Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньню Катыньскай трагедыі перашкаджаюць беларускія ўлады?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча патрабуе ад Расеі скончыць сьледзтва ў справе Катыньскага злачынства – расстрэлу супрацоўнікамі НКВД палякаў, што трапілі ў савецкі палон у 1939 годзе. Цікава, што як паводле палякаў, так і паводле расейцаў, адна з прычынаў, якая перашкаджае высьветліць праўду пра Катынь да канца, гэта нежаданьне Беларусі перадаць сьледзтву шэраг архіўных дакумэнтаў.

Сьледзтва ў справе масавых забойстваў у Катыні цягнецца ў Расеі ўжо 12 гадоў. Паводле польскага боку, гэтага часу цалкам дастаткова, каб высьветліць усе акалічнасьці ды вызначыць непасрэдных спраўцаў злачынства.

(Керэс: ) “Гэтае злачынства ня можа больш атручваць сучасныя польска-расейскія дачыненьні. Але гэтая атрута будзе ўвесь час зьяўляцца, калі мы не адкрыем усю праўду, ці прынамсі ня будзем намагацца гэта зрабіць”, – заявіў кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Леон Керэс, які накіраваўся ўчора ў Маскву, каб азнаёміцца з вынікамі расейскага сьледзтва, і калі яно не прынесла чаканых вынікаў, распачаць уласнае сьледзтва ў Польшчы.

Але, як запэўніў спадара Керэса галоўны вайсковы пракурор Расеі генэрал Аляксандар Савянкоў, расейская пракуратура зрабіла ўсе неабходныя захады, якія маглі быць выкананыя на тэрыторыі Расеі і цяпер чакае дакумэнтаў ад Укріаны й Беларусі.

Менавіта ў заходніх рэгіёнах гэтых дзьвюх краінаў былі расстраляныя каля траціны палякаў, з агульнага ліку загінулых у выніку Катыньскай трагедыі.

Анджэй Тухольскі з Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы ў часе сьвяткаваньня Сусьветнага дня памяці ахвяраў Катыні заявіў, што імёны расстраляных у Беларусі дагэтуль невядомыя, бо Менск, у адрозьненьні ад Кіеву, адмаўляецца перадаць Варшаве сьпіс ахвяраў.

(Тухольскі: ) “Украінскі бок перадаў нам сьпіс польскіх афіцэраў, расстраляных на тэрыторыі Ўкраіны. Што да тых, хто быў забіты ў Беларусі, а гэта прыкладна 3800 чалавек, у тым ліку жанчыны, дык ад Менску мы дагэтуль не атрымалі сьпіс гэтых людзей. У Менску кажуць, што гэты сьпіс мае Масква, а ў Маскве, што ён знаходзіцца ў Менску. Гэтак працягваецца ўжо шмат гадоў. У прынцыпе, адсутнасьць менавіта гэтага дакумэнту не дазваляе нам скласьці нарэшце поўны сьпіс ахвяраў гэтых злачынстваў, якія агульна завуцца Катыньскай трагедыяй”.

***

Рашэньне палітбюро камуністычнай партыі, якое аднагалосна ўхвалілі ягоныя сябры – Сталін, Варашылаў, Молатаў, Мікаян, Калінін, Кагановіч і Берыя – сталася пачаткам катыньскай трагедыі. Войскі НКВД расстралялі 25 700 польскіх афіцэраў, памежнікаў і паліцыянтаў, якія трапілі ў савецкі палон у выніку падзелу ў 1939 годзе тэрыторыі тагачаснай Польшчы паміж Савецкім Саюзам і фашыстоўскай Нямеччынай.

Інфармацыю пра масавыя пахаваньні ў Катыні распаўсюдзілі немцы ў 1943 годзе. Праз два дні савецкае радыё паінфармавала, што гэта зрабілі нямецкія жаўнеры падчас баёў за Смаленск.

Праўда пра злачынствы сталінскага рэжыму ў Катыні, а таксама ў Заходняй Беларусі і Ўкраіне хавалася больш за паўстагодзьдзя. Толькі ў красавіку 1990 году савецкі ўрад афіцыйна прызнаў, што польскіх палонных расстралялі часткі НКВД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG