Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія спартоўцы допінг-кантролю не баяцца


Міхал Стэльмак, Менск Арганізатары цяперашняй Алімпіяды папярэджваюць, што допінг-кантроль у Афінах будзе больш жорсткі, чым на папярэдніх Гульнях. Як рыхтуюцца да яго беларускія алімпійцы?

Цягам апошніх гадоў беларускія спартоўцы неаднойчы былі ўдзельнікамі гучных допінгавых скандалаў. Такія вядомыя спартоўцы, як лёгкаатлетка Карольчык, цяжкаатлет Аляшчук, плыўчыха Герасіменя па сёньняшні дзень адлучаныя ад спорту за ўжываньне забароненых фармакалягічных рэчываў. Каб не дыскваліфікацыя, то, няма сумневу, яны трапілі б у лік удзельнікаў цяперашніх Гульняў. Больш таго, лічаць адмыслоўцы, усе яны былі рэальнымі прэтэндэнтамі на мэдалі Афінаў.

У гэтай сувязі, як мне паведамілі ў Міністэрстве спорту, пытаньню допінг-кантролю ў беларускай зборнай нададзена першаступенная ўвага. Нагадаю, што яго ажыцьцяўляе Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва, больш вядомае спартовай грамадзкасьці як ВАДА. Гэтае агенцтва склала, так бы мовіць, адмысловы “чорны” сьпіс, які ўключае каля 10 тысяч фармакалягічных сродкаў. Сярод іх як даўно вядомыя стымулятары – скажам, амфэтамін, стрыхнін, какаін – так і малавядомыя.

Адмыслова для беларускіх алімпійцаў дзяржава закупіла мэдпрэпараты і харчовыя дабаўкі, якія не ўтрымліваюць рэчываў з таго даўжэзнага сьпісу. Да мэдыкаў, трэнэраў і спартоўцаў даведзена інфармацыя: усе, хто заваююць у Грэцыі ўзнагароды, як мінімум аднойчы пройдуць праверку на допінг. Апроч таго, ВАДА зьбіраецца рэзка павялічыць праверкі і астатніх удзельнікаў Гульняў. У прыватнасьці, вось, што паведаміў мне дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту фізкультуры і спорту Барыс Царыкаў, які ўваходзіць у лік асобаў, прызначаных міністэрствам весьці ў нацыянальнай камандзе барацьбу з допінгам:

(Царыкаў: ) “Мы зрабілі ўсё для таго, каб спартоўцы-удзельнікі Алімпійскіх гульняў прайшлі антыдопінгавы тэст, які здадзены ВАДА. Гэта – першае. Другое. Спартоўцы кантраляваліся на некаторыя аспэкты допінгавых апаратаў, зьвязаных з псыхатропнымі рэчывамі і гэтак далей. Усё гэта мы таксама прайшлі. Уся фармакалёгія прайшла сэртыфікацыю міністэрства аховы здароўя і нашага навукова-дасьледчага інстытуту, адпаведна загаду міністра Сівакова. Я так думаю: ніхто не гарантаваны, але хацелася б спадзявацца, што допінгавага скандалу з нашымі спартоўцамі ня будзе”.

Як вынікае з тлумачэньня, у спадара Царыкава няма 100-працэнтовай упэўненасьці ў тым, што допінгавыя скандалы абыдуць беларускіх алімпійцаў бокам. А якія меркаваньні на гэты конт у спартоўцаў?

Паводле майго апытаньня, ужываць допінгавыя сродкі ніхто зь беларускіх спартоўцаў не зьбіраецца. Яны, вядома, разьлічваюць пазьбегчы паўтору незайдросных лёсаў ня толькі сваіх суайчыньнікаў, але й спартоўцаў іншых краінаў, якіх злавілі “за руку” антыдопінгавыя кантралёры. А такіх, як вядома ў цэлым у сьвеце – даволі шмат: у тым ліку, у Расеі і ЗША. Мне падалося, што беларуская зборная найперш спадзяецца на дасьведчанасьць сваіх мэдыкаў. Вось адказ баксёра Аляксандра Апанасёнка на пытаньне, ці палохае яго верагодны допінг-кантроль у Афінах:

(Апанасёнак: ) “Чаго яго баяцца? Баяцца яго не трэба. Аналіз мачы бярэцца на забароненыя прэпараты, якія ўсе выпісаны і ёсьць у нашага лекара. Яна ведае, што патрэбна даваць, а што не. Таму, каб пазьбегчы ўсялякіх канфліктаў, мы наогул іх не ўжываем перад Алімпійскімі гульнямі. У гэты сьпіс уваходзяць нават звычайныя кроплі ў нос, абязбольваючыя ўколы”.

(Карэспандэнт: ) “У гэтай сувязі ты цалкам выключаеш допінгавыя праблемы?”

(Апанасёнак: ) “Можна аступіцца, як кажуць, на голым месцы. Напрыклад, пакінуў без нагляду свой аналіз – туды што-небудзь падсыпалі. Альбо, напрыклад, пайшоў есьці ў сталоўку ў той жа алімпійскай вёсцы і без нагляду засталася ежа – і туды можна накрышыць таблетку. Як кажуць, гэта можа быць толькі наўмысна”.
XS
SM
MD
LG