Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз назваў прысутнасьць Сівакова ў Афінах “абсалютна недапушчальнай”, а МЗС Беларусі выказала “заклапочанасьць”


Аляксей Знаткевіч, Прага і Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнцтва Эўрапейскага зьвязу выступіла з заявай, у якой назвала абсалютна недапушчальнай прысутнасьць на Алімпіядзе ў Афінах Юрыя Сівакова, міністра спорту і турызму, які меўся ўзначальваць там беларускую дэлегацыю.

Падставай для гэтага паслужыла сёлетняя справаздача дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса, дзе гаворыцца пра магчымую датычнасьць спадара Сівакова да зьнікненьняў вядомых людзей. “Эўрапейскі зьвяз прытрымліваецца меркаваньня, што спадара Сівакова нельга дапускаць на Алімпійскія гульні,” – гаворыцца ў заяве Эўразьвязу.

Як мы паведамлялі раней, улады Грэцыі пасьля кансультацыяў зь іншымі краінамі Эўразьвязу прынялі рашэньне не дазволіць Юр’ю Сівакову ўезд на сваю тэрыторыю. Сам Юры Сівакоў у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” назваў гэта палітычнымі гульнямі. Ён заявіў, што ўсё роўна паедзе ў Афіны, бо беларуская дэлегацыя ўжо атрымала акрэдытацыю.

А вось што заявіла Радыё Свабода прадстаўніца міністэрства замежных спраў Грэцыі спадарыня Эфціміаду:

(Эфціміаду: ) “Пазыцыя нашага ўраду ясная – ніводная асоба, якой забаронены ўезд з боку Эўразьвязу, ня зможа ўехаць у Грэцыю. І калі прэсавага сакратара ўраду запыталі пра гэту канкрэтную асобу, ён заявіў, што той ня зможа ўехаць у Грэцыю. Гэта ясная пазыцыя”.

***

У сувязі з гэтым рашэньнем Эўрапейскага зьвязу і ўладаў Грэцыі міністэрства замежных справаў Беларусі зрабіла заяву.

У ёй гаворыцца, што міністэрства замежных справаў з “глыбокай заклапочанасьцю” успрыняло інфармацыю аб адмове ва ўезьдзе ў Грэцыю кіраўніку беларускай алімпійскай дэлегацыі Юрыю Сівакову. Беларускі бок з абурэньнем разглядае спробы выкарыстоўваць спаборніцтвы ў Афінах у якасьці арэны для “палітычных гульбішчаў”.

Беларускі бок ня бачыць прычын і падстаў для адмовы ва ўезьдзе ў Грэцыю для міністра Сівакова.

“Ні ў заяве галяндзкага старшынства Эўрапейскага Зьвязу, ні ў заяве прэс-сакратара МЗС Грэцыі няма ніякіх пераканаўчых фактаў, а тым больш доказаў якой-небудзь супрацьпраўнай дзейнасьці кіраўніка беларускай алімпійскай дэлегацыі.”, – лічыць беларускі МЗС.

Выкарыстаньне фармату Алімпійскіх гульняў для далейшага ўзмацненьня палітычнага ціску на Беларусь контарпрадукцыйнае і не садзейнічае аднаўленьню палітычнага дыялёгу з Эўразьвязам, зазначае МЗС. Гэткае стаўленьне да беларускай дэлегацыі афіцыйны Менск разглядае нэгатыўна. Паводле МЗС гэта “можа ўнесьці раскол у міжнародны алімпійскі рух”.

Беларускі бок заклікаў Эўразьвяз, а таксама краіны, якія далучыліся да заявы старшынства Эўразьвязу, неадкладана перагледзець прынятыя рашэньні адносна Сівакова.

Гл. таксама

• Нямецкі тэлеканал NTV: Сівакоў паедзе ў Афіны, нягледзячы на забарону

• Грэцыя забараніла ўезд на сваю тэрыторыю міністру спорту Юрыю Сівакову
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG