Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовым жыхарам РЛС “Волга” не замінае?


Севярын Квяткоўскі, Менск Увечары 4 жніўня ўдзельнікі акцыі партыі БНФ “РЛС – пагроза для Беларусі” былі ізноў затрыманыя. Гэтым разам – расейскімі вайскоўцамі на чале з палкоўнікам. Распачатая 2 жніўня акцыя скіраваная супраць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай радыёлякацыйнай станцыі “Волга”. Ужо празь дзень пасьля пачатку акцыі, 3 жніўня ўдзельнікі былі затрыманыя міліцыяй за несанкцыяванае шэсьце па навакольных вёсках, дзе пратэстоўцы раздавалі ўлёткі мясцовым жыхарам. І вось ізноў – чарговы канфлікт з уладамі. Гэтым разам – праз расейскіх вайскоўцаў.

Нагадаю, што ўчора арганізатару акцыі Паўлу Батуеву ўручылі павестку ў Клецкі суд на 9 жніўня. Таксама міліцыя запатрабавала, каб непаўнагадовыя ўдзельнікі вярнуліся дадому. Умова была выкананая. Засталося 12 дарослых, якія увечары 4 жніўня пакідалі тэрыторыю Клецкага раёну ў кірунку Ганцавічаў. Варта патлумачыць, што РЛС “Волга” месьціцца не на тэрыторыі Клецкага раёну Менскай вобласьці, але блізу райцэнтру Ганцавічы, які належыць суседняй Берасьцейскай вобласьці. Паводле ўдзельніка акцыі Юрася Зянковіча, затрыманьне адбылося, калі група спынілася ў некалькіх сотнях мэтраў ад расейскай РЛС. Паводле сьведчаньня іншага ўдзельніка, Аляксея Сюдака, затрыманьню папярэднічала размова з расейскім палкоўнікам, які абагнаў на машыне ўдзельнікаў акцыі. Урэшце, групу абкружыла каля двух дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў, якія выклікалі клецкую міліцыю.

А як мясцовыя насельнікі ставяцца да акцыі, і да РЛС? Уласна да ўдзельнікаў маршу “РЛС – пагроза для Беларусі” – досыць нэўтральна, часам прыязна. А вось расейскую станцыю многія ўспрымаюць больш чым прыязна.

(Спадар: ) “Думаю, з Расеяй мы нармальна жывем. Так, што хай нас Расея лепш абараняе, чым NАТО будзе абараняць”.

Справа ў тым, што РЛС “Волга” дае зарабіць паўтысячы мясцовых насельнікаў. Прычым даляраў 150 – 300, што для беларускай вёскі вялікая сума.
XS
SM
MD
LG