Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму чыноўнікі маўчаць, калі іх публічна абражае Аляксандар Лукашэнка?


Ігар Карней, Менск За 10 год прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі людзі прызвычаіліся ўжо да пэрыядычных публічных разносаў кіраўніка дзяржавы. У рэальным рэжыме тэлетрансьляцыі Лукашэнка крычыць на міністраў, дырэктараў заводаў, “вертыкальных” рознага ўзроўню. А яны зазвычай маўчаць. Толькі тэлекамэра фіксуе страх у вачох і рукі сталых людзей, што дрыжаць, як у школьніка на іспыце.

На ўчорашняй сэлектарнай нарадзе ў пытаньнях збору ўраджаю Аляксандар Лукашэнка ці не ўпершыню сутыкнуўся са спробай адкрытага супраціву ягонаму націску: ня вытрымаў старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч і паспрабаваў абараніць свой гонар. Чаму астатнія чыноўнікі дазваляюць чыніць зь сябе гвалт, і толькі апускаюць галовы, калі Лукашэнка на іх крычыць? У размове з былымі супрацоўнікамі органаў улады на гэтае пытаньне шукаў адказу наш карэспандэнт.

Старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч на гнеўныя вінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі, гледзячы ў аб’ектыў тэлекамэры, папрасіў кіраўніка дзяржавы не абражаць яго на ўсю краіну, бо ня лічыць сябе за нешта вінаватым.

(Дамашкевіч: ) “Хлеб сёньня вырас добры, але каб сабраць, б’юць па руках і нагах, і ня толькі Дамашкевіча…”

(Лукашэнка: ) “Заўтра прыйдзеце да мяне й дакладзеце: хто вас ударыў па руках і нагах. Не дакладзеце – я вас здыму з пасады”.

(Дамашкевіч: ) “Добра…”

(Лукашэнка: ) “Мне надакучылі вашыя зьвінавачаньні агулам. Вы нідзе не вінаваты…”

(Дамашкевіч: ) “Значыць, сытуацыя такая…”

(Лукашэнка: ) “Вы слухайце, што я гавару. Калі рогі вырасьлі, мы хутка іх саб’ём. Адны дакладаюць адно, другія іншае. Падзяліў вобласьць: адны лепшыя, іншыя – горшыя. Каб гэтага не было”.

(Дамашкевіч: ) “Гэтага й не было…”

(Лукашэнка: ) “Вы павінны працаваць, як працавалі старшынём Дзяржкантролю”.

(Дамашкевіч: ) “Гэтага не было, гэта ўсё – плёткі”.

Дарэчы, гэты эпізод у вечаровым эфіры тэлевізія паказала ў істотна скарочаным выглядзе, а ў справаздачы з нарады на прэзыдэнцкім Інтэрнэт-сайце й наагул сцэна ня згадваецца. Напэўна, прэсавая служба Лукашэнкі вырашыла, што ён перайшоў прыймальныя нават для самога сябе межы, а супраціў чыноўніка ня ўклаўся ў канцэпцыю публічнага разьбіральніцтва.

Між тым, ёсьць меркаваньне, што такія разносы чыноўнікаў Аляксандар Лукашэнка робіць дзеля публікі. А затым зьбірае толькі што зьняслаўленых чыноўнікаў у кабінэце і тлумачыць, чаму гэта было зроблена. Ці сапраўды гэта так? Якая матывацыя нястрыманых паводзін Лукашэнкі? Вось што з гэтай нагоды кажа былы начальнік Галоўнага ўпраўленьня кантролю органаў выканаўчай улады службы кантролю прэзыдэнта Алег Ігнаценка.

(Ігнаценка: ) “Ня думаю, што ёсьць нейкая дамоўленасьць паміж прэзыдэнтам і чыноўнікамі, прысутнымі на нарадах, пра тое, што публічна будзе разнос, а за кадрам, быццам, ён папросіць прабачэньня. Ніколі Лукашэнка ні з кім не дамаўляецца, як сябе паводзіць перад камэрай ці па-за камэрай. Ён вядзе такую палітыку, адназначна разьлічваючы на тое, што гэта знойдзе падтрымку ў электарату. У людзей ствараецца ілюзія дрэнных чыноўнікаў і добрага цара. Маўляў, гэта чыноўнікі перашкаджаюць яму працаваць. Што да Дамашкевіча, то ў яго папросту здалі нэрвы. Ён лічыць, што дастаткова шмат прыкладае намаганьняў да таго ж самага жніва, але атрымлівае штурхалёў болей за астатніх. Таму быў пратэст, нязгода з тым, што яго публічна зрабілі горшым. Але ў дадзеным выпадку, мне здаецца, Дамашкевіч пасьля нарады падышоў да Лукашэнкі й папрасіў прабачэньня. Гэта было такое юнацкае парываньне, да якога ён сам не быў падрыхтаваны”.

