Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніва”: Заява ў Эўрапарлямэнце й пікет дэпутатаў Сэйму каля беларускай амбасады ў Варшаве – гэта недастаткова


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

Першая паласа сёньняшняй “Нівы” цалкам прысьвечаная “Беларускаму трыялёгу” – штогадовай навуковай імпрэзе беларусістаў з усяго сьвету, якую ладзіць у сябе ў Крынках пісьменьнік Сакрат Яновіч, і якая скончылася ў мінулыя выходныя.

У артыкуле “Шматдумнасьць аб Беларусі”, аўтарка, беларуская паэтка Міра Лукша адзначае, што сам Яновіч не чакаў, што ягоныя “Трыялёгі” атрымаюць такую папулярнасьць – у гэтыя дні кажуць, што сталіца Падляшша пераносіцца ў Крынкі. Сёлета ў гэтае невялікае мястэчка прыехалі 15 навукоўцаў з Польшчы, Вугоршчыны, Швэцыі, Ангельшчыны і, натуральна, зь Беларусі.

“Ніва” піша, што асаблівая ўвага сёлета была нададзеная гісторыі фармаваньня беларускага народу, але й цяперашняй сытуацыі ў Беларусі – прыкладам, сучасным беларускім падручнікам гісторыі.

Варта адзначыць, што, не ў апошнюю чаргу дзякуючы высілкам Сакрата Яновіча беларуская літаратура становіцца ўсё больш прысутнай у Эўропе. Прыкладам, як адзначыў Лаёш Палфолві, перакладчык з Вугоршчыны, у вугорскай энцыкляпэдыі ёсьць ажно 219 беларускіх аўтараў.

Цяпер да іншага артыкулу. Журналіст “Нівы” Мацей Халадоўскі аналізуе зацікаўленьне сытуацыяй у Беларусі, якое выказваюць польскія палітыкі і мэдыі. На ягоную думку, тое, што першая пісьмовая заява, якая ўвогуле была зробленая ў Эўрапарлямэнце новага скліканьня польскімі дэпутатамі, тычылася Беларусі, а таксама пікет дэпутатаў Сэйму каля беларускай амбасады ў Варшаве – гэта недастаткова.

“На маю думку, на пачатак варта стварыць у Эўрапарлямэнце лёбі для Беларусі. Мабыць, не адмовіліся б прылучыцца да яго ня толькі палякі, незалежна ад палітычнай афарбоўкі, але й блізкія да Беларусі дэпутаты ад прыбалтыйскіх краінаў, ды тых заходнеэўрапейскіх, чые прадстаўнікі наведваюць краіну Аляксандра Лукашэнкі са значна меншай ахвотай, чым афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы”, напісаў у сёньняшняй “Ніве” Мацей Халадоўскі.
XS
SM
MD
LG