Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік “Белэнэрга”: Калі Ігналінскую АЭС зачыняць, на Беларусі гэта ніяк не адаб’ецца


Юлія Шарова, Менск Энэргетычныя кампаніі чатырох краінаў – Беларусі, Расеі, Эстоніі й Латвіі – зьвярнуліся да ўраду Літвы з просьбай не зачыняць пакуль Ігналінскую АЭС. Калі Літва пойдзе на такі крок, то ейныя бліжэйшыя суседзі ў наступным годзе могуць мець праблемы з забесьпячэньнем электраэнэргіяй.

Спыненьне працы Ігналінскай АЭС – адно з патрабаваньняў, якія Эўразьвяз выстаўляў да Літвы. І першы блёк электрастанцыі мусіў спыніць сваю працу ужо ў канцы гэтага году. Але ж літоўскія энэргетыкі раней падпісалі з кампаніямі “Белэнэрга”, РАО “ЕЭС”, Эсты Энэргія, Латвэнэрга пагадненьне пра паралельную работу сваіх энэргасыстэмаў, таму закрыцьцё першага блёку Ігналіны можа стварыць для чатырох краінаў праблемы. Цяпер у Калінінградзе будуецца новая цэплаэлектрастанцыя, яе запусьцяць у лістападзе 2005 году. Такім чынам, энэргетыкі просяць урад Літвы пачакаць, пакуль тая станцыя не запрацуе. Асабліва гэтае пытаньне турбуе расейцаў, бо зь несвоечасовым закрыцьцём Ігналіны без электрычнасьці можа застацца Калінінградзкая вобласьць.

У дэпартамэнце ядзернай энэргетыкі Міністэрства гаспадаркі Літвы Свабодзе паведамілі, што тэхнічна перанесьці закрыцьцё станцыі цалкам магчыма, аднак яны чакаюць палітычнага рашэньня ўраду краіны, які ў сваю чаргу схільны прыслухоўвацца да пазыцыі Эўразьвязу.

Беларусі закрыцьцё Ігналіны наўпростых праблемаў не прынясе, лічыць дарадца старшыні канцэрну “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба. Сёлета Беларусь не імпартуе электраэнэргію наагул ды займаецца ейнай вытворчасьцю сама. У наступным годзе, аднак, ёсьць пляны закупаць яе ў Расеі, якая ў сваю чаргу набывае электраэнэргію ў Літвы й перапрадае суседзям. У выніку закрыцьця літоўскай станцыі Беларусь траціць толькі пэўную эканамічную выгаду, кажа спадар Кардуба.

(Кардуба: ) “Літоўская энэргія была таньнейшай за расейскую, бо яе выраблялі на атамнай электрастанцыі. І расейцы прадавалі нам яе крыху таньней за сваю ўласную электраэнэргію. Там была чыста эканамічная выгада. Але калі яе ня будзе, нават у найгоршым варыянце, калі зачыняць Ігналінскую атамную станцыю, на нас гэта ніяк не адаб’ецца, бо расейцы прададуць нам столькі энэргіі, колькі нам яе трэба. Толькі яна будзе іншым коштам”.

Кошт уласнай электраэнэргіі для Беларусі цалкам залежыць ад тарыфаў на прыродны газ. Пры цяперашняй цане лепей вырабляць электраэнэргію самім. Уладзімер Кардуба кажа, што калі ў наступным годзе паліва падаражэе, то электраэнэргію давядзецца ўсё ж імпартаваць, перадусім з Расеі.
XS
SM
MD
LG