”.
XS
SM
MD
LG