Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за прэсынгу міліцыі марш пратэсту “РЛС – пагроза для Беларусі” скончыўся датэрмінова


Севярын Квяткоўскі, Клецкі раён – Менск Удзельнікі палітычна-экалягічнага маршу – сябры Партыі БНФ – пасьпелі раздаць улёткі ў пятнаццаці вёсках Ляхавіцкага й Клецкага раёнаў. У Ганцавіцкім раёне міліцыя заблякавала рух пратэстоўцаў.

Акцыя, скіраваная супраць знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай радыёлякацыйнай станцыі “Волга”, скончылася датэрмінова.

Расейскі аб’ект “Волга” месьціцца на тэрыторыі Клецкага раёну, але блізу райцэнтру Ганцавічы й Ляхавіцкага раёну. Падобную ж акцыю сябры Партыі БНФ ладзілі летась у ваколіцах расейскай вайсковай станцыі сувязі пад Вілейкай. Тады пратэстоўцы здолелі прайсьці больш за сто кілямэтраў без усялякай перашкоды з боку мясцовай улады. Сёлетнюю выправу адзін з арганізатараў Павал Батуеў параўноўвае з дэтэктывам.

(Батуеў: ) “За табой увесь час міліцыянты езьдзяць. У кожным раёне цябе знаходзяць, і прыяжджаюць правяраць”.

Нагадаем хаду падзеяў. 2 жніўня – старт у Ляхавіцкім раёне, і працяг ў суседнім Клецкім, на тэрыторыі якога месьціцца РЛС “Волга”. Увечары 3 жніўня клецкая міліцыя затрымлівае ўдзельнікаў, і цягам усяе начы пільнуе іхны лягер у лесе. 4 жніўня ў Клецку арганізатару акцыі Паўлу Батуеву выпісваюць позву ў суд на 9 жніўня, а непаўнагадовыя вяртаюцца дадому.

Увечары таго ж дня – 4 жніўня – расейскія вайскоўцы блякуюць мікрааўтобус, на якім маладыя людзі перавозілі рэчы да новай начной стаянкі. Расейцы выклікаюць клецкую міліцыю. Паводле суарганізатара выправы Юрася Зянковіча, без умяшаньня расейцаў акцыя магла б адбывацца больш спакойна.

(Зянковіч: ) “Паводле неафіцыйнай інфармацыі, я ведаю, што кіраўніцтва расейскай вайсковай часткі паведаміла ў Маскву, Масква паскардзілася ў Менск, а ўжо зь Менску загадалі мясцовым уладам распачаць нейкія захады да нас”.

Пасьля разьбіральніцтва ў Клецкім райаддзеле міліцыі позна ўвечары пратэстоўцаў адпускаюць, бо ў іхных дзеяньнях не знаходзяць правапарушэньня: мікрааўтобус адно прыпыніўся ў некалькіх сотнях мэтраў ад РЛС. Камэнтар начальніка клецкай міліцыі.

(Начальнік: ) “Мы мірна й палюбоўна разыходзімся. У нас хапае пытаньняў па зборы ўраджаю”.

Уначы 5 жніўня ўдзельнікі разгортваюць лягер на тэрыторыі Ганцавіцкага раёну – між райцэнтрам і РЛС “Волга”. Але ранкам 5 жніўня новы канфлікт правакуе ганцавіцкая міліцыя. Намесьнік кіраўніка міліцыі й ягоныя падначаленыя спрабуюць абшукаць мікрааўтобус, дзе ляжаць улёткі.

Пасьля адмовы да ўдзельнікаў акцыі “РЛС – пагроза для Беларусі” прыстаўляюць міліцэйскі патруль – акцыя заблякавана. Але пад наглядам міліцыі пратэстоўцы кіруюцца да мяжы зь Ляхавіцкім раёнам. Там па вёсках раздаюць улёткі, і акцыю згортваюць: на дзень раней. Павал Батуеў ацэньвае выправу як пасьпяховую.

(Батуеў: ) “Шмат хто толькі з нашых словаў даведаўся, што гэтая станцыя расейская, і лягічна ў іх узьнікала пытаньне: “А што гэтая станцыя робіць на нашай зямлі”.

На наступны год заплянавана новая палітычна-экалягічная акцыя вакол РЛС “Волга”. Удзельнікі маюць намер патрапіць у бальшыню вёсак, якія месьцяцца вакол расейскага вайсковага аб’екту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG