Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль і Хірасіма – дзьве розныя атамныя трагедыі


Галіна Жарко, Менск 59 гадоў таму прагрымеў атамны выбух у Хірасіме, праз тры дні другая бомба была скінутая на Нагасакі. Паводле рашэньня Міжнароднага руху “Дактары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны” сёньняшні дзень, 6 жніўня, адзначаецца як дзень “Дактары сьвету за мір”.

Каля касьцёла сьвятых Сымона й Алены ў Менску кожную нядзелю звоніць звон – дакладная копія звона “Анёл” зь японскага горада Нагасакі. Гэты звон ацалеў падчас атамнага бамбардаваньня, і цяпер у японскім храме Ўракамі менавіта гэты звон нагадвае аб ахвярах чарнобыльскае трагедыі ў Беларусі.

Але японская і беларуская атамныя трагедыі прынцыпова адрозьніваюцца. Вось што гаворыць швэйцарскі журналіст Уладзімер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Хірасіма мае ролю ў навуковым падмане, які шкодзіць беларусам. Атамшчыкі праз Хірасіму тлумачаць Чарнобыль. У той час, гэта розныя выпадкі. Бомба ўзарвалася і зьнішчыла ў сваім конусе ўсе радыёнукліды. Праз тыдзень на той тэрыторыі можна было працаваць. Чарнобыльскі пажар доўжыўся 10 дзён і выкідваў тоны радыёнуклідаў, якія аселі на тэрыторыі Беларусі. Праз расьліны радыёнукліды ўваходзяць у харчовы ланцуг. Атамшчыкі сувязь паміж радыяцыяй і паталёгіяй прызнаюць толькі калі йдзе размова пра дозы зьнешняга апраменьваньня, такія як у Хірасіме. І ў іх ёсьць мадэлі разьлікаў – пры якой дозе апраменьваньня якія ўзьнікаюць паталёгіі. У Беларусі такіх дозаў няма. Я сам хадзіў па лясах, па вёсках, і мой гейгер паказвае вельмі невялікую зьнешнюю дозу. Атамшчыкі ня хочуць бачыць вынікаў працы прафэсара Бандажэўскага”.

Тэлевізійны журналіст са Швэйцарыі Ўладзімер Чарткоў супрацоўнічае з прафэсарам Фэрнэ – адным з чальцоў арганізацыі “Дактары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны”. Гэтая арганізацыя актыўна пратэставала з прычыны турэмнага зьняволеньня беларускага прафэсара Бандажэўскага, які даказваў сувязь сьмяротных паталёгіяў з малымі дозамі апраменьваньня радыёнуклідамі. Нагадаю, прафэсар Бандажэўскі быў асуджаны за хабар. Зараз ён на вольным пасяленьні працуе пастухом у адной зь беларускіх вёсак.

Калі дакумэнтальны фільм Уладзімера Чарткова пра дасьледваньні прафэсара Бандажэўскага быў паказаны ў Францыі, ён выклікаў хвалю абурэньня.

(Чарткоў: ) “У Францыі вельмі моцнае атамнае лобі. Францыя выпрацоўвае найбольшую колькасьць атамнай электраэнэргіі на душу насельніцтва. Там працуе 58 рэактараў, таму аказваецца вельмі моцнае супраціўленьне гэтай праўдзе аб наступствах Чарнобыля, якая можа падарваць давер да атамнай энэргіі. Але ў Францыі існуе 650 грамадзкіх арганізацый, якія распаўсюджваюць інфармацыю, пратэстуюць, змагаюцца, судзяцца з урадам. Падчас Чарнобыльскае атамнае катастрофы лічылася, што быццам бы Францыя не пацярпела. Між тым шматлікія тэрыторыі Францыі былі забруджаныя. Каля 300 хворых на рак шчытападобнай залозы падалі ў суд на ўрад за гэты падман”.

Пяць дакумэнтальных фільмаў, зьнятых Уладзімерам Чартковым на забруджаных радыёнуклідамі беларускіх тэрыторыях, былі паказаныя па тэлебачаньні Швэйцарыі, Францыі, Канады і іншых краін. У Беларусі гэтых фільмаў няма. А прафэсар Юры Бандажэўскі, як сказала ягоная жонка Галіна Бандажэўская, паціху вяртаецца да работы. Паціху, бо пасьля 3 гадоў турмы ў яго праблемы са здароўем.
XS
SM
MD
LG