Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На афінскую Алімпіяду павезьлі буйнагабарытны багаж беларускіх спартоўцаў – каня па мянушцы Проблеск


Уладзімер Глод, Менск 5 жніўня з Аўстрыі у алімпійскія Афіны павезьлі незвычайны груз – спартовага каня па мянушцы Проблеск. Роўна праз паўмесяца ў сталіцы Грэцыі на ім выступіць адзіная прадстаўніца Беларусі ў конным спорце Ірына Ліс. Як транспартуюцца на Алімпіяду буйнагабарытныя грузы?

Паводле дзяржаўнага трэнэра Наталі Юрганавай, беларуская спартоўка разам са сваім выхаванцам у ліпені паехалі ў Аўстрыю на заключны этап падрыхтоўкі да Алімпіяды.

(Юрганава: ) "Туды, у Аўстрыю, каня даставілі адмысловым прычэпам "хэнка". А адтуль у Афіны яны паедуць разам з расейскай спартоўкай на адмысловым вялікім прыстасаваным транспарце. Мы плацім за арэнду канявозкі. Транспарт вельмі добры: там і кандыцыянэр, і трапы для коней – карацей, усё належнае. Цяпер Міністэрства спорту й турызму набывае адмысловую машыну, але мы папросту не пасьпеем аформіць яе на Алімпіяду".

Давезьці Проблеска ў Афіны трэба абавязкова бяз усялякіх для яго стрэсаў – падкрэсьлівае дзяржаўны трэнэр.

(Юрганава: ) "Ад каня залежыць адсоткаў 80 агульнага посьпеху, перадусім, – ад ягонага выгляду. Гэта спартовая пара – выступоўца й конь. Як, напрыклад, фігурысты. Гэта парны выступ, дзе ад абодвух залежыць вельмі многае. Проблеска, каня тракінінскай пароды, выгадавалі на менскім конным заводзе імя Даватара. Цяпер яму 14 год".

Сёньня ж зь Менску ў Афіны павезьлі яшчэ адзін буйны груз – спартовыя лодкі для весьляроў. І тут скарыстоўваюцца адмысловыя, менавіта для гэтай мэты машыны. Мяркуецца, што на трэйці дзень груз дасягне месца прызначэньня. А вось вёслы, ровары, масажныя сталы ды іншыя прыстасаваньні ляцяць на Алімпіяду ў багажы спартоўцаў рэйсамі зь Менску, якія ажыцьцяўляюць аўстрыйская й польская авіякампаніі. І загадчыца аддзелу "Белспортзабесьпячэньня" Галіна Лапіцкая цяпер займаецца менавіта гэтай справай.

(Лапіцкая: ) "Усе авіякампаніі маюць правіла: габарыты багажу не павінны перавышаць 160 сантымэтраў у суме трох вымярэньняў. Прынамсі, адзін бок ня можа быць большым за 80 сантымэтраў. Таму ня ўсё патрапляе ў багажны адсек. Самае буйное, што мы запхалі ў самалёт, – гэта мачта для ветразёвага чоўна. Ні ў водзін багажны адсек яна ня лезла. Таму змушаны былі занесьці яе ў салён самалёту".
XS
SM
MD
LG