Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пройдзе чарговая акцыя салідарнасьці са студэнтамі зачыненага ЭГУ


Галіна Абакунчык, Менск Акцыя пачалася ўжо ўчора ўвечары: некалькі дзесяткаў студэнтаў ЭГУ прыйшлі да будынку ўнівэрсытэта, каб сымбалічна зь ім разьвітацца – правесьці там усю ноч. Але да іх пад’яжджалі супрацоўнікі міліцыі й людзі ў цывільным і казалі, што тут нельга заставацца, што яны будуць затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэньні. Студэнты разышліся, і ўсё ж некалькі чалавек правялі там усю ноч.

Адначасна лідэры унівэрсытэцкай суполкі студэнцкага самакіраваньня кажуць, што іхнія акцыі – не палітычныя, і супраць закрыцьця ВНУ яны будуць змагацца выключна мастацкімі і культурніцкімі сродкамі. Як вядома, папярэднім разам гэта былі вулічныя чытаньні, а сёньня плянуецца вэляпрабег ад міністэрства адукацыі да ЭГУ, музыка і сьпевы.

Сёньняшняя акцыя, натуральна, ніякага ўплыву на далейшы лёс унівэрсытэту мець ня будзе, бо фактычна ён зачынены. Зь якой мэтай праводзіцца акцыя, я папрасіла патлумачыць лідэрку студэнцкага самакіраваньня Машу Несьцераву:

(Несьцерава: ) “Мэта гэтай акцыі – паказаць, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і ягоная ідэя працягваюць жыць у нас, і што свабоду думкі нельга зачыніць, забраць і ануляваць, як ільга ануляваць, напрыклад, ліцэнзію й адабраць будынак. Гэта – акцыя салідарнасьці”.

Як вядома, навучэнцы Беларускага ліцэю, зачыненага на загад міністэрства адукацыі яшчэ летась, прапаноўвалі правесьці супольную акцыю пратэсту, але студэнты ЭГУ не прынялі гэтай прапановы з тае прычыны, што пратэсты ліцэістаў маюць палітычную матываванасьць.

Ці будуць ліцэісты браць удзел у сёньняшняй акцыі? Перадусім, студэнты разьлічваюць на ўдзел бацькоў і выкладчыкаў ЭГУ, якія ў адмысловай заяве выказаліся ў падтрымку акцыі, і гэтаксама ж разьлічваюць на ўдзел іншых ВНУ, зачыненых уладамі, і ўсёй моладзі, каму блізкая ідэя правоў і свабодаў чалавека. Што да ліцэістаў, дык пра іхні ўдзел паведамляе адзін з актывістаў руху Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “Яны яшчэ не адразу згодныя былі зь ідэяй беларускасьці. Іх ня вельмі задавальняла тое, што мы пад беларускімі роўнымі лёзунгамі. Але мы, Ліцэйская рада, пастанавілі прымаць удзел у гэтай акцыі 5-га. Мы прыйдзем зь ліцэйскімі плякатамі. Запрасілі таксама іншыя моладзевыя ініцыятывы, якія падтрымоўвалі калісьці ліцэй, каб усе далучыліся, бо гэта справа ня толькі ЭГУ, гэта справа ўсёй беларускай адукацыі”.

Паводле спадара Вячоркі, па выніках сёньняшняй акцыі таксама стане вядома, ці прынялі студэнты ЭГУ прапанову навучэнцаў Беларускага ліцэю прыняць удзел у шэрагу акцыяў пратэсту пад лёзунгам “Мы хочам вучыцца, мы хочам вучыцца па-беларуску і па-эўрапейску”, якія ліцэісты заплянавалі правесьці цягам жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG