Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе ў Беларусі студэнцкая салідарнасьць?


Ягор Маёрчык, Менск Новая перадача з сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: Студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Кірыла Ільніцкі й старшыня вучнёўскага самакіраваньня зьліквідаванага Беларускага гуманітарнага ліцэю Франак Вячорка.

(Ягор Маёрчык: ) “Улады зачынілі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Выкладчыкі супакойваюць студэнтаў, што тыя не застануцца на вуліцы. Тым часам навучэнцы змагаюцца за права на адукацыю праз акцыі пратэсту. Адна зь іх адбылася 5-га жніўня.

Першым зьліквідавалі Беларускі гуманітарны ліцэй. Другім на чарзе паўстаў ЭГУ. І ліцэістам, і студэнтам сваю падтрымку выказвалі шмат хто: ад шэраговых грамадзян Беларусі да ўплывовых міжнародных арганізацый. Але ні ў першым, ні ў другім выпадку не было заўважна, так бы мовіць, прафэсійнай салідарнасьці. Студэнты іншых ВНУ Беларусі не зладзілі нават акцый падтрымкі.

Хто й чым можа дапамагчы Эўрапейскаму Гуманітарнаму ўнівэрсытэту? Ці гатовы навучэнцы й выкладчыкі ЭГУ прыняць гэтую дапамогу? Ці можна казаць, што ў Беларусі ёсьць студэнцкая салідарнасьць?

Пытаньне да Кірылы Ільніцкага: якія моладзевыя зьвязы альбо плыні выказалі гатовасьць дапамагчы студэнтам ЭГУ?

(Кірыла Ільніцкі: ) “Наколькі я чуў, гэта Задзіночаньне беларускіх студэнтаў і вучні Беларускага гуманітарнага ліцэю. Прапанова была зладзіць супольныя акцыі й папросту дапамагчы маральна, ідэямі – аказаць урэшце любую падтрымку”.

(Ягор Маёрчык: ) “Наступнае пытаньне да кіраўніка студэнцкага самакіраваньня Ліцэю Франака Вячоркі. Што канкрэтна вы прапанавалі студэнтам і выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту? І якая была рэакцыя на вашыя ідэі?”

(Франак Вячорка: ) “Беларускі ліцэй адразу вырашыў дапамагчы Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту й аб’яднацца ў супольнай барацьбе. Беларускія ліцэісты маюць досьвед барацьбы й ведаюць праблемы. Мы зь імі сутыкаліся летась. Адразу па закрыцьці ўнівэрсытэту мы сабраліся вучнёўскаю радай. Нашым рашэньнем было менавіта дапамагчы ў справе арганізацыі акцый. Але адзінаю нашаю ўмоваю было, каб плякаты, каб ідэя й матыў гэтых дэманстрацый і выступаў былі беларускія, і каб мова была беларуская. Ад самага пачатку мяне – як прадстаўніка ліцэю – запрасілі распавесьці пра ўсё гэта. Я выступіў. Найперш станоўча адгукнуліся бацькі й выкладчыкі. Але частка сяброў студэнцкага сэнату – гэта адзін з органаў кіраўніцтва Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту – адрэагавалі вельмі нэгатыўна. Яны назвалі мяне чалавекам, які зарабляе грошы на чужой бядзе. Гэта выклікала ў мяне вялікае зьдзіўленьне, бо я прапаноўваў толькі дапамогу”.

(Ягор Маёрчык: ) “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў таксама прапаноўвала сваю дапамогу ў справе арганізацыі акцый пратэсту. Але, як цьвердзіць старшыня арганізацыі Вольга Кузьміч, за такую гатовасьць лідэры студэнцкага самакіраваньня ЭГУ падзякавалі. Далей за словы справа, праўда, не пайшла. Зноў зьвяртаюся да Кірылы Ільніцкага, які прадстаўляе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

(Кірыла Ільніцкі: ) “Трэба разумець, чым ёсьць ЭГУ. Адной супольнай пазыцыі, якой мусілі б прытрымлівацца ўсе студэнты, няма. У ЭГУ часта здараецца так, што колькі ёсьць студэнтаў, столькі ёсьць і пазыцый. Магчыма, існавала пэўнае непаразуменьне – што да фармату акцый. І я мяркую, што гэта памылка – лічыць, быццам любая акцыя на абарону ўнівэрсытэту – непалітычная. Магчыма, нехта так і лічыць. Аднак яна ў кожным разе будзе палітычнай. Супраць чаго выступалі студэнты ўнівэрсытэту – гэта супраць акцый кшталту выйсьці на праспэкт Францішка Скарыны й 20 разоў прасьпяваць студэнцкі гімн. Студэнты ЭГУ шукаюць новых форм для акцый. Гэта ня значыць, што яны баяцца, ці што яны ня хочуць падстаўляцца. Гэта толькі значыць, што яны хочуць зрабіць нешта новае, пратэставаць нейкім іншым чынам, прыдумляць і ажыцьцяўляць акцыі, якіх раней не было”.

(Ягор Маёрчык: ) “Спадарства, шмат хто заўважыў пэўную тэндэнцыю. Ад пачатку грамадзтва “праглынула” ліквідацыю Беларускага гуманітарнага ліцэю. Была й хваля абурэньняў, былі й нейкія мерапрыемствы на падтрымку. Аднак не было акцый падтрымкі а ні з боку студэнтаў беларускіх ВНУ, а ні з боку навучэнцаў гімназій альбо каледжаў. Цяпер аналягічная сытуацыя складаецца з ЭГУ. Маё пытаньне да вас: чаму сёньня не назіраецца акцый падтрымкі ЭГУ з боку беларускіх студэнтаў? І наагул: ці можна казаць, што сярод беларускіх студэнтаў ёсьць такая зьява, як салідарнасьць?”

(Кірыла Ільніцкі: ) “Трэба высьветліць, што мы маем на ўвазе пад салідарнасьцю. Калі гэта пэўнага кшталту спачуваньні й гатовасьць да актыўных дзеяньняў, то гэткая салідарнасьць студэнтаў ЭГУ да лёсу Беларускага гуманітарнага ліцэю была. Іншая справа, што гэтая салідарнасьць не вылілася ў актыўныя акцыі. Калі зачыняўся Беларускі ліцэй, адзінымі са студэнтаў, хто мог выступіць з акцыямі салідарнасьці, якраз былі студэнты ЭГУ. Але пасьля кансультацыяў з кіраўніцтвам унівэрсытэту было вырашана не рабіць гэтага. Хоць і было прызнана, што гэткія акцыі патрэбны. Гэта была пэўнага кшталту цана за захаваньне свабоднай адукацыі на пэўны час. Зразумела, што кошт завысокі. І за што? За пасіўнасьць. Ня вельмі добрая, вядома, зьява. Але менавіта тую цану мы заплацілі за яшчэ адзін год навучаньня тысячы студэнтаў у вольным унівэрсытэце. Стратэгія дыстанцыяваньня ад палітыкі сябе не апраўдала. Студэнты й выкладчыкі ЭГУ цяпер жартуюць: “калі нехта ня ўдзельнічае ў палітыцы, то палітыка сама прыходзіць да яго”.

(Франак Вячорка: ) “Калі гаварыць пра салідарнасьць у Беларусі, я мяркую, што яна адсутнічае. Калі салідарнасьць і існуе, то, можа быць, толькі на роўні братоў па бядзе, ці асабіста некаторых студэнтаў некаторых навучальных установаў. У выпадках Ліцэю й ЭГУ – установы гэтыя не настолькі буйныя, каб па краіне пранесьліся дэманстрацыі”.

(Ягор Маёрчык: ) “Я зьвярнуўся да двух студэнтаў, якія жывуць па-за Менскам: з Гомлю й з Баранавіч. І задаў тыя самыя пытаньні – пра адсутнасьць акцый пратэсту й пра існаваньне студэнцкай салідарнасьці”.

(Уладзя: ) “У Беларусі існуе сапраўдная інфармацыйная блякада. Студэнты ў Менску, можа, і ведаюць пра падзеі вакол ЭГУ. А ў Гомелі я змушаны распавядаць пра тое, што адбываецца. Для іх гэта абсалютна новая інфармацыя. Другі момант: улады выбралі досыць удалы час. Цяпер вакацыі, і самая актыўная частка разьехалася хто куды. Ёсьць яшчэ банальны страх за сваю будучыню – ужо ў родных унівэрсытэтах. Мне падаецца, што сёньня казаць пра студэнцкую салідарнасьць не выпадае”.

