Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта была мара ўсяго майго жыцьця – эўрапейская адукацыя”


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту правялі акцыю пратэсту, арганізаваную супраць закрыцьця гэтай установы. Сёньня калектыў ЭГУ мусіў вызваліць навучальны корпус, як таго запатрабаваў арэндадаўца, якім ёсьць Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне адміністрацыі прэзыдэнта. Раней Міністэрства адукацыі пазбавіла ўнівэрсытэт ліцэнзіі на права адукацыйнай дзейнасьці. Таму акцыя пратэсту была праведзеная пад лёзунгам “Вярніце ЭГУ.” Аднак паводле арганізатараў, супрацоўнікі міліцыі зрабілі ўсё магчымае, каб яна была сарваная.

Акцыя пратэсту прайшла ў двары ўнівэрсытэту без плякатаў і лёзунгаў. Паводле арганізатараў, гэтак запатрабавалі супрацоўнікі міліцыі. Гаворыць студэнтка Марыя Несьцерава:

(Несьцерава: ) "Мы хацелі выйсьці з плякатамі. Але плякаты, на жаль, міліцыя ўчора парвала. Паламала. Я ня ведаю, чым іх зьбянтэжылі дзіцячыя малюнкі з надпісамі "Я люблю Беларусь", "Я хачу тут вучыцца", "Мы хочам эўрапейскай адукацыі тут". Гэта іх ініцыятыва. Іх тут больш, чым нас."

На ўваходзе ва ўнівэрсытэцкі дворык і каля будынку дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі, пераапранутыя ў цывільнае.

У выніку на акцыю не змаглі патрапіць многія студэнты і моладзь. На акцыю не змагла патрапіць і праваабаронца Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) "Я хацела толькі падысьці й адразу ж апынулася пад відэакамэрай міліцыянэраў. Мне сказалі, што я ня маю права тут знаходзіцца. І што я мушу пакінуць гэтую тэрыторыю.

Прадстаўнікі беларускага Ліцэю, якія гэтаксама прыйшлі на акцыю, так пракамэнтавалі гэтую падзею. Гаворыць Франак Вячорка.

(Вячорка: ) "Яны паведамілі, што наша акцыя непалітычная. Мы будзем рабіць непалітычныя акцыі. Гэта было проста сьмешна. Сьмешна, бо кожнае закрыцьцё ўнівэрсытэту - калі гэта ўжо ідзе тэндэнцыйна, гэта - палітыка. Гэта палітыка дзяржавы. На жаль, яны чамусьці гэтага не разумеюць."

Пасьля кароткіх прамоваў кіраўніцтва ЭГУ і сьпеву студэнцкага гімну Gaudeaumus, акцыя закончылася. Некаторыя плакалі.

(Маці студэнткі: ) "Як маці можа рэагаваць, калі дзіця кажа - мама, у мяне жыцьцё аднялі!" (плача)

(Іншая маці: ) "Такое згубілі! Ніхто не разумее, што мы згубілі. Гэта ўсьвядомім зусім хутка. Вялікае бачыцца на адлегласьці."

(Студэнтка: ) "Гэта была мара ўсяго майго жыцьця – эўрапейская адукацыя." (плача)

(Іншая студэнтка: ) "Гэта проста рэквіем па мары."
XS
SM
MD
LG