Дагэтуль спроб абараніць сваю годнасьць пакуль не назіралася. Учора ж чыноўнікі наагул пачыналі свае выступы са зваротаў кшталту: “Шаноўны таварыш прэзыдэнт, пасьля таго, як вы паставілі задачу…” ці “Дзякуючы вашаму клопату…”, або “Як толькі вы ўмяшаліся ў справу – у нас усё пайшло на лад...” А размова Лукашэнкі й старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму дык і зусім вартая асобнага цытаваньня.

Канстанцін Сумар сказаў: “Я не хацеў бы з Богам спрачацца, паважаны Аляксандар Рыгоравіч. Вы ж бачыце, якое надвор’е”.

(Лукашэнка: ) “Я ж ня Бог”.

(Сумар: ) “Вы крыху вышэй!”

(Лукашэнка: ) “Ну, дзякуй!”

Былы кіраўнік прававога ўпраўленьня Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандар Пласкавіцкі лічыць, што, з аднаго боку, ня так і дрэнна, калі Лукашэнка спрабуе спагнаць з чыноўнікаў па вялікім рахунку, але гэта робіцца толькі ў ягоных асабістых інтарэсах. Наагул жа манера Лукашэнкі размаўляць зь людзьмі пераносіцца затым і на манеру размаўляць з усім сьветам. А гэта шкодзіць дзяржаве – лічыць Аляксандар Пласкавіцкі.

(Пласкавіцкі: ) “Тое, што ён атаясамлівае сябе й дзяржаву, – нейкім чынам і на карысьць дзяржаве. Бо калі ён бароніць сябе, ён, у пэўным сэнсе, абараняе й нас з вамі. Калі б была іншая, больш рахманая асоба, прыкладам, Кебіч, – магчыма, мы былі б у большай палітычнай залежнасьці. Але гэта незалежнасьць такая, як у хама ў грамадзкім транспарце. Хамская самастойнасьць. Калі іншы, больш раўнаважны, сказаў бы: так, буду рабіць, як скажаце, – Лукашэнка лямантуе. Нават тады, калі хочацца яго зламаць, яго не заўсёды ламаюць. Але насамрэч ён няўлоўны Джо – бо яго ніхто й ня ловіць. Так і зь Беларусьсю. Незалежная Беларусь, таму што ў бальшыні выпадкаў, калі ад яе маглі б запатрабаваць залежнасьці, – пра яе наагул забываюцца, не зьвяртаюць увагі на яе. Бо зважыць – дык гэта смуроду будзе на ўвесь сьвет”.

Чаму чыноўнікі маўчаць, калі іх зьневажаюць на ўсю краіну? Былы старшыня Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандар Вайтовіч, якога зусім нядаўна Лукашэнка дакараў, што той “хрукаў” ля ягонай кармушкі, а цяпер лезе ў прэзыдэнты, кажа: супрацьстаяць такому ціску можа ня кожны.

(Вайтовіч: ) “Калі няма ўзроўню культурнага, хоць бы сярэдняга, дык адгэтуль і манеры. Культурнага ўзроўню не хапае ў чалавека. “Ускочыў” зьнянацку на цягнік – і нічога не набраў за гэты час. З іншага боку, тонка адчувае, хто скажа супраць, а хто прамаўчыць. Я, праўда, не адчуваў, каб ён нёс уадкрытую штосьці супраць мяне на нарадах. Не было ніколі”.

(Карэспандэнт: ) “Нядаўна ж якраз было…”

(Вайтовіч: ) “Дык я ж напісаў заяву ў пракуратуру. Сёньня туды тэлефанаваў. Сказалі, што паперу зарэгістравалі. А гэта ўжо, ведаеце, – посьпех. Дарэчы, Лукашэнка гэтакім чынам прызнаўся, што ў яго ёсьць незаконны фонд, нелегітымны. Ён сказаў “кармушка”. Што гэта такое – “кармушка”? Незаконныя грошы, якія ён крадзе ў некага, забірае?”

Спадар Вайтовіч перакананы, што ў прыродзе ды паводзінах Аляксандра Лукашэнкі штосьці зьмяніць ужо немагчыма. А таму й надалей ён будзе гэтак жа ставіцца да падначаленых.
XS
SM
MD
LG