Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскай фабрыцы гародніны рыхтуюцца канчаткова вынішчыць “корань жыцьця” жэньшэнь


Віталь Сямашка, Менск Зь сёньняшняга дня Менгарвыканкаму падпарадкавана Менская фабрыка гародніны, што ўваходзіла дагэтуль у структуру Ўпраўленьня справаў Прэзыдэнта. На прадпрыемстве месьціцца найбуйнейшая ў Эўропе плянтацыя жэньшэню. Як цьвердзяць адмыслоўцы, наступным крокам стане акцыянаваньне стратнай вытворчасьці, што запазычыла дзяржаве звыш сямі мільярдаў рублёў, ды зьліквідаваньне “эканамічна невыгоднага”, на думку сёньняшніх кіраўнікоў, унікальнага лекавага саду імя Віяленція.

У 1985 годзе беларускаму навукоўцу Георгію Віяленцію ўдалося прыжыць знойдзеныя ім у вандроўках па аблогах Сіхотэ – Аліня карані жэньшэню на беларускай глебе – акурат на працоўных плошчах Менскай фабрыкі гародніны. “Гэта быў прарыў плянэтарнага значэньня”, – кажа сп. Віяленція, ляўрэат прэстыжнай прэміі Генры Форда “За ўратаваньне ўнікальных плянтацый”. Ірына Канстанцінаўна апекавалася беларускім жэньшэнем пасьля сьмерці мужа.

(Віяленція: ) “Калі мы куплялі насеньне на Далёкаўсходняй досьледнай станцыі, там дырэктарам быў нехта Зражва. Ну, гаварыў: “Побалуйтесь, ребята”. Ён ведаў, што, хто ні браў, – нічога не выходзіла. Ён прыехаў да нас першы раз, другі, а калі трэйці раз прайшліся – а на плянтацыі былі расьліны рознага ўзросту – сказаў: “Ребята, вы даже не представляете, что вы сделали…”

Нацыянальным здабыткам называлі гэты аазу экалягічна чыстых расьлін Вячаслаў Кебіч і Зянон Пазьняк.

Жэньшэнь забясьпечваў 50 адсоткаў прыбытку фабрыкі гародніны. Але асабліва ўзрасло ягонае значэньне пасьля Чарнобылю. Лекаваньне жэньшэнем спыняе рэпрадукаваньне клетак з парушаным кодам, якія спрыяюць разьвіцьцю анкалягічных захворваньняў. У гэтым пераканана сп. Людміла Лосева, аўтарка 15 лекавых прэпаратаў з прадукцыі саду Віяленція.

(Лосева: ) “Нашыя прэпараты дазваляюць беларусам выжыць. Комплекс вітамінаў А, Е, С ды мікраэлемэнты ствараюць сыстэму абароны арганізму. А жэньшэнь, радыёла ружовая, элеўктаракок – гэта натуральныя антыаксыданты, у якіх усё прырода збалянсавала. Іх магчыма доўга ўжываць. Антыаксыданты, зробленыя штучна, – можна толькі разава. Двухтыднёвы курс каштуе 2500-3000 – кожны беларус у стане заплаціць такія невялікія грошы”.

Аднак пасьля перадачы фабрыкі гародніны Ўпраўленьню справаў Прэзыдэнта на ёй памянялася 13 дырэктараў. З Ірынай Віяленціяй пасьля шэрагу судовых разьбіральніцтваў папросту не падоўжылі кантракту. На свае вушы чуў, як ёй ды ейнай дачцы забаранялі ўваход на прадпрыемства. Сп. Ірына тлумачыць…

(Віяленція: ) “Не падабаецца, што я не хачу аддаць на раскраданьне ўсё створанае ўсімі намі. Я падавала ў суд. Было спалена высушаных траваў больш за тону – цэлая гадавая нарыхтоўка. Жэньшэню сухога сьпісана 27 кг. А 200 кг – увесь быў паточаны мольлю. Зрабілі складамі трактараў цэлыя цяплічныя двары. Можа, хто хоча прыватызаваць плянтацыю?.. Таму што там усе камунікацыі, электра ды водазабесьпячэньне, агароджа – вельмі спакусьлівы кавалак…”

Пасьля звароту супрацоўнікаў прадпрыемства да старшыні КГБ Ерына нехта Леўчанка, генэральны дырэктар “Белзьнешгандальінвэсту” – падразьдзяленьня Ўпраўленьня справаў Прэзыдэнта, куды ўваходзіла Менская фабрыка гародніны, – кажуць, зьбёг у Нямеччыну. Тым часам з прычыны несвоечасовай пасадкі загублены ўвесь сёлетні ўраджай жэньшэню, плошча якога скарацілася да аднога га. Але вось пазыцыя цяперашняга галоўнага эканаміста сп. Тамары Юрчанкі.

(Юрчанка: ) “Плянтацыя сама па сабе будзе працаваць. Цяпер там вырошчваюць валяр’яну, маліны тры га пасадзілі. Прыяжджайце – купляйце па тры тысячы кг. Жэньшэнь пяць гадоў як загубілі – сёньня нікому ня трэба! Усё нармальна – вельмі маладыя, энэргічныя людзі прыйшлі…”

Гэткага аптымізму, праўда, не падзяляе нядаўні камэрцыйны дырэктар прадпрыемства Антаніна Аліева.

(Аліева: ) “Фабрыка, калі пяройдзе ў падпарадкаваньне гораду, безумоўна, будзе акцыянавана. Жэньшэнь дае аддачу ня ў першы год, а на трэйці-шосты. Верагодна, што людзі, укладаючы грошы, пажадаюць атрымаць прыбытак як найхутчэй – пабудуюць станцыі запраўкі, рынак альбо катэджы. І плянтацыі жэньшэню месца, адназначна, ня будзе”.

У адчаі Ірына Віяленція развозіць цяпер дзеля захаваньня насеньне жэньшэню па кляштарах. Учора я патэлефанаваў у кляштар Дабравесьця ў Лядах. І мне паведамілі, што плады ўжо завязаліся.
XS
SM
MD
LG