Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Ганчар пра Сівакова: “Вельмі сорамна ехаць з такой рэпутацыяй”


Алесь Дашчынскі, Менск У сваім камюніке Эўрапейскі зьвяз заявіў, што міністар спорту й турызму Юры Сівакоў не павінен быць дапушчаны ў Грэцыю на Алімпійскія гульні – з тае прычыны, што ён падазраецца ў дачыннасьці да справы аб парушэньні правоў чалавека. Сівакоў, які раней быў міністрам унутраных справаў, ёсьць адной з ключавых фігур у справе аб зьнікненьнях у Беларусі апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.

“Прысутнасьць Сівакова на маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях недапушчальна”, – заяўляе Эўрапейскі Зьвяз. Паводле прадстаўніка МЗС Грэцыі, Сівакову будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Нягледзячы на гэта, у Міністэрстве спорту й турызму заяўляюць, што міністар Сівакоў паедзе ў Афіны, згодна з зацьверджаным графікам, 12 жніўня.

Юры Сівакоў застаецца кіраўніком беларускай алімпійскай дэлегацыі й зьбіраецца выехаць у Афіны. Гэтую інфармацыю падаў прэсавы сакратар Міністэрства спорту й турызму Анатоль Арцем’еў.

(Арцем’еў: ) “Наш міжнародны аддзел паведаміў, што яму віза не патрэбна: ён едзе туды на падставе акрэдытацыі. Акрэдытацыя дзейнічае цягам 90 дзён. Міністэрства працуе ў ранейшым рэжыме й нічога не мяняецца. Плян, які ўстаноўлены – час вылету, адлёту, – усё ў ранейшым рэжыме”.

А як Юры Сівакоў адрэагаваў на заяву Эўразьвязу?

(Арцем’еў: ) “Ніяк абсалютна. Ён папросту працуе – і ўсё.У нас няма ніякіх афіцыйных дакумэнтаў, якія забаранялі б яму ехаць”.

Пагутарыць зь міністрам Сіваковым пакуль не ўдалося. Ягоныя падначаленыя спачатку казалі, што ён зьехаў на сэмінар у Тураў, а потым – што ён вярнуўся, але зьвязацца зь ім немагчыма.

Людміла Карпенка, якая выконвае ў Нямеччыне абавязкі грамадзкага вінаваўцы па Беларусі, папярэдне зьвярталася ў грэцкую амбасаду з просьбай, каб Сівакову не дазволілі ўезду на тэрыторыю краіны, раз ён падазраецца ў выкраданьні людзей.

(Карпенка: ) “Я лічу, што такім людзям няма чаго раз’яжджаць па такіх міжнародных мерапрыемствах. Як грамадзкі вінаваўца я адкрыла крымінальную справу супраць яго. Я накіравала яму ліст і лічу, што спачатку патрэбна разабрацца з гэтай справай. Таму няхай пакуль пасядзіць, падумае пра свае справы”.

Спадарыня Людміла кажа, што ёй пакуль не адказалі з амбасады Грэцыі. Але яна ўпэўнена, што ейны зварот паўплываў на рашэньне ўладаў гэтай краіны. Вось як яна ацэньвае самое рашэньне.

(Карпенка: ) “Я лічу, што гэта правільна. Гэта першы сыгнал супраць тых людзей, якія маюць дачыненьне да выкраданьня й забойства. Гэта наагул стаўленьне да палітыкі, якую праводзіць беларускі ўрад, да таго рэжыму, які цяпер у краіне. Дзесяць гадоў гэты рэжым існуе, і толькі ўсё болей набірае сілы. Калі спачатку яны вучыліся на гэтым, то, пачынаючы з 1999 году, папросту пайшлі на зьліквідаваньне сваіх апанэнтаў”.

Зінаіда Ганчар таксама мяркуе, што Юр’ю Сівакову няма чаго рабіць у Афінах. Тым болей – зьяўляцца на такім паважным усясьветным мерапрыемстве.

(Ганчар: ) “Я лічу, што з такой рэпутацыяй нягожа зьяўляцца на такім мерапрыемстве, як Алімпійскія гульні. Найперш трэба адказаць на тыя пытаньні, якія яму былі адрасаваны цягам пяці гадоў. Ігнараваць нашыя пытаньні, канечне ж, нельга”.

Як ставіцца Зінаіда Ганчар да рашэньня ўладаў Грэцыі?

(Ганчар: ) “Вельмі станоўча. Бо дарма Лукашэнка вінаваціць жонак выкрадзеных, што да яго ніхто не зьвяртаўся. Я асабіста пісала многа лістоў. Былі звароты праваабаронцаў. Я асабіста насіла іх у Адміністрацыю прэзыдэнта, каб яны былі перададзены. Тым ня менш, ні на водзін свой ліст, ні на водзін зварот я не атрымала адказу. Таму, калі ён ня чуе нас, то да голасу многіх краін ён змушаны будзе прыслухацца. І, канечне, тут вялікая заслуга спадара Пургурыдэса, які змог зрабіць вельмі добры, аб’ёмны даклад”.

Рашэньне ўладаў Грэцыі Зінаіда Ганчар называе першым рэальным крокам, які робяць эўрапейцы дзеля перамогі справядлівасьці. Але ж ці раіла б яна міністру Юр’ю Сівакову ехаць у Афіны?

(Ганчар: ) “Ці ж прыслухаецца гэты чалавек да маёй парады?Але тым ня менш, мне было б вельмі сорамна ехаць з такой рэпутацыяй. Перадусім Сівакоў павінен даказаць – калі ён ня мае дачыненьня да злачынстваў – сваю недатычнасьць. І назваць тых асоб, якія гэта зрабілі. Я думаю, ён гэта ведае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG