Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ”: аўстрыйская фірма прапанавала беларускім чыноўнікам хабар за дапамогу ў вяртаньні сваёй тэхнікі


Падрыхтаваў Алесь Дашчынскі, Менск Агляд незалежных газэт

Сёньняшняя “Белорусская деловая газета” піша пра скандал у асяродзьдзі сілавых чыноўнікаў. У Савет бясьпекі паступіў ліст ад аўстрыйскай фірмы LD-Leasing, якая просіць дапамагчы ў пошуку і вяртаньні ёй 16 цягачоў “Мэрсэдэс” і 16 паўпрычэпаў, агульным коштам амаль на 2 мільёны даляраў. Аўстрыйская кампанія даўно спрабуе вярнуць сваю маёмасьць, дзеля чаго заплаціла наяўнымі 200 тысяч даляраў. Гэтыя грошы былі патрэбныя для аплаты паслугаў тых асобаў, якія павінны садзейнічаць вяртаньню маёмасьці. Як піша “БДГ”, размова ідзе пра хабар чыноўнікам некаторых салідных ведамстваў. Сярод іх можа быць адзін з намесьнікаў старшыні КГБ. Прадчуваючы складанасьці з вырашэньнем гэтай справы, неўзабаве ў Менск прыедуць прадстаўнікі аўстрыйскіх кампаній і нямецкай юрыдычнай фірмы.

“Каму і навошта патрэбная апазыцыя?“ – пад такім загалоўкам “Газета для вас” друкуе інтэрв’ю зь сябрам Нацыянальнага камітэта АГП Уладзімерам Радзівончыкам. Палітык цьвердзіць, што апазыцыя спрыяе зьніжэньню ўзроўня карупцыі ў грамадзтве. Падаўленьне апазыцыі стварае небясьпеку ўплыву на ўладу злачынных груповак, фармаваньня вялікага “ценявога” сэктара эканомікі.

У Івацэвічах ужо тры сям’і прымусова выселеныя са сваіх кватэраў за няплату камунальных паслугаў. Такі ж лёс чакае яшчэ 10 сем’яў, якія маюць запазычанасьць. Неплацельшчыкаў перасяляюць у так званае сацыяльнае жыльлё, да прыкладу, у інтэрнат, якое немагчыма прадаць альбо прыватызаваць. Як піша далей “Газета для вас”, памер камунальнай платы даўно стаў адной з ключавых праблемаў. У вялікай колькасьці грамадзянаў сямейны бюджэт не вытрымлівае гэтых выдаткаў. Па стане на 1 ліпеня жыхары Івацэвічаў запазычылі 147 мільёнаў рублёў. Апошнім часам улады адключалі ад камунальных паслугаў 103 кватэры, аформілі ў суд каля 300 зыскаў.

“Местная газета” распавядае пра падрыхтоўку Ваўкавыска да сьвята ўраджаю “Дажынкі”. Горад падвергнуты касмэтычнаму рамонту – фасады фарбуюць, кладуць тратуарную плітку, падпраўляюць дарогі, вывозяць сьмецьце. На сьвята чакаецца прыезд прэзыдэнта Лукашэнкі. Асаблівая ўвага нададзена рэканструкцыі вакзала, дзе зьявіцца зборная дэкаратыўная павець даўжынёй у 93 мэтры і новыя прыбіральні.

Газэта “Инфо-курьер” распавядае, што слуцкі гарвыканкам зьвярнуўся да жыхароў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый з просьбай аказаць фінансавую дапамогу ў правядзеньні ўборкі ўраджаю. Указаны нумар рахунку і ўсе патрэбныя рэквізіты. Пакуль гэта падаецца ў форме просьбы, але мэханізм яе ажыцьцяўленьня невядомы.

Дрэнная якасьць вады зь вялікім утрыманьнем жалеза (адзін міліграм на літар) стала праблемай для сямі тысячаў жыхароў былога “ваеннага” гарадка ў Слуцку, піша газэта “Инфо-курьер”. Больш таго, у часы “пік” жыхарам вады, наогул, не хапае. Увосень, да выбараў, улады абяцаюць пусьціць спэцыяльны вадавод, які падасьць жыхарам раёна якасную ваду.

“Брестская газета” распавядае, што мастак Леў Алімаў запрошаны да ўдзелу ў міжнароднай выставе графікі малых формаў у Токіо, якая сёлета прысьвячаецца юбілею Такійскага ўнівэрсытэта мастацтваў. Яна зьбярэ лепшыя работы мастакоў з 81 краіны сьвету. Беларусь на ёй будзе рэпрэзэнтаваць Леў Алімаў зь Берасьця. А яшчэ мастак атрымаў запрашэньне прыняць удзел у выставе графікі ў Вільні, якую арганізуе літоўскае міністэрства культуры.
XS
SM
MD
LG