Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ня хочуць вучыцца ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту чакае разгляду ў Гаспадарчым судзе свайго пазову да Міністэрства адукацыі, у якім патрабуе прызнаць незаконным загад міністра Аляксандра Радзькова аб пазбаўленьні ЭГУ ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасьць. Адначасна выкладчыцкі калектыў працягвае ўзгадняць магчымасьці пераводу студэнтаў у іншыя навучальныя ўстановы краіны. Аднак многія з навучэнцаў не жадаюць працягваць навучаньне ў Беларусі й спадзяюцца атрымаць дыплём за мяжой.

Гэтымі днямі многія студэнты занятыя валанцёрскай працай у справе эвакуацыі ўнівэрсытэцкай бібліятэкі, якая не пасьпела пакінуць памяшканьне да 5 жніўня, як таго патрабуе Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне адміністрацыі прэзыдэнта. Яны разам з загадчыцай Натальляй Дубінавай пакуюць кніжкі ў вялікія скрыні.

(Дубінава: ) “Канечне, гэта вельмі працаёмкі працэс – 76 тысячаў кніг запакаваць – вельмі багаты фонд. Палова кніг на замежных мовах – гэта ўнікальная літаратура для Беларусі. І натуральна, што яна ўяўляе сабой вялікую цікавасьць для чытачоў гораду Менску й нават усёй краіны.”

Паводле спадарыні Дубінавай, цяпер кнігі будуць захоўвацца на складзе. Ці магчымае адкрыцьцё бібліятэкі ў іншым памяшканьні – сёньня ня ведае ніхто. Супрацоўнікаў жа звальняюць у поўным складзе. Гаворыць адна зь іх Ларыса Лушчыцкая.

(Лушчыцкая: ) “Я тут прапрацавала пяць гадоў, і цяпер шукаю працу. Гэта вельмі цяжка ўспрымаць, што ты, як злачынца, што ты апынуўся на вуліцы”.

Паводле бібліятэкарак, калі б не дапамога студэнтаў, то бібліятэка пацярпела б незваротныя страты.

Студэнты кажуць, што яшчэ спадзяюцца на аднаўленьне ўнівэрсытэту ў зьвязку з тым, што калектыў ЭГУ спрабуе праз суд аднавіць ліцэнзію, скасаваную Міністэрствам адукацыі. Тым часам кіраўніцтва ВНУ ў асобе рэктара Анатоля Міхайлава й ягонага намесьніка Ўладзімера Дунаева заявіла пра стварэньне ўнівэрсытэта ў выгнаньні.

***

Тым часам, рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў зьвярнуўся ў рэдакцыю газэты “Советская Белоруссия” з просьбай надрукаваць ліст, у якім дае свой камэнтар да інтэрвію міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, апублікаванага ў адным з нумароў газэты. Ніякага адказу ад кіраўніцтва “Советской Белоруссии” спадар Міхайлаў пакуль не атрымаў.

Гл. таксама • Міністар адукацыі спрабуе патлумачыць прычыны закрыцьця ЭГУ чытачам “Советской Белоруссии” • Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў стварае “ўнівэрсытэт у выгнаньні” • Форум з Анатолем Міхайлавым
XS
SM
MD
LG