Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына: застаецца магчымасьць правесьці рэфэрэндум адначасова з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск Згадка Аляксандра Лукашэнкі падчас сэлектарнай нарады пра нейкае “палітычнае мерапрыемства”, што можа быць праведзена ў блізкім часе разам з выбарамі, дала падставу зноў спомніць пра магчымы рэфэрэндум аб трэцім тэрміне. Дзейная Канстытуцыя (артыкул 81) дазваляе адной і той жа асобе быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны. Ці магчыма правесьці гіпатэтычны рэфэрэндум адначасова з парлямэнцкімі выбарамі, прызначанымі на 17 кастрычніка?

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына лічыць, што рэфэрэндум можна правесьці адначасова з парлямэнцкімі выбарамі. На гэта пакуль хапае часу.

(Ярмошына: ) "Закон наагул не вызначае мінімальных тэрмінаў для правядзеньня рэфэрэндумаў. Ён вызначае толькі мінімальныя тэрміны для ўтварэньня камісій – 30 дзён".

(Карэспандэнт: ) "Але ж літаральна ўчора скончылася фармаваньне акруговых выбарчых камісій. Іх дастаткова?".

(Ярмошына: ) "Не, трэба яшчэ й тэрытарыяльныя ствараць. Ёсьць такое абмежаваньне".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, трэба мець яшчэ 30 дзён запасу. Гэта атрымліваецца – да 17 верасьня?”

(Ярмошына: ) "Так".

Тым часам былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў распачалі публічную дыскусію наконт таго, ці можна наагул выносіць на рэфэрэндум такія пытаньні. Спадар Грыб лічыць, што рабіць гэтага нельга. Спадар Пастухоў зь ім не пагаджаецца. Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў схіляецца да падтрымкі свайго калегі.

(Фадзееў: ) "Я больш згодзен з Пастуховым. Думаю, што тут, відаць, усё залежыць ад пастаноўкі пытаньня. На мой погляд, забарону выносіць на рэфэрэндум пытаньні, зьвязаныя з выбарамі прэзыдэнта, і гэтак далей, трэба трактаваць больш вузка. Гэта праблемы, зьвязаныя з працягам паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта й зь ягонымі выбарамі праз рэфэрэндум. І гэтак далей. А што тычыцца зьменаў у Канстытуцыю, адпаведна зь якімі тэрмін паўнамоцтваў абмежаваны, і трэба адмяніць гэтыя абмежаваньні, то, я думаю, гэта не забаронена".

Тут варта нагадаць, пры якіх выніках галасаваньня рашэньне лічыцца прынятым. Вось як гэта тлумачыць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

(Ярмошына: ) "Усё залежыць ад таго, які гэта рэфэрэндум. Калі ён канстытуцыйны, – то рашэньне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш за палову выбарнікаў, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Калі ж рэфэрэндум звычайны, то тады дастаткова бальшыні тых, хто прыйшоў на выбарныя ўчасткі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG