Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці Завадзкага патрабуе, каб на допыт выклікалі Лукашэнку


Маці зьніклага апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага Вольга Завадзкая накіравала ў пракуратуру заяву з патрабаваньнем аднавіць справу пра зьнікненьне яе сына ў сувязі са зьяўленьнем новых абставінаў і дапытаць у якасьці сьведкі Аляксандра Лукашэнку. Падчас прэсавай канфэрэнцыі 20 ліпеня кіраўнік дзяржавы распавёў пра сустрэчу з нейкай жанчынай, якой ён паказаў нейкія дакумэнты. “Калі я іх абнародую, то справа Завадзкага ператворыцца ў “антысправу”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка.

На падставе гэтай заявы Вольга Завадзкая робіць выснову, што органы, якія праводзілі сьледзтва, не зрабілі сваю справу ў поўным аб’ёме, не былі дапытаныя ўсе сьведкі. Паводле Завадзкай Лукашэнка зьяўляецца адным з такіх сьведкаў, прыгаданыя ім матэрыялы не былі абнародаваныя і не вывучаліся ані сьледзтвам, ані судом.

Вольга Завадзкая падкрэсьлівае, што ёй невядома, зь якой жанчынай размаўляў Лукашэнка наконт справы яе сына. Ані сама Вольга Завадзкая, ані, як напісана ў заяве, удава Дзьмітрыя Сьвятлана Завадзкая да Лукашэнкі па гэтым пытаньні не зьвярталіся.
XS
SM
MD
LG