(Тацяна: ) “Ува ўсіх у галовах такая думка: зачынілі – значыць ужо нічога нельга выправіць. Ніякія акцыі пратэсту нічога ня зьменяць. Я ня думаю, што хтосьці зь беларускіх студэнтаў цяпер гатовы рызыкаваць і пратэставаць дзеля захаваньня акадэмічных свабод, вядомых, дарэчы, толькі студэнтам ЭГУ. Беларускае студэнцтва нельга назваць зарганізаваным. Студэнтам не стае салідарнасьці. І наагул сытуацыя ў краіне не спрыяе разьвіцьцю салідарнасьці”.

(Ягор Маёрчык: ) “Спадарства, ува ўсе часы студэнцтва было найбольш прагрэсіўнай часткай насельніцтва – у любой краіне. Менавіта маладое пакаленьне актыўна ўдзельнічала ў зьменах улады ў розных краінах. 1989 год. Аксамітная рэвалюцыю ў Чэхіі. У тым ліку, і студэнцтва дапамагло скінуць камуністычны рэжым. Маладое пакаленьне грамадзян краін Балтыі актыўна спрычынілася да таго, каб іхныя рэспублікі атрымалі сувэрэнітэт і адасобіліся ад Савецкага Саюзу. Ну, і, бадай што, апошні прыклад: сёлетняя рэвалюцыя руж у Грузіі. У выніку – з пасадаю прэзыдэнта разьвітаўся Эдуард Шэварднадзэ. Што ж да Беларусі… Ня будзем браць у разьлік сябраў прапрэзыдэнцкага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Але, збольшага, маладыя беларусы не задаволены вынікамі 10-ці гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Пытаньне да абодвух гасьцей: чаму беларуская моладзь і, у паасобку, студэнцтва займае не зусім актыўную пазыцыю?”

(Кірыла Ільніцкі: ) “Можа, гэта выклікана тым, што ў Беларусі няма моцнай студэнцкай арганізацыі. Ня выключана, што ў Беларусі ёсьць рэсурс для таго, каб гэтыя акцыі пратэсту адбыліся. Але не стае арганізацыі, не стае нэўтральнае студэнцкае сілы. Шмат хто са студэнцтва не задаволены тымі партыямі, якія існуюць, і ня хочуць удзельнічаць у акцыях, зарганізаваных гэтымі партыямі. Каб існавала пэўнага кшталту студэнцкая арганізацыя, якая выказвала б менавіта пазыцыю студэнцтва, – мажліва, шмат студэнтаў далучылася б да акцый пратэсту”.

(Франак Вячорка: ) “Я згодзен з думкаю Кірылы. У нас папросту не стае агульнай студэнцкай арганізацыі. Дзяржаве гэта не патрэбна. Дзяржава спрабуе трымаць усіх студэнтаў паасобку. Яна трымае кожнага навучэнца ў страху згубіць месца ва ўнівэрсытэце. Бацькоў запалохваюць стратай працы, калі іхнае дзіцё будзе ўцягнута ў палітычныя працэсы. Па сутнасьці, уся гэтая схема будуецца на страху. І таму еднасьці сярод студэнцкага руху не назіраецца”.

(Ягор Маёрчык: ) “Беларускі гуманітарны ліцэй і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт знаходзяцца цяпер амаль у аднолькавых сытуацыях. Ці можна казаць пра супольныя дзеяньні ў справе абароны права на адукацыю?”

(Франак Вячорка: ) “У жніўні мы не выключаем мажлівасьці супольных акцый разам з унівэрсытэтам. А пасьля – магчыма, і супольнае арганізацыі навучаньня. Супольны працяг барацьбы, змаганьне за свае каштоўнасьці й за свае навучальныя ўстановы”.

(Кірыла Ільніцкі: ) “Я не магу сказаць за ўсіх. Але мая пазыцыя такая: няма ніякіх перашкод і прычын для таго, каб гэтае супрацоўніцтва адбылося”.

(Ягор Маёрчык: ) “Вы кажаце, што няма ніякіх пярэчаньняў, каб праводзіць супольныя акцыі, баронячы сваё права на адукацыю. Будзем лічыць гэта своеасаблівым стартам. Ён у будучыні можа прывесьці да той зьявы, якую назавуць студэнцкай салідарнасьцю”.
XS
SM
MD
